Сергей Леонтьевич Кришнёв

Ими гордятся

На Ушаччыну Сяргей Лявонцьевіч Крышнёў трапіў у выніку свайго рамантычнага ўсплёску, хаця, увогуле, па жыцці чалавек зямны. Тады ён скончыў Буда-Кашалёўскі тэхнікум і, хоць пры размеркаванні ішоў восьмым па спісе паспяховасці, мог паехаць, куды захоча, але вырашыў накіравацца далей ад роднага Жлобінскага раёна, каб выпрабаваць сябе. У той жа час выбіраў нешта бліжэйшае да Полацка, дзе таваразнаўцам на швейнай фабрыцы працавала яго сястра.

Калі прыехаў ва Ушачы, прыгадвае Сяргей Лявонцьевіч, то быў расчараваны і чатыры месяцы перажываў, што такі невялікі, непрыкметны на той момант быў райцэнтр. Але паступова ўсё наладжвалася. Стаў працаваць метадыстам па тэхнічнаму ўсенавучу ад Ветрынскага СПТВ-13. Вучыў рабоце з механізмамі даярак, сеяльшчыкаў, электраманцёраў. Усё больш знаёміўся з работнікамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі. І ў асабістым плане адбылася шчаслівая падзея: пазнаёміўся з цудоўнай ушачанкай, настаўніцай Маяй Крупскай. Адразу і назаўсёды яны сталі адным лёсам. А ў той час, калі пайшлі да першага сакратара райкама партыі В.К.Пасаха прасіць кватэру, то ён паабяцаў жыллё, але ўзамен прапанаваў маладому спецыялісту пасаду галоўнага інжынера прамкамбіната. Так Сяргей Лявонцьевіч і аказаўся на гэтым прадпрыемстве, дзе працуе ўжо 38 гадоў. Прычым, з 1978 да 2000-га быў яго дырэктарам.

Прайшлі гады. Сёння С.Л.Крышнёў – старшы майстар дрэваапрацоўчага цэха ААТ “Прамкамбінат”, аднаго з двух важнейшых участкаў вытворчасці, складаючых аснову дзейнасці калектыву.

Цікаўлюся ў Сяргея Лявонцьевіча, як ідуць справы.

– Работы хапае, – адказвае ён. – Асенне-зімовы перыяд асабліва актыўны ў заказчыкаў і ў нас.

– І што вырабляеце?

– Каля дзесятка найменняў. Дзверы, вокны, хлебную тару, рытуальныя вырабы. Робім таксама плінтусы, абналічку, іншае падобнае. Прымаем заказы як ад насельніцтва, так і ад арганізацый.

Сярод работнікаў цэха старшы майстар выдзяляе Мікалая Аляксандравіча Спірыдзёнка, які прыйшоў на вытворчасць пасля службы ў арміі якраз у той год, як і ён сам, цяпер – брыгадзір. Астатнія работнікі маюць розны стаж. Асабліва непакояць маладыя работнікі, якія, як правіла, не паспеўшы зарэкамендаваць сябе, праяўляюць незадаволенасць зарплатай. Наогул добрых спецыялістаў не хапае.

У апошні час абнаўляецца і састаў швачак, якія прыйшлі, як і Сяргей Лявонцьевіч, у 70-я.

Напярэдадні свайго 60-годдзя (а юбілей сёння) ён асабліва часта прыгадваў той час. У курс спраў на прамкамбінаце яго ўводзіў чалавек добрай душы і багатага жыццёвага вопыту Міхаіл Барысавіч Казлоўскі, які тады быў дырэктарам. Нешта рабілася, шмат прадстаяла зрабіць. Калі на гэту пасаду ў абласным упраўленні мясцовай прамысловасці ўгаварылі і потым назначылі маладога, энергічнага С.Л.Крышнёва, ён актыўна ўзяўся за справу. Перш за ўсё навёў парадак на тэрыторыі: прыгнаў з цагельнага завода бульдозер, з іншых месцаў – яшчэ тэхніку і заасфальтаваў двор. Быў адрамантаваны з заменай даху дрэваапрацоўчы цэх. І галоўнае – узвядзенне так званага адміністрацыйнага будынка. Сёння кіраўніцтва займае трэці паверх, на першым – складскія памяшканні і закройны цэх, на другім – швейны. Замянялі на новыя швейныя машыны, паціху абнаўлялі і сталярныя станкі. Устанавілі кран-бэльку, лесаэстакады. Вобразна гаворачы, на змену лому і лапаце прыйшло тэхнічнае пераўзбраенне.

Як раней, так і цяпер калектыў складае каля шасцідзесяці чалавек. Яго ўзначальвае сёння вопытная і энергічная Галіна Анатольеўна Грыдзюшка, якая цэніць верных прамкамбінатаўскай вытворчасці людзей, умела спалучае патэнцыял ветэранаў вытворчасці і маладзейшага папаўнення, адмятаючы абыякавых.

У былога і цяперашняга дырэктараў добрыя дзелавыя адносіны. На рабоце ў думках і актыўных дзеяннях Сяргея Лявонцьевіча – справы вытворчыя. І намаганні даюць плён: у мінулым годзе прозвішча С.Л.Крышнёва заносілася на раённую Дошку гонару, на днях яму аб’яўлена Падзяка старшыні райвыканкама.

Дома Сяргей Лявонцьевіч адданы сваёй сям’і. Двое дарослых дзяцей у яго з Маяй Фёдараўнай. Сын жыве ва Ушачах, разам са сваёй жонкай займаюцца прадпрымальніцтвам. Дачка, выкладчыца музыкі, з сям’ёй – у Полацку. Два ўнукі і ўнучка – маладзейшае пакаленне роду Крышнёвых.

З захапленняў Сяргей Лявонцьевіч аддае перавагу “ціхаму паляванню” – збору грыбоў, любіць нашы лясы. Яму і родным вельмі падабаюцца ўшацкія азёры, сын займаецца рыбалоўствам.

– У нас на Жлобіншчыне азёр няма, праўда, працякае Днепр. Мала і лесу, – гаворыць мой субяседнік. – А тут такая прыгажосць, столькі дароў прыроды, толькі б вырвацца ад спраў. Але ж і без іх немагчыма.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ. На здымку:

С.Л.Крышнёў.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *