Прыгожы падарунак роднай Ушаччыне на бягучым тыдні зрабілі актывісты раённага савета ветэранаў. У рамках Года малой Радзімы яны высадзілі ў цэнтры гарпасёлка дзевяць руж. У зборы сродкаў на іх набыццё паўдзельнічала і раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын.
– Сёння працаваць тут – адно задавальненне, – за справай зазначае Ніна Аляксандраўна Васілеўская, старшыня ветэранскай арганізацыі. – Кветнік на вачах пераўвасабляецца. Упэўнена: такую прыгажосць ацэняць усе нашы землякі, госці гарпасёлка. І вельмі спадзяюся, што не знойдзецца жадаючых “перасяліць” ружы на ўласны ўчастак. Падстрахуюць жа ад гэтага відэакамеры, устаноўленыя непадалёк.
Важнасць справы добраўпарадкавання разумеюць і ўшачанкі Наталля Васільеўна Глінская, Любоў Якаўлеўна Шарак, якія паўдзельнічалі ў пасадцы. Дапамагала ж кветкаводам-аматарам вопытны азеляніцель камунгаса Святлана Васільеўна Ісаева.
– Гэта наш невялікі ўклад ва ўпрыгожанне Ушаччыны, – кажуць жанчыны. – Магчыма, такую ініцыятыву падтрымаюць і прадстаўнікі іншых арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў раёна.