У Праграме развіцця сельскай гаспадаркі да 2015 года, якая будзе прынята ў хуткім часе, перад раёнам пастаўлены не проста высокія, а вельмі высокія задачы. Старшыня райвыканкама Алег Анатольевіч Кавалёнак на вытворчай нарадзе агучыў перад прысутнымі толькі некалькі лічбаў: валавы збор зерня павінен дасягнуць 56 тысячы тон, калі сёлета планавалі 36, а атрымалі 21,7. Будзе і надалей раён вырошчваць лён на плошчы 500 гектараў. Столькі ж пасеяна і сёлета, які тэрмінова трэба ўбраць, каб з-за дажджоў не сапсавалася якасць сыравіны. Таму, як і ў ранейшыя гады, для дапамогі заводу на ўздым трасты будуць прыцягвацца работнікі з усіх арганізацый раёна, а таксама шэфы з Полацкага раёна. Алег Анатольевіч параіў кіраўніцтву завода перагледзець расцэнкі і разлічыцца з людзьмі на працягу кастрычніка за заробленае ў верасні.
Вялася размова пра падрыхтоўку да чарговага ацяпляльнага сезона: завоз лясгасам дроў да кацельняў школ, камунгасам па заяўках праводзяцца выпрабаванні на цеплатрасах і робіцца прамыўка сістэм. На працягу восені камунгас будзе працягваць падсыпку дарог па вёсках – зараз гэта работа вядзецца на тэрыторыі Вяркудскага сельсавета. Крытычна ацэнена старшынёй райвыканкама дзейнасць ПМК-66 па падрыхтоўцы Глыбачанскай школы ў летні час, работы актывізаваны на гэтым тыдні.
В.КАРАЛЕНКА.