С красной майкой лидера! Станислав Малахов первым в районе намолотил тысячу тонн зерна

Образование и молодежь Сельское хозяйство

Адкрытай усмешкай сустракаў на ўскрайку поля старшыню райвыканкама У.Г.Аўдошку і кіраўніка райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу П.А. Алексяёнка Станіслаў Малахаў. Ведаў прычыну візіту. Уладзімір Генадзьевіч і Пётр Аляксандравіч прыехалі павіншаваць хлебароба, які першым у раёне намалаціў тысячу тон збожжа. У тым жа, што ім акажацца камбайнер менавіта “Маяка-Ушацкага”, не было сумненняў – магутнасць “Нью-Холанда”, на якім працуе юнак, у разы пераўзыходзіць іншыя маркі зернеўборачных машын, што маюцца ў гаспадарках раёна.

Па сутнасці ён ідзе па-за канкурэнцыяй. Жняярка ў 10,5 метра, аўтаматычная рэгуліроўка вышыні зрэзу і вугла нахілу, шэраг магчымасцяў апрацоўкі масы, поўная электроніка ў салоне не ідзе ні ў якое параўнанне з “Палессямі” ці “Лідамі”, якія захопліваюць за адзін праход амаль напалову менш збажыны. Аднак ёсць у тэхніцы і свае мінусы, дакладней, хібы ва ўшацкім рэльефе і апрацоўцы глебы. Калі поле раўнюткае і шырокае, якое і было ля Пеннай Нівы, што на тэрыторыі Глыбачанскага сельсавета, то і праблем ніякіх. Калі ж з уступамі, то адзін край правісае і не чапляе збажыну. Тады і даводзіцца на месцы каардынаваць вышыню зрэзу, апускаючы спецыяльныя падножкі на мінімум.

Зразумела, што для аптымальнага выкарыстання тэхнікі Станіслава Малахава накіроўваюць менавіта на вялікія плошчы. А калі яшчэ і ўраджайнасць па 55 цэнтнераў з гектара, як тут, на элітным гібрыдзе азімага жыта, то бункер напаўняецца ўсяго за 20 хвілін. І адной машынай на адвозцы тады не абыдзешся. У МАЗ Мікалая Багданава, які вадзіцель лічы што “выцягнуў” з металалому, рамантуючы паўгода, умяшчаецца толькі палова, таму дапамагае тэхніка Полацкага камбіната хлебапрадуктаў.

Аднак не толькі на элітных палях заняты Станіслаў Малахаў. Разам з астатнімі круціўся і на дробнаконтурных участках ля Ушач, Матырына, Пушчы. Дарэчы, ля гэтага населенага пункта пабіў уласны рэкорд па працягласці: у адзінаццаць гадзін вечара яшчэ ўбіраў пры святле фар, якія робяць палеткі бачнымі, як днём. Стрымлівае вільготнасць. Калі 13-15, то і вымалочваецца нармальна, калі ж даходзіць да 25, то лепш пачакаць. Дарэчы, усе паказчыкі адлюстроўваюцца на дысплеі ў кабіне.

Таму і выязджае, калі сыдзе туман і прасушыць сонейка наліты колас. А Стас сцвярджае, што тут, ля Пеннай Нівы, туманы густыя і вельмі частыя – нездарма атрымала сваю назву вёска.

Малады механізатар, які другі год працуе на гэтай магутнай новай тэхніцы, атрымаў Дыплом, вымпел, які з гонарам прымацаваў у кабіне, чырвоную майку і кепку лідара, а таксама грашовую прэмію ў 80 рублёў. А гэта амаль дзясятая частка заробку за чэрвень. Дарэчы, у камбайнера самыя вялікія аб’ёмы, аднак не заробкі, бо расцэнкі ніжэй, чым на іншых марках. Бо сотню тон ён лёгка можа намалаціць за дзень, самы высокі сутачны намалот склаў 155. А нядаўна ў камбайнера з’явіўся памочнік. Механізатар камунгаса Арцём Маслюк працуе на “Амкадоры”. Мае і катэгорыю камбайнера, таму па ўласным жаданні на час водпуску папрасіўся на ўборачную. Такім чынам атрымаўся паўнацэнны маладзёжны экіпаж, Стасу – 27 год, а Арцёму толькі 23.

Ну а райкам прафсаюза аграрыяў пільна сочыць за паказчыкамі ўсіх хлебаробаў, каб уручыць узнагароды першаму тысячніку на адвозцы і экіпажу, што намалоціць 700 тон – для іншых марак камбайнаў устаноўлена меншая норма.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *