З пачатку сёлетняй уборачнай кампаніі ў Беларусі на розных сельскагаспадарчых аб’ектах зафіксавана 49 пажараў: у 17 выпадках гарэлі камбайны, у 5-ці – зернесушыльныя комплексы. Лічбы паказваюць, што вырашчанае за год можна страціць у адзін момант. Як абстаяць справы з пажарнай бяспекай на жніве ў нашым раёне, мы высвятлялі падчас сумеснага рэйду з ушацкімі выратавальнікамі.
Трэба адзначыць, супрацоўнікі МНС не патрабуюць ад аграрыяў нічога звышнатуральнага: занятыя на ўборцы работнікі павінны ведаць правілы пажарнай бяспекі і прайсці інструктаж, камбайны і зернесушыльныя комплексы неабходна абсталяваць сродкамі пажаратушэння, арганізаваць у полі дзяжурства тэхнікі з ёмістасцю з вадой.
З-за дажджлівага надвор’я сёлета ў кожнай гаспадарцы актыўна задзейнічаны зернесушылкі. Комплекс ААТ “Ільюшынскі” з’яўляецца самым магутным у раёне, а летась там адбылося ўзгаранне. Дзякуючы аператыўным дзеянням як выратавальнікаў, так і работнікаў гаспадаркі тады абышлося без вялікіх страт. Працаўнікі добра памятаюць пра горкі вопыт, таму стараюцца выконваць патрабаванні бяспекі і злосных парушэнняў тут выяўлена не было. Адзіная заўвага – дровы зложаны блізка ад сушыльнай устаноўкі.
Пра абнаўленне пажарнага шчыта на зернесушылцы яшчэ напярэдадні жніва паклапаціліся ў Вялікіх Дольцах. На кожным павінна быць па два вогнетушыцелі, рыдлёўкі, вёдры, багор, лом, кашма, скрыня з пяском і ёмістасць, напоўненая вадой. Тыповаму абсталяванню “Вялікадолецкага”, якое мелася раней практычна ў кожнай гаспадарцы, ужо больш трох дзясяткаў гадоў, а таму тут разумеюць, што ігнараваць правілы ніяк нельга. Выратавальнікі адзначаюць, што ў апошні час па-іншаму на пажарную бяспеку сталі глядзець у “Агра-Селішчы”. Калі не так даўно там на ворахах нават не было вады, то зараз многія парушэнні ўжо выпраўлены.
Зусім неаптымістычную сітуацыю давялося назіраць у “Кублічах”, дзе падчас нядаўняй праверкі каля складоў і зернесушылкі не назіралася ні спраўнага вогнетушыцеля, ні пяску. Праўда, папярэджанні ўсё ж прымусілі мясцовых аграрыяў крыху паварушыцца – калі мы завіталі на тэрыторыю, то ўбачылі, што на шчыце з’явіўся вогнетушыцель, а скрыню запоўнілі пяском. Аналагічная карціна складваецца і ў КУСГП “Арэхаўна”, дзе пытанні бяспекі адкладзены на апошні план.
Агульнае для ўсіх гаспадарак парушэнне – адсутнасць абазначаных месцаў для курэння на комплексах. Работнікі часам дазваляюць сабе “дыміць” на іх тэрыторыі, а для ўзнікнення пажару на такіх аб’ектах часам дастаткова адной іскры.
– Многім падаецца, што падобныя праверкі залішнія, – каменціруе начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях С.Я.Аваднёў. – Але варта аслабіць кантроль, як на бяспеку проста махнуць рукой.
Што да зернеўборачнай тэхнікі, то далёка не ўсе камбайны ў поўным аб’ёме ўкамплектаваны вогнетушыцелямі. А чым менш сродкаў пажаратушэння – тым менш шанцаў на аператыўную ліквідацыю сіламі саміх механізатараў. Вогнетушыцеляў на кожным камбайне павінна быць два, а практычна ўсюды па адным. Як патлумачыў старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС С.П.Пацэйка, у такім выпадку трэба мець не менш 0,5 метра кубічнага пяску. Зрэшты, пры моцным узгаранні гэтых сродкаў можа не хапіць, таму на “ўсялякі пажарны” на палях павінна дзяжурыць адпаведная тэхніка. Аднак сёлета пра гэты важны нюанс паклапаціліся толькі “Ільюшынскі” і “Вялікадолецкае”, заключыўшы дагаворы з райаддзелам па надзвычайных сітуацыях. Астатнія ж спадзяюцца, што пранясе. Між тым, можна прыгадаць свежае здарэнне: днямі ў Мінскім раёне ў полі загарэўся камбайн і супрацоўнікам МНС, якія дзяжурылі побач, на ліквідацыю пажару спатрэбілася ўсяго некалькіх хвілін. Калі б разлік па сігнале выязджаў з бліжэйшага паста, то дарагі імпартны камбайн быў бы практычна знішчаны агнём.
Вольга КАМАРКОВА.