Ушачские спасатели в День пожарной службы получили заслуженные награды

Cлужба-101 К профессиональному празднику

На ўрачысты сход у калектыве з нагоды Дня пажарнай службы ўшацкія выратавальнікі сёлета збіраліся з асаблівым настроем, нягледзячы на сціпласць мерапрыемства і зусім не юбілейную дату. “Гэта першы Дзень пажарнай службы, які сустракаем у сваёй утульнай канферэнц-зале. Хоць хутка ўжо год з дня адкрыцця новай часці, аднак дагэтуль прысутнічае радасць ад таго, што цяпер маем”, – казалі супрацоўнікі МНС, прыгадваючы часы, калі прыходзілася туліцца ў цесных памяшканнях старога будынка, а да прафесійных свят арандаваць чужыя залы.

На сустрэчу з калектывам у святочны дзень завіталі старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В.П.Котаў.

– 101 ці 112 – на гэтыя нумары тэлефануюць людзі, трапіўшы ў бяду. І больш за 50 супрацоўнікаў Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у любую хвіліну гатовыя прыйсці ім на дапамогу. Таму з упэўненасцю можна сказаць, што гэта служба “нумар адзін”! Цяжка перааца­ніць важнасць вашай прафесіі. Жадаю, каб менш было надзвычайных сітуацый і з іх вы заўсёды выходзілі дастойна, – адзначыў УладзімірГенадзьевіч, звяртаючыся да калектыву і ўручыў узнагароды раённага ўзроўню. Аб тым, што з надзвычайнымі сітуацыямі выратавальнікі спраўляюцца паспяхова нават у пазаслужбовы час, сведчыла Ганаровая грамата раённага Савета дэпутатаў Ігару Бруцкаму за выратаванне чалавечага жыцця. Ужо нямала ўзнагарод, у тым ліку медаль “За бездакорную службу”, на рахунку старшыны Алены Анатольеўны Рагавешкі, але ўсё роўна хвалявалася, атрымліваючы нагрудны знак “Выдатнік”. Віншавальныя словы ўсім супрацоўнікам адрасаваў і начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Яўгенавіч Аваднёў, які і ўручыў сваім падначаленым заслужаныя ўзнагароды абласнога ўпраўлення і Міністэрства.

Але асабліва запомніцца гэты сход Андрэю Мікалаевічу Малахаву, якога праводзілі на заслужаны адпачынак. “26 гадоў службы для мяне праляцелі імгненна. Здаецца, толькі нядаўна пераступіў парог Глыбачанскага паста, а за плячыма ўжо якая дарога! Мноства розных здарэнняў было за гэты час, заўсёды стараўся дзейнічаць аператыўна. Напэўна, яшчэ доўга буду прывыкаць да таго, што ўжо не трэба спяшацца па трывожным выкліку. Сваім жа калегам жадаю сухіх рукавоў і як мага радзей праяўляць свой прафесіяналізм”, – казаў А.М.Малахаў.

Не забываюцца пра калектыў і ветэраны службы. “Шчыра кажучы, па-добраму зайздрошчу тым умовам, у якіх вы зараз працуеце, наяўнасці такой тэхнікі і абсталявання!” – казаў Сяргей Леанідавіч Валодчанка. Гучалі ў гэты дзень віншаванні не толькі з прафесійным святам, а і папаўненнем у сям’і! Уручыўшы падарунак, кіраўніцтва аддзела параіла ўсім браць прыклад з Андрэя Раманоўскага, у сям’і якога зусім нядаўна нарадзілася трэцяе дзіця.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *