Новоселье в Глыбочанской школе

Общество

Яшчэ не высахла фарба на сценах Глыбачанскай школы… Больш таго, рамонт у навучальнай установе будзе працягвацца. Але самае асноўнае будаўнікі да першага верасня паспелі зрабіць… У асобным блоку школы размясціўся дзіцячы садок, снедаць школьнікі сядуць у новай сталовай, на поўнасцю новым абсталяванні будуць гатавацца абеды. Ды і ўрок інфарматыкі глыбачанскія вучні правядуць у камп’ютэрным класе за пяццю новымі камп’ютэрамі. Хоць далёка яшчэ да поўнай утульнасці, якую ўмеюць ствараць у нашых школах, першы званок чарговага навучальнага для 76 вучняў прагучаў у абноўленай школе, дзе ёсць усё неабходнае. Рамонту школа не бачыла даўно. Начальнік ПМК-66 Аляксандр Лукіч Фамёнак сцвярджае, што менавіта тут самы большы аб’ём работы, а будаўнікі гэтай арганізацыі працавалі на школах усіх аграгарадкоў. Было поўнасцю зношана сантэхнічнае абсталяванне, сталярка, і зараз “навасёлы” могуць адчуць розніцу.

Памяшканні дзіцячага сада стваралі наноў: спальню, раздзявалкі, пакой для гульняў і заняткаў. І пад адным дахам са школай сёння знаходзяцца як 13 дашкольнікаў, так і 6 першакласнікаў, якія застаюцца тут на поўны дзень.

Старшыня райвыканкама Алег Анатольевіч Кавалёнак, які курыраваў будоўлю і прыехаў павіншаваць калектыў школы і вучняў, уручыў першыя падручнікі – буквары першакласнікам, падарыў выхаванцам новага дзіцячага сада мноства цацак, якія тут жа былі разабраны па густах саміх утрыманцаў. Наогул, падарункаў у Дзень ведаў заўсёды многа. Начальнік аддзела адукацыі Людміла Рыгораўна Карабань пажадала калектыву школы і надалей падтрымліваць той узровень і мікраклімат, які пануе ў школе, і падарыла для заняткаў спортам скураныя мячы. Дырэктар КУСГП “Глыбачаны” Сяргей Іванавіч Кірпічонак ужо рабіў падарунак школе да новага навучальнага – на паўтара мільёна школа набыла спартыўны інвентар, аднак і на 1 верасня паднёс каляровы тэлевізар. Прэміі ўручыў ён і васьмі вучням школы, якія працавалі ў гаспадарцы летам. Старшыня Глыбачэнскага сельскага Савета дэпутатаў Людміла Валянцінаўна Храмцова — не чужы чалавек для школы, некалі працавала тут, таксама прыйшла з падарункам. Ну а Аляксандр Лукіч Фамёнак паабяцаў яго на завяршэнне рэканструкцыі.

Чарговая абноўленая школа, на якую ўжо зрасходавана 366 мільёнаў і пойдзе яшчэ 600. Апошняя, шостая рэканструяваная школа аграгарадка, хоць сёлета наваселле адзначае не толькі Глыбачанская, але і Кубліцкая школа, на якую разам з будаўніцтвам кацельні ўкладзена больш мільярда бюджэтных сродкаў. Наогул, літаральна ўсе школы раёна застаюцца культурным цэнтрам вёскі, узорам. Дзяржава не эканоміць на сваіх самых юных грамадзянах, першым урокам якіх сёлета стаў “Беларусь – краіна маёй будучыні”.

В.КАРАЛЕНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *