Путём комбрига Романова. Мемориальный комплекс «Прорыв» посетила делегация Бешенковичского района

В памяти их имена

Кацярына Журко даўно хацела пабываць на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Чула пра майскія падзеі 1944 ад бабулі. Яна і названа ў яе гонар – партызанкі Кацярыны Аляксандраўны Ніжнікавай, якая знаходзілася ў брыгадзе “За Савецкую Беларусь” разам з мужам, камісарам атрада Апанасам Рыгоравічам і двума дзецьмі. Зусім нялёгкімі былі яе ўспаміны. Праваднікі, што добра ведалі лес, выводзілі людзей невялікімі групамі, можна сказаць, пад носам у немцаў. І моцна прыціскала яна да сябе малых дзяцей, каб не заплакалі, не выдалі…

Уважліва слухала Кацярына Юр’еўна аповед экскурсавода, ды і яе дачка Альбіна лепш прачула, якой была маладосць прадзеда і прабабкі. З хваляваннем яны (на здымку) ўсклалі да пліт вянок…

У канцы ліпеня Ушаччыну наведала дэлегацыя ветэранскай арганізацыі Бешанковіцкага раёна. І хоць ініцыятарамі падарожжа былі заслужаныя людзі на чале са старшынёй і мясцовым краязнаўцам Анатолем Вячаслававічам Крачкоўскім, аднак кіраўнікі пярвічак спецыяльна ўзялі з сабой дзяцей: многа жыхароў гэтага суседняга раёна знаходзілася ў партызанах. Менавіта там фарміравалася брыгада “За Савецкую Беларусь”, камандзірам якой быў Павел Мінаевіч Раманаў. У верасні 1942 года яго прызначылі сакратаром падпольнага райкама партыі і адначасова камандзірам брыгады, які павінен быў аб’яднаць партызанскія атрады Бешанковіцкага краю.

Яго імя носяць вуліцы ў Уле і Бешанковічах – аднаго з пяці камбрыгаў Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, удастоеных звання Героя Савецкага Саюза, таксама як і Аляксея Фёдаравіча Данукалава – пасмяротна. Такую высокую ўзнагароду П.М.Раманаў атрымаў не толькі за бездакорнае выкананне партыйных заданняў, але і за выключны гераізм. Яшчэ ў жніўні 1941 года ён стварыў знішчальны атрад, які абараняў Гомель. Як палітрук стралковага ўзвода Павел Мінаевіч удзельнічаў у абароне Масквы, а потым накіраваны спачатку ў Себеж, затым у Бешанковічы для падпольнай работы. П.М.Раманаў неаднойчы пераходзіў лінію фронту праз “Веліжскія вароты”. А пасля прарыву блакады ўзначаліў атрад прыкрыцця выхаду брыгады з акружэння, падчас якога 13 мая загінуў.

Камісару атрадаў “Сібірак”, а пазней “Імя Чапаева” Апанасу Рыгоравічу Ніжнікаву пашчасціла, ён застаўся жывы, працаваў пракурорам Дрысенскага раёна, аднак вельмі рана памёр, у пачатку 50-х, да таго як на Ушаччыне ўвекавечылі подзвіг партызан.

На мемарыяльным комплексе “Прарыў” многія ўдзельнікі патрыятычнага падарожжа былі не першы раз. Але не бачылі яго пасля рэканструкцыі. Выстава тэхнікі, партызанскія зямлянкі, лясная школа – актыўнае наведванне гэтых аб’ектаў, асабліва дзецьмі, паказала, што новыя элементы запатрабаваныя. А старэйшае пакаленне задавала многа пытанняў, шукала на плітах знаёмыя імёны, і адзінае расчараванне гасцей было звязана з непрацуючай экспазіцыяй музея народнай славы імя У.Е.Лабанка.

“Я задаволены, што пабывалі таксама на ся­дзібе Васіля Быкава, дакрануліся да велічы нашага земляка. Не агаварыўся: пісьменнік такога ўзроўню – не толькі ваш, але і наш зямляк. Наогул Ушаччына падарыла свету столькі глыб… Нам вельмі спадабалася падарожжа, і цяпер я занепакоены толькі тым, каб наступная паездка, на якой настойваюць нашы ветэраны, аказалася такой жа змястоўнай, а прыём такім жа цёплым, як на Ушаччыне”, – казаў А.В.Крачкоўскі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *