На мой погляд, усе гэтыя дзяўчаты маглі б упрыгожыць вокладку гламурнага часопіса. У кожнай – сінтэз каларыту малой радзімы, адукаванасці, індывідуальнасці. Вось і на раённым конкурсе “Міс Лета – 2019”, які адбыўся ва Ушачах у мінулую пятніцу, хоць і сустракалі ўдзельніц па адзенні, праводзілі ўсё ж па эрудыцыі, талентах і шарме.
Уразіла прысутных і членаў журы адзіная прадстаўніца сельскай моладзі, 17-гадовая Анастасія Хадан. Сёлета вялікадальчанка скончыла школу і ўжо паспела знайсці справу па душы – працуе зараз у мясцовым магазіне “Родны кут”. Атрымліваць жа спецыяльнасць прадаўца дзяўчына будзе завочна ў Полацкім гандлёва -тэхналагічным каледжы. У арсенале Насці – шматлікія перамогі ў біятлонных спаборніцтвах рознага ўзроўню. Захапляецца таксама паэзіяй, спрабуе пісаць вершы. За такую шматграннасць канкурсантка і была прызнана “Міс Арыгінальнасць”.
Цалкам заслужана атрымала тытул “Міс Грацыя” сёлетняя выпускніца Ушацкай школы Лізавета Стукач. Падчас дэфіле ў вячэрніх сукенках гледачы трапна параўналі яе з княжной – за надзвычай запамінальны вобраз. 17-гадовая канкурсантка захапляецца рукадзеллем у папулярным зараз накірунку хэнд мэйд. Дарэчы, паназіраць за працэсам “нараджэння” такіх вырабаў падчас конкурснай праграмы мелі магчымасць усе жадаючыя. Сваё будучае дзяўчына марыць звязаць з медыцынай.
Гэтую сферу ў свой час абрала і Анастасія Севярын. Па спецыяльнасці яна фельчар- акушэр, працуе медсястрой дзіцячай кансультацыі ва Ушацкай райбальніцы. З усімі задачамі Насця спраўляецца на выдатна – летась стала пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства сярод маладых медработнікаў Ушаччыны і раённага конкурсу маладых спецыялістаў “Стымул”. Знаходзіць час і на творчасць, захапляецца музыкай, вакалам. Падчас дэфіле яна зачароўвала не толькі знешнім выглядам, але і непасрэднасцю, адкрытасцю, за што і атрымала званне “Міс Вытанчанасць”.
Як рыба ў вадзе адчувае сябе на сцэнічнай пляцоўцы 19-гадовая Дар’я Казак. Яна літаральна “вырасла” ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, уваходзіла ў склад танцавальнага калектыву “Авантаж” і дзіцячага фальклорнага – “Спадчына”. З дзяцінства любіць спяваць, танцаваць, маляваць. Зусім не дзіўна, што пасля заканчэння школы абрала для сябе творчую спецыяльнасць, зараз з’яўляецца студэнткай Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў. Дзяўчына марыць пра вандроўкі па свеце, у той жа час разумее, што для гэтага трэба шмат працаваць. Падчас усіх выхадаў Даша паспявала не толькі мяняць модныя сукенкі, але і “запальваць” залу выдатным настроем – у выніку стала “Міс Абаянне”.
Нямала талентаў мае Ірына Ціханава, якая працуе педагогам-арганізатарам у раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Яе “канёк” – правядзенне святаў для самых маленькіх ушачан, дзе можа і ў гламурную кошачкупераўвасобіцца, і вобраз шпіёна прымерыць. А яшчэ Ірына – мама Івана ды Мар’і, якія таксама не пабаяліся выйсці на сцэну, каб падтрымаць дарагога чалавека. Зрэшты, гэтым малышам можна толькі пазайздросціць: ласункаў у іх доме заўсёды шмат. Кулінарныя здольнасці Іры ацанілі і члены журы, а ў прысутных на мерапрыемстве ад аднаго выгляду торціка і зефірак, якія прыгатавала дзяўчына, пацяклі слінкі. Канкурсантка, якая паспявае яшчэ займацца кветкаводствам, пісаць вершы, атрымала званне “Міс Крэатыў”.
Па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам лічыць сябе Наталля Міхейка. Яна мае дружную сям’ю: мужа Аляксандра і прыгожых дачушак Сафію і Вераніку. Рэалізавала сябе дзяўчына і ў прафесіі: пасля заканчэння Полацкага ляснога каледжа стала майстрам лесу ў Плінскім лясніцтве. Зараз, пакуль у дэкрэтным адпачынку, знаходзіць час і на творчасць: актыўна ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, займаецца вакалам. Дарэчы, у сваёй візітоўцы дзяўчына расказала пра сябе праз вершы і песні.
Па суме ўсіх этапаў конкурсу менавіта Н.Міхейка стала “Міс Лета-2019”. І гэта быў той выпадак, калі меркаванне журы супала з глядацкім – спецыяльны прыз, які ўручаўся па выніках праведзенага галасавання, дастаўся таксама Наталлі.
Усе ўдзельніцы яркага мерапрыемства атрымалі памятныя падарункі ад арганізатараў – аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённага аб’яднання прафсаюзаў, раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і райкама БРСМ. Гледачы ж адзначылі, што з кожным годам конкурс прыгажосці на Ушаччыне становіцца больш масавым і змястоўным, набывае новыя фарбы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.