Абласныя спаборніцтвы прафесійнага майстэрства “Лесаруб-2019” сабралі на мінулым тыдні ў Обалі больш паўсотні прафесіяналаў з 19 лясгасаў Віцебшчыны. За званне лепшых змагаліся і ўшачане Аляксей Первянёнак з Сарочынскага, Сяргей Мішын з Касарскога і Уладзімір Кастаненка з Вялікадолецкага лясніцтваў, якія ўвайшлі ў пяцёрку мацнейшых на раённых спаборніцтвах. Асобна выступалі сёлета юніёры, сярод іх гонар Ушаччыны абараняў малады майстар лесу Плінскага лясніцтва Дзмітрый Дунец. Трэнерам каманды быў начальнік бюро аховы працы Ушацкага лясгаса Ігар Яўстаф’евіч Ардынскі.
Лесарубы дэманстравалі майстэрства ў валцы дрэва, мантажы ланцуга бензапілы, абрэзцы сукоў, эстафеце, дакладным і камбінаваным распілоўванні. Менавіта ў апошнім відзе першае месца заваяваў С.Мішын. Паспяхова склаўся дэбют для Д.Дунца, які таксама ў камбінаваным распілоўванні толькі сярод маладых працаўнікоў стаў другім. Пераможцы атрымалі не толькі кубкі, граматы, а і прыбаўку да зарплаты ў выглядзе грашовых прэмій. І хоць у агульнакамандным заліку ўшацкія лесарубы не трапілі ў лідары, але дастойна выглядалі і на іншых этапах. Абсалютную ж перамогу другі год запар святкавалі прафесіяналы з Бягомльскага лясгаса.
Вольга КАМАРКОВА.