Единый день информирования, который прошёл в трудовых коллективах Ушаччины, был посвящён спортивной тематике

Общество

“Спортам займаўся і ў школе, і на працягу вучобы ў ветакадэміі не закідаў валейбол, – казаў падчас сустрэчы з калектывам райветстанцыі першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. – Зараз жа, на жаль, з-за занятасці не заўсёды атрымліваецца”. Спартыўную тэматыку ў сельскагаспадарчым калектыве начальнік райсельгасхарча ўзняў недарэмна – ёй быў прысвечаны чарговы Адзіны дзень інфармавання, які ў чацвер прайшоў у арганізацыях раёна.

Канечне, спраў на пасадзе намесніка старшыні, які курыруе няпростую аграрную галіну, як кажуць, “вышэй даху”. Але многія з нас занятасцю апраўдваюць сваю ляноту, хаця і разумеюць усю карысць заняткамі калі не спортам, то хаця б фізічнай культурай. А ў нашым раёне з адкрыццём комплексу “Юнацтва-Ушачы” для гэтага створаны ўсе ўмовы. Дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба Андрэй Уладзіміравіч Жыткоў расказаў аб дзейнасці сваёй арганізацыі, якая і нясе спорт у масы – наладжвае фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы з насельніцтвам. Толькі ў гэтым годзе іх праведзена звыш двух дзясяткаў з удзелам больш трох тысяч чалавек. Для заняткаў таксама маюцца гарадскі стадыён па вуліцы Бабаедава, нядаўна пабудавана яшчэ адна футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём ля комплексу, устаноўлены многафункцыянальны сілавы трэнажор, і ў аграгарадках, і ў гарпасёлку для правядзення мерапрыемстваў актыўна задзейнічаецца база ўстаноў адукацыі. Створаны фітнес-групы “Пілатэс” і “Зумба”, група дзіцячага фітнесу, асобна праводзяцца заняткі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Клуб “Імпульс” аб’ядноўвае актыўных людзей пажылога ўзросту. Плённа працуе і дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, дзе школьнікі займаюцца на аддзяленнях кулявой стральбы, дзюдо і самба, лёгкай атлетыкі, нядаўна адкрыта аддзяленне плавання.

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Віктараўна Бельская спынілася на дасягненнях беларускага спорту і ў прыватнасці Віцебшчыны, выніках ІІ Еўрапейскіх гульняў, дзе спартсмены нашай краіны занялі другое месца ў камандным заліку, а прадстаўнікі нашай вобласці прынеслі ў скарбонку каманды 11 медалёў – у скачках на батуце, велагонках, лёгкай атлетыцы. Цэлы россып медалёў заваявалі дзюдаісты і самбісты. І ў гэтым ёсць і ўшацкі ўнёсак – нацыянальная зборная па гэтых відах адзін з вучэбна-трэніровачных збораў пры падрыхтоўцы да Еўрагульняў праводзіла на “Юнацтва-Ушачы”. Комплекс запатрабаваны не толькі ва ўшачан, жыхароў суседніх Лепельскага і Полацкага раёнаў, а і ў расіян – суаднёсшы кошт і якасць паслуг – да нас едуць не толькі з еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі, а нават з Сахаліна! Прыём такіх дэлегацый дазваляе комплексу мець даволі высокі працэнт акупнасці. Вось толькі некаторым камандам прыходзіцца адмаўляць з прычыны недастатковай колькасці месцаў у інтэрнаце, таму кіраўніцтва раёна прымае пэўныя захады, каб ажыццявіць будаўніцтва ля комплексу гасцініцы на 60 месцаў – гэта дазволіць прымаць больш гасцей і такім чынам павысіць даходную частку.

Як бачна, фізкультурна-спартыўная сфера з’яўляецца адной з тых, за якую не сорамна на абласным і нават рэспубліканскім узроўні, чаго не скажаш пра тую ж сельскую гаспадарку. “Адно з пытанняў, якое часта задаюць людзі на сустрэчах: “Ці будзе скасаваны раён”, – казаў С.С.Садоўскі. – Дык гэта залежыць ад нас з вамі! Будзем працаваць належным чынам – не закрыюцца прадпрыемствы, застанецца моладзь, гэта ж відавочна!” Сяргей Сяргеевіч, звяртаючыся да работнікаў ветстанцыі, звярнуў увагу на праблемныя пытанні ў дзейнасці арганізацыі, агучыў сваё бачанне па развіцці прадпрыемства, прасіў спецыялістаў адносіцца да працы з поўнай адказнасцю. Ад іх дзейнасці залежыць вельмі многае – захаванасць у гаспадарках жывёлы, пагалоўе якой і так невялікае, і скараціць яго недапушчальна.

Перспектывамі развіцця раёна цікавіліся і работнікі ТАА “Лес”, дзе Адзіны дзень інфармавання праводзіў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка. Уладзімір Генадзьевіч адзначыў, што інтарэс інвестараў да раёна ёсць – у Хадакове поўным ходам ідзе рэкаструкцыя былой фермы пад свінагадоўчы аб’ект, кампанія “Віцебскаграпрадукт” мае намер арганізаваць вытворчасць свініны і на базе МТФ “Слабада”, якую можна будзе ёй перадаць пасля завяршэння працэдуры банкруцтва КУСГП “Арэхаўна”. Фірма “Інтэрбовіс” на былым хімцэнтры ля Кублішчына ладзіць вытворчасць драўнянага вугалю, хутка адкрыецца дрэваапрацоўчы цэх лясгаса ў Градзянцы, ёсць інтарэс патэнцыяльных інвестараў і да пустуючых аб’ектаў у Вяркудах, Кублічах, былога льнозавода, вядзецца будаўніцтва гандлёвага цэнтра ў раёне ПМК-66, яшчэ адзін павінен з’явіцца на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Камсамольскай. Усё гэта – працоўныя месцы, павышэнне якасці абслугоўвання. Уладзімір Генадзьевіч таксама агучыў планы па завяршэнні мадэрнізацыі цэнтральнай раённай бальніцы, дзіцячага ясляў-сада №3, які плануецца адкрыць да новага навучальнага года. А вось новая школа мастацтваў расчыніць свае дзверы для дзяцей і педагогаў у наступным.

Работнікам ТАА “Лес” хацелася б, каб у адміністрацыйным будынку былога агароднінасушыльнага завода зноў запрацаваў магазін. У.Г.Аўдошка патлумачыў, што гэта пытанне трэба будзе вырашаць з кіраўніцтвам райспажыўтаварыста – цяпер яно стала ўласнікам цэха па разліве безалкагольных напіткаў. Зноў паступіла нараканне на вываз смеццевых кантэйнераў з сельскіх населеных пунктаў – жыллёва-камунальная служба ніяк не можа вырашыць гэта набалелае пытанне, якое будзе ўзята на жорсткі кантроль. Наогул усе звароты да старшыні райвыканкама насілі грамадскі характар – у таварыстве працуюць нераўнадушныя грамадзяне.

У чацвер інфармацыйна-прапагандысцкія групы райвыканкама наведалі яшчэ некалькі працоўных калектываў. Магчымасцю задаць свае пытанні намеснікам старшыні райвыканкама Алене Васільеўне Пашковіч і Валянціне Леанідаўне Хамёнак скарысталіся работнікі Арэхаўскага ясляў-сада і ТАА “ТвестубаПРО”.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *