Для Аллы Ковшель личное подсобное хозяйство — дополнительный способ заработать

Личное подсобное хозяйство

Пра карову, калі працавала на свінагадоўчым комплексе “Сарочына”, аператару Але Коўшаль няма чаго было і думаць: падчас абеду, на які работнікаў падвозілі, паспявала накарміць курэй і іншую малую жывёлу, часта сама застаўшыся галоднай. А зрабіць падсобную гаспадарку асноўнай крыніцай заробку прымусіла безвыходнасць. Калі на комплексе здарылася трагедыя і супрацоўнікі засталіся без работы, неабходна было абзаводзіцца гадаванцамі. Першую кароўку купіла, а ў лік зарплаты ў КУСГП “Арэхаўна”, куды ўладкавалася лабарантам, узяла цялушку. Выгадавала яе і яшчэ адну ад сваёй чорна-пярэстай, якая літраў дваццаць абавязкова дае.

Зараз на яе падворку ў канцы вуліцы Лясной вёскі Сарочына тры каровы, паўгадавалы бык і маленькая цялушка, не гаворачы пра “дробязь”. І толькі ад здачы лішкаў малака Ала Мікалаеўна атрымлівае каля шасцісот рублёў.

– Аператарам на комплекс, канечне, магла вярнуцца, аднак давялося б поўнасцю пазбаўляцца гаспадаркі. Парсюкоў работнікам “Сарочына” трымаць нельга, на абед зараз не падвозяць, а кароў жа і перавязаць трэба, і ў хлеў загнаць у спёку, ды і даю я іх тры разы. Так што прывыкла, ды і што казаць, ты хоць і прывязаны да ранішняй дойкі і іншага рэжыму догляду, аднак сам сабе гаспадар: і дома што зрабіць паспееш, і прылегчы, калі стаміўся. А гады бяруць сваё, ды і амаль дваццаць год аператарам – пастаянна ў гуме – таксама. Іншы раз месца рукам не знаходзіш, так ломяць.

Грамадскага статка ў Сарочыне зараз няма, навязвае хто дзе можа. І тут А.Коўшаль дапамагае выгаднае размяшчэнне дома – апошні, можна прыхапіць пашы ля кустоў, дазваляюць навязваць і адкошваць траву на сваіх участках ля дамоў і суседзі. Мала хто трымае вялікую гаспадарку, таму і ім толькі на руку. А вось нармальных паш недастаткова, паблізу ўсё ўзворваецца гаспадаркай, таму нават у сельсавет звярталася. Калі ўлетку травастой усё ж знойдзецца, то зусім няпроста нарыхтаваць корм на зіму. Карова ж з’ядае ў сярэднім тры з паловай тоны сена. І хоць на падворку свой трактарок Т-25 з касілкай і варушылкай, папрацаваць у сезон даводзіцца.

Тым не менш менавіта буйную рагатую жывёлу Ала Мікалаеўна лічыць самай выгаднай. Кароўка сябе заўсёды акупляе. Гарантаваны прыбытак прыносіць здача малака, ды і сярод сарочынцаў нямала жадаючых купіць натуральнае малачко і тваражок. Ды і каб быць са сваёй ялавічынай, менш корму неабходна: трава, вада ды зерне або камбікорм на дабаўку для лепшых прываг. Парсючок жа без мукі не вырасце. Хаця, калі трымала, выкарыстоўвала той жа прынцып, што і на комплексе – усё давала ў сырым выглядзе: бульбу, кабачкі, муку. Кажа, што галоўнае толькі прывучыць малых пасля пераходу з “малочных страў”. А далей так і прасцей, не трэба кожны дзень варыць, ды і не кісне ежа, асабліва ўлетку.

Мы гутарым у тым самым ведамасным доме, у якім “Чалавек года Віцебшчыны” – другі на Ушаччыне і першая па ліку жанчына – мацавала ў 2010-м на сцяне ганаровы дыплом лаўрэата. А за неатрыманыя яшчэ сродкі меркавала набыць мяккі гарнітур. Неабжытымі былі пакоі, платна вучылася на мастацка-графічным факультэце малодшая дачка, а зараз на століку ў абстаўленай зале – засушаны букет з яе вяселля. Выгадавала дваіх і з асаблівай радасцю сустракае цяпер унучку і ўнука. А сёлета Ала Мікалаеўна адсвяткавала пяцідзесяцігадовы юбілей.

Дарэчы, акрамя вялікай падсобнай гаспадаркі А.Коўшаль яшчэ працуе прыбіральшчыцай у Сарочынскім лясніцтве (зоркавым атрымаўся калектыў). Вельмі ўдзячна яго кіраўніку, першаму ў раёне “Чалавеку года Віцебшчыны”, Сяргею Міхайлавічу Ільюшэвічу за тое, што мае зручнае, блізкае ад дома месца працы. А ён ведаў, каго прымаў – Ала Мікалаеўна бездакорна выконвае абавязкі на любым рабочым месцы, хоць і сумуе часам па сваім былым вялікім калектыве.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *