Зусім хутка верасень зацягне нас у кругаварот чарговага паходу за ведамі. Ну а пакуль галоўныя фігуранты вучэбнай справы адзначаюць галачкамі ў спісах прачытаныя за лета кнігі і набытыя да школы аксесуары, будзе якраз дарэчы ўзгадаць перыпетыі года мінулага і расказаць пра яго трыумфатараў. Да апошніх па праве можна аднесці настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Ушацкай школы Ірыну Уладзіміраўну Леснічэнку. За яе плячыма ўжо тры дзясяткі вучэбных сезонаў і сотні вучняў, якім з рознай ступенню паспяховасці яна намагалася прывіць прыхільнасць да роднага слова. Сёлетняй жа вясной кар’ера настаўніцы дасягнула, мабыць, вышэйшай кропкі – яе вучаніца Злата Клачок атрымала дыплом ІІІ ступені рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.
З другой спробы
Ірына Леснічэнка магла б зараз быць нашай калегай, бо ў сярэдзіне 80-х, скончыўшы школу з залатым медалём, паступіла на журфак БДУ. Гэты факультэт у той адрэзак часу ва Ушачах быў, як зараз кажуць, у трэндзе: штогод хтосьці з выпускнікоў раёна папаўняў журналісцкую альма-матар. Атрымаўшы дыплом з вольным размеркаваннем, Ірына занялася пошукам працоўнага месца. З уласцівым ёй гумарам прыгадвае візіт на цэнтральнае тэлебачанне, куды меркавала ўладкавацца, і знаёмства з рэдактарам “Панарамы”:
– У кабінеце мяне сустрэла, скажам так, вельмі эмансіпіраваная жанчына без макіяжу і прычоскі, у мешкаватых джынсах, з цыгарэтай у руцэ. Злавіўшы мой здзіўлены позірк, яна нечакана запыталася, ці хачу я быць падобнай да яе. “Не!”, – шчыра адказала я. Яна ж папярэдзіла, што журналістыка – гэта справа для апантаных, і калі аддаешся ёй па-сапраўднаму – часу на сябе, сям’ю, сяброў проста не застаецца… Напэўна, я не была гатова да такой ахвяры, ды і на малой радзіме чакаў муж Уладзімір Пузатка, разам з якім, прынамсі, мы і зараз дружна ідзём па жыцці, выхавалі сына Уладзіслава, які сёлета скончыў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь.
Тады ж, у пачатку 90-х, на Ушаччыне журналісцкіх вакансій не аказалася, таму Ірына паспрабавала сябе ў сумежнай настаўніцкай справе. Атрымалася няблага. А вось выбар менавіта беларускай мовы і літаратуры быў нечаканы нават для яе самой, бо не надта любіла іх у школе. Але прыслухалася да парады тагачаснага дырэктара Ушацкай СШ Міхаіла Паўлавіча Сісковіча, які шчыра лічыў, што пазіцыі гэтых прадметаў у школьным раскладзе будуць з цягам часу толькі ўмацоўвацца. Магчыма, яго меркаванні апраўдаліся не цалкам, але ж Ірына Уладзіміраўна рада, што калісьці зрабіла правільны выбар.
Вачыма вучняў
У выйграшы ж ад гэтага засталіся школьнікі. Рыхтуючы матэрыял, пагутарыла з многімі хлопцамі і дзяўчатамі, якіх вучыла Ірына Уладзіміраўна. І літаральна кожны адгукаўся пра настаўніцу з захапленнем, ахвотна называў адметнасці яе ўрокаў і ўпадабаныя рысы характару.
“Яна надзвычай добразычлівая, умее зарадзіць пазітывам. Сказала мне сёлета перад экзаменам, што ўсё будзе добра, я ёй паверыла і перастала хвалявацца!” – расказвае Аліна Герцык.
“Гэтая настаўніца ўмее так патлумачыць любую тэму, што яе засвоіць і выдатнік, і больш слабы вучань”, – адзначае Улад Казьянін.
“Ірына Уладзіміраўна разумее дзяцей. Яна і пажартуе, і па душах пагаворыць, і жыццёвую параду дасць, – распавядае Злата Клачок. – Для мяне яна ўвогуле нібы другая мама, якая клапоціцца і перажывае. Калі рыхтаваліся да алімпіяды, я займалася ў школьнай бібліятэцы, а настаўніца на перапынках і “фортках” прыбягала да мяне і падкормлівала рознымі прысмакамі. Калі ж летась трапіла на праект “Я ведаю” і трэба было ўзяць з сабой любімага педагога – нават не раздумвала, каго запрашу на здымкі ў Мінск!”
“Нам вельмі пашанцавала з класным кіраўніком! – лічыць Ангеліна Марачкіна. – Разам з Ірынай Уладзіміраўнай мы ладзілі цікавыя вандроўкі, пабывалі ў музеях, тэатрах і за гады вучобы сталі сапраўднай сям’ёй”.
“Ірына Уладзіміраўна выкладала ў нас у 5-6 класах, і я добра памятаю яе першы ўрок, – расказвае Наталля Ладзік. – Яна дастала тэнісны мячык і папрасіла ўявіць, што гэта мікрафон. Кожны павінен быў даць маленькае інтэрв’ю пра свае погляды і захапленні. Расказала пра сябе і настаўніца. Гэты ўрок неяк адразу зблізіў нас, заклаў падмурак сяброўскіх зносін…”
Магчыма, якраз у той час недзе ў глыбіні душы пяцікласніцы Наташы зарадзілася жаданне таксама выкладаць родную мову. Нядаўна ж дзяўчына зрабіла крок для яго ажыццяўлення, паступіўшы ў Мінскі педуніверсітэт.
Чытаць па-беларуску
Хоць родная мова лічыцца прыкметай дзяржаўнасці, па розных прычынах яе пазіцыі і запатрабаванасць у беларусаў аказаліся страчанымі. І менавіта на школьных уроках маленькія грамадзяне краіны вучацца карыстацца і ганарыцца родным словам. Ці адкрыюцца дзецям таямніцы гэтага скарбу, ці замацуецца ў іх душах жаданне несці свету сваю нацыянальную адметнасць – у многім залежыць ад Ірыны Уладзіміраўны і яе калег. Тут будзе дарэчы прыгадаць адну з іх – Веру Васільеўну Спірчонак, чалавека, які ў свой час стаў для гераіні аповеду прыкладам у прафесіі і сяброўкай у жыцці. Некалькі год таму Ірына шчыра радавалася прызавому поспеху на рэспубліканскай алімпіядзе вучаніцы Веры Васільеўны Вікторыі Качко, сёлета ж настаўніцы памяняліся ролямі. За кароткім момантам алімпіяднага трыумфу – гады падрыхтоўкі, горы прачытанай літаратуры і безліч практыкаванняў. Не абысціся і без шанцавання: у адным з сёлетніх лінгвістычных заданняў, напрыклад, трэба было запісаць беларускія словы на “тарашкевіцы” – а якраз напярэдадні Злата Клачок прачытала перададзеную настаўніцай кнігу, дзе быў адпаведны раздзел. Заданне, на якім “засыпаліся” многія канкурэнты, яна выканала бездакорна! Дзяўчына атрымала дыплом і прынесла Ушацкай школе сертыфікат у 2 тысячы рублёў.
– Не сакрэт, што вывучэнне нашага прадмета некаторым вучням даецца складана, – зазначае І.У.Леснічэнка. – Хоць першае знаёмства з беларускай мовай адбываецца ў пачатковай школе, менавіта ў 5-6 класах закладаецца асноўная база ведаў. І ў гэты перыяд неабходна дзейнічаць цярпліва і асцярожна, каб не адштурхнуць дзіця. Лепшы метад пасябраваць з беларускай мовай – чытаць захапляльныя творы, прычым, не толькі на ўроках, а і дома, пажадана, пры ўдзеле бацькоў, якія б тлумачылі незразумелыя словы. Для такой мэты магу параіць, напрыклад, творы Андрэя Федарэнкі “Шчарбаты талер”, Уладзіміра Караткевіча “Кацёл з каменьчыкамі”.
Пад уплывам парад Ірыны Уладзіміраўны вырашыла правесці эксперымент з уласнай дачкой. “Цэлых 200 старонак?” – жахнулася яна, разгарнуўшы раман А.Федарэнкі. Але сюжэт пра школьнікаў, якія шукаюць старажытны скарб, захапіў – кніга была прачытана на адным дыханні.
Медыкі, настаўнікі, грамадзяне
Так, ад простых дзіцячых твораў да шэдэўраў беларускай класікі, ад першых правілаў, да складаных дыктовак і алімпіядных заданняў рухаюцца вучні Ірыны Уладзіміраўны. І пэўнай адзнакай яе работы можна лічыць той факт, што палова сёлетніх выпускнікоў 11 “А”, класным кіраўніком якога яна з’яўлялася, зрабілі выбар на карысць экзамену па беларускай мове, а 6 чалавек атрымалі на ім ацэнкі “9” і “10”. Ахвотна наведваюць старшакласнікі і платны факультатыў, дзе настаўніца рыхтуе іх да тэсціравання. Вядома ж, справай жыцця беларуская мова стане толькі для лічаных выпускнікоў, але відавочна, што ўрокі педагога паўплываюць на фарміраванне правільнага светапогляду будучых праграмістаў, эканамістаў, урачоў. Да слова, спецыялістаў апошняй прафесіі сярод былых вучняў І.У.Леснічэнкі асабліва шмат. “У нашай райбальніцы ў мяне блат ледзь не ў кожным кабінеце!” – жартуе настаўніца і пералічвае “сваіх” медыкаў: Вольга Шлёнская, Насця Севярын, Улад Якубёнак, Саша Карпушэўская, Оля Захарэнка – усе яны адбыліся як асобы, а іх праца прыносіць карысць землякам. Для настаўніка ж гэта найлепшая ўзнагарода – бачыць, што парасткі разумнага, добрага, вечнага далі прыгожыя моцныя ўсходы.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымку: І.Леснічэнка з сёлетнімі выпускніцамі А.Сабінай, Ю.Мамонавай, А.Марачкінай, В.Полазавай.
Ирина Владимировна — это лучший мой учитель! Она была в меру строгая и тем не менее могла заинтересовать учеников своими занятиями. Я закончил школу 13 лет назад, уехал в другой город и когда с друзьями заходит речь о бел. языке я с удивлением узнаю, что они понимают речь через слово. Спасибо большое, Ирина Владимировна, за те знания, которые Вы мне дали!