Делать добро не напоказ. В костёле Святого Лаврена прошёл храмовый праздник

Общество

Штогод 10 жніўня ўшацкі касцёл апранаецца ў элегантны ўбор кветкавых кампазіцый, а яго антураж дапаўняюць сталы з румянымі пірагамі і слоікамі залацістага мёду. Удвая больш у гэты дзень і людзей на імшы – у госці да ўшацкіх парафіян на іх храмавае свята прыязджаюць святары і вернікі з іншых прыходаў. Вось і сёлета ў нашым касцёле сабралася больш паўсотні чалавек, каб уславіць святога Лаўрэна – апекуна пчаляроў, пекараў, пажарных, якога ўшачане лічаць сваім нябесным заступнікам.

Пра асобу святога і веліч яго ўчынкаў, пра сапраўдныя каштоўнасці жыцця, пра тое, як важна рабіць дабро не напаказ, дараваць даўгі і крыўды, працягваць руку дапамогі жабракам (святы Лаўрэн таксама быў і іх заступнікам) – распавёў у сваёй пропаведзі ксёндз Марат Казлоўскі, які раней некалькі год узначальваў ушацкую парафію, а апошнім часам служыць у знакамітым мосарскім касцёле.

Калі ж закончылася імша, ксяндза цесна абступілі ўшацкія вернікі. “Памятаеце, як калісьці ішлі тут у шэсці пад адкрытым небам? Колькі год мінула і як добра, што зараз мы маем такі храм! А вось гэта – Марк, Вы яго хрысцілі… Бачыце, які хлопец вырас!” – казала Валянціна Пятроўна Відзевіч, прадстаўляючы святару свайго 19-гадовага ўнука, што прыехаў на лета з Чэхіі. “Вельмі рада, што змагла пабываць сёння ў касцёле! Узрост і хваробы ўжо не дазваляюць самастойна ездзіць ва Ушачы, таму наш ксёндз Віталь наведвае мяне на доме, за што яму вялікі дзякуй!” – расказвала 89-гадовая парафіянка Марыя Паўлаўна з Двор Пліна. У летні час далучаецца да ўшацкіх прыхаджан жыхарка сталіцы Алена, якая мае дачу ў нашых мясцінах. “У нас ва Уруччы таксама зараз ствараецца парафія, што мяне вельмі радуе!” – адзначыла жанчына. І, канечне, як і ўсе прысутныя, з задавальненнем паспытала вельмі смачную ўшацкую выпечку і свежы мёд, якія па традыцыі асвяціў адзін з гасцей свята – ксёндз Аляксандр з Бешанковіч.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *