“Нядаўна па дарозе з Полацка стаў сведкам таго, як загарэўся аўтамабіль. У яго гаспадара і двух аўтаўладальнікаў, якія спыніліся дапамагчы, не спрацавалі вогнетушыцелі. Які ўсё ж раяць купляць выратавальнікі, каб ён дапамог у экстранным выпадку?”
Пытанне нашага чытача мы пераадрасавалі інспектару інспекцыі нагляду і прафілактыкі Ушацкага РАНС Віталю Васільевічу КАРЭЙША.
– Аўтамабілі камплектуюцца парашковымі ці вуглекіслотнымі вогнетушыцелямі. Прызначэнне ў іх адно – спыніць доступ кіслароду да ачага гарэння, але патрэбны эфект яны забяспечваюць па-рознаму. Парашок, распыляючыся, пакрывае паверхню і перашкаджае паўторнаму ўзгаранню, але дзейнічае лакальна, а ў ветранае надвор’е яго эфектыўнасць можа быць зведзена да нуля. Вуглекіслата астуджвае і здольна пранікаць у цяжкадаступныя месцы, куды парашок можа не дабрацца, але не перашкаджае паўторнаму ўзгаранню. Важны і аб’ём: літровыя прыборы, якія часта купляюць аўтамабілісты, дрэнныя памочнікі ў тушэнні пажару, лепш набыць пяцілітровыя. Набывайце вогнетушыцелі ў спецыялізаваных магазінах, сертыфікаваны тавар гарантуе дапамогу ў выпадку пажару. Азнаёмцеся з інструкцыяй – парадак дзеянняў для кожнага віду можа адрознівацца. Вогнетушыцель трэба абавязкова перазапраўляць: парашковыя – кожныя 1,5 года, а вуглекіслотныя – 1 раз у 5 гадоў.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.