«Плинские венки» расширяют своё производство

Общество

“Плінскія вянкі” толькі ў гэтым месяцы адкрылі цяслярны цэх, а іх заснавальнік Н.М.Грак ужо разумее, што месца малавата і давядзецца пашырацца. Распачатая ў маі 2009 года справа зацягнула, а Наталля Міхайлаўна па-ранейшаму вучыцца, спасцігае школу бізнесу, новых рамёстваў, псіхалогіі, зносін з кліентамі, хоць ужо трывала стаіць на нагах. Не імкнецца стаць мільянерам, нават у беларускіх грошах, а атрымлівае задавальненне ад увасаблення ў вытворчасці сваіх ідэй.

Хочаш – кавярня, хочаш – майстэрня

Пачынала ж, можна сказаць, з безвыходнасці. Падушка бяспекі ў выглядзе кампенсацыі за скарачэнне на папярэдняй рабоце заканчвалася, і нехта падказаў, што даюць субсідыю на адкрыццё сваёй справы.

– Разам са мной яе брала некалькі чалавек, і ўсе на гандаль таварамі бытавой хіміі і яшчэ нечым, мне ж гэта нецікава, – прыгадвае Наталля Міхайлаўна. – Нішу прыдумвала сама, пазней муж прыгадаў Ільфа і Пятрова. Пра тое, што зацягне на працяглы час, не думала, меркавала проста год адпрацаваць, як прадугледжвалі ўмовы выдачы субсідыі. Зараз магу сцвярджаць, што ўласнай справай займацца можна. Любой. У Браславе адзін чалавек адкрыў кавярню, у якой абслугоўванне выключна на беларускай мове. І да яго едуць. Толькі не трэба чакаць, што нехта падбярэ ідэальнае месца, прадумае бізнес-план. Такога не будзе. Зразумела, што гэта заўсёды рызыка. Нельга разлічваць і на звышпрыбытак, на ўсё зараз, аднак баяцца і быць інертным – таксама. Мяне 10 год таму не накіравалі нават на курсы прадпрымальнікаў, паколькі мела вышэйшую адукацыю, а я нічога не разумела ў дакументаабароце. Села, пачала вывучаць… і мне спадабалася. Я гаварыла раней і паўтару, у Беларусі можна займацца бізнесам, і трэба казаць дзякуй і за субсідыю, якую дае для старту дзяржава (я пачынала з тысячы долараў у эквіваленце), і за дапамогі па доглядзе за дзецьмі, якія адпавядаюць заробку некаторых працуючых. Усяго гэтага магло і не быць.

Тут не бывае выхадных

Наталля зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку: доўгачаканай дачцэ 2 гады і чатыры месяцы. Аднак фактычна не была ў ім ні дня. Падпісаная плацежка ў дзень перад родамі – і на наступны пасля іх. Тайком пранесла ў палату камп’ютар, каб працаваць. І малая заўсёды побач. Нават у цэху для Жэні зроблены маленькі столік са стуламі: “Мне кажуць, што я не сучасная маці, бо не аддаю яе на розныя “развівашкі”. А я пачытала, што ўсе методыкі зводзяцца да аднаго – як мага большага кантакту дзіця з бацькамі. Таму яна са мной амаль заўсёды, нават да кліентаў едзе, з ёй знаёмы ўсе аптовыя пакупнікі, хоць мне і здаецца, што ўдзяляю дачцэ мала часу. Магла б перарэгістраваць фірму на некага іншага, атрымліваць поўную дапамогу па доглядзе і падпрацоўваць, аднак не хацела, як наогул не люблю ніякіх хітрыкаў з законам. Таму не маю спраў з шэрымі пастаўшчыкамі, нават калі там і танней. І каб не залежыць ад іх, невядомай якасці і пастаяннага росту цэн, адкрылі ўласны цэх спачатку па вырабе металічных каркасаў, а зараз і цяслярны.

І працуюць “Плінскія вянкі” без выхадных, прымаюць заказы ў любы час сутак. Вось і наша сустрэча атрымалася толькі ў суботу – яна таксама працоўная, хоць і крыху вальнейшая. У пятніцу ж Наталля Міхайлаўна вельмі позна вярнулася – на легкавой машыне з прычэпам развозіла тавар у Вілейскі, Мядзельскі раёны. Геаграфія паставак ахоплівае ўжо не толькі Віцебшчыну, а пашырылася да Мінскай вобласці і сталіцы, самая дальняя кропка – Слуцк. Далей няма эканамічнага сэнсу.

Н.Грак любіць як дарогу, падчас якой разважае ці слухае карысныя лекцыі, так і зносіны з пакупнікамі, каб ведаць пажаданні. Яны з мужам наведалі не адзін семінар па бізнесу і перакананы, што кіраўнік павінен ведаць усе этапы вытворчасці, каб ацэньваць узровень складанасці, абгрунтаванасць прэтэнзій работнікаў, паляпшаць якасць. Менавіта так працуе кампанія “Таёта”, на якой таксама стажыраваліся і дзе нават генеральны дырэктар пэўны час працуе за станком і наогул практыкуецца ўзаемазамяняльнасць.

І да дэкрэтнага адпачынку кіраўнік фірмы стаяла і за станком кантактнай зваркі, і за рэзкай металу. Цаглінкі цэха ў Градзянцы распісаны лічбамі накшталт К3: 118, 103. Гэта зручная падказка, каб не разварочваць карт-схем, а бачыць, якога памеру пруты неабходна нарэзаць для канкрэтнага вянка ці карзіны. Таксама самі цяпер асвойваюць і цяслярства, запісаліся нават на адпаведныя курсы. Калі б вы бачылі, колькі маніпуляцый ідзе на выраб аднаго крыжа! Некалькі разоў муж Н.М.Грак Уладзімір Іванавіч фарбаваў, шліфаваў, падганяў, гэта ўжо пасля таго, як разабраўся ў якасці лакаў ды прапітак. І менавіта таму, што члены сям’і стаяць на працэсе абкаткі любой вытворчасці, разумеюць, што трэба шукаць іншы станок, які б аўтаматычна выбіраў паз пад вуглом, уручную гэта займае шмат часу. Менавіта такія, пад заказ, усе іх станкі для работы з металам. А 10 год таму ў мінскай кватэры выконвалі, прыхопліваючы ночы, свой першы заказ – ён быў тэрміновы для кліента і зацвярджальны для маладой фірмы.

Чысціня здзелкі і сумлення

“Для мяне важна рэпутацыя фірмы, як і якасць тавараў і паслуг. Магу сказаць, што быў адзін заказ, які перароблівалі – не датычыўся вытворчасці. Таму, калі мне кажуць, што напрыклад, прасела зямля пад магілай, я ведаю, што гэта рабілі не мы, бо такога не можа быць. Разумею, што мы лепш многіх у нашай сферы, але пакуль не выдатнікі. Мэта – імі стаць”.

І работа над гэтым не спыняецца ні на хвіліну. Нават газеты Н.М.Грак чытае спецыфічна. Трымае неяк у руках “Витебские вести” і прыглядаецца да вянкоў на першай паласе: “На наш падобны”. Пакуль не разумее, што ён і ёсць іх і за яго не сорамна. Не працуюць па шаблоне, да кожнага індывідуальнага заказу яна падыходзіць творча, прапаноўвае некалькі варыянтаў, папярэдне даведаўшыся тэматыку мерапрыемства. Цесна супрацоўнічаюць з Ушацкім райвыканкамам, для якога робяць карзіны і вянкі на самыя розныя мерапрыемствы: з гербам, яблыневымі кветкамі… А на пахаванне Генадзя Гарбука быў выключна белы. Доўга мучылася Наталля Міхайлаўна над стужкай, якая там павінна была быць і не вельмі пасавала. Бачыла толькі бардовы шоўк, які адшукалі ў Мінску. Асобна перадавалі вянок, а муж ў сталіцы дарабляў. Яны не могуць падвесці кліента і зрабіць дрэнна, хаця часта падстройваюцца пад густы пакупніка, нават калі яны не супадаюць з уласнымі. Ёсць і іміджавыя, рэпутацыйныя заказы, нядаўна такі паступіў з Мінска. З нулявой рэнтабельнасцю ці нават у мінусе, але будуць іх рабіць, каб падтрымаць марку фірмы, пра якую людзі даведаліся праз інтэрнэт.

Ім імпануе нямецкі стыль вядзення бізнесу, дзе галоўнае – адказнасць на ўсіх узроўнях і кліентаарыентаванасць. Хаця бывае, што выконваюць яго, сціснуўшы зубы.

Рэгістрацыя мае значэнне

Н.М.Грак разумее, што вытворчасцю прасцей займацца ў Мінску ці побач з ім з-за бясплатнай перавозкі сыравіны, аднак для яе была і застаецца прынцыповай рэгістрацыя менавіта на малой радзіме. “Беларусь павінна развівацца гарызантальна, гэта няправільна, што ўсе з’язджаюцца ў сталіцу ці абласныя цэнтры. І мне вельмі імпануе стыль цяперашняга кіраўніка раёна, які пры тваім звароце абавязкова шукае шляхі выйсця. Ну а жыць у малых гарадах камфортней, ды і ў плане культурнага часаправоджання не горш, бо ты імкнешся стварыць свята, адпачыць, і едзеш, куды захочаш. Добра ведаю, што мінчане нячаста выбіраюцца ў тыя ж тэатры ці на канцэрты. Мы пакуль жывём на два гарады, бо муж працуе ў Мінску, але ўжо набылі ўчастак у старым парку Двор Пліна.

Для Наталлі Міхайлаўны малая радзіма – лепшая ў свеце апрыёры. Дарэчы, калі атрымлівала другую спецыяльнасць – у БДУ вывучала эканоміку – трэба было падрыхтаваць турыстычны праект, і яе “Літаратурнае падарожжа” на мясцовым матэрыяле атрымала першае месца. А зараз і муж, які сам з Маладзечна, усім сябрам расхвальвае Ушаччыну, пераконвае, што ў нас лепш, прыгажэй, чым на Браслаўшчыне, толькі раскручаны меней.

На сённяшні дзень фірма “Плінскія вянкі” – гэта магазін (у арэндзе), выкупленыя будынкі ў Двор Пліне, дзе ладзяцца вянкі, а таксама ў Градзянцы. Тут стаяла разбураная пабудова, некалі цяслярная майстэрня, а зараз – светлы цэх з сучасным абсталяваннем. Многа часу, сіл, ды і сродкаў займае афармленне дакументаў, дазволаў і сама рэканструкцыя. Не заўсёды і атрымліваецца. Сэрца шчыміць у Наталлі Міхайлаўны, калі бачыць руіны на месцы адміністрацыйнага будынка былога саўгаса “Ушацкі” па вуліцы Каранеўскага, які хацела выкупіць. Не аказалася дакументаў, дырэктар “Райаграсэрвіса” ­І.І.Баруноў дапамагаў іх аднавіць, а ў наступнага кіраўніка не стала жадання гэтым займацца.

Праблемы паўстаюць ва ўсіх, хто нешта робіць. Але яны пераадольныя. Прыклад “Плінскіх вянкоў” – таму перакананне. І ён карысны не толькі для тых, хто думае, чым заняцца. Уласна для Н.М.Грак – гэта сутнасць выхавання дачкі, паколькі пераканана, што нельга гаварыць адно, а рабіць другое. І Яўгеніі ў спадчыну перш за ўсё дастанецца не нерухомасць ці бізнес, а адносіны да яго, партнёраў, блізкіх і нават незнаёмых людзей – чысціня здзелкі і сумлення.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *