Суботнім ранкам неба крыху пасвятлела і, здавалася, дождж, якога яшчэ тыдзень таму так чакалі, уступіць месца сонейку. Але несуцяшальны прагноз хутка пацвердзіўся і, ўзброіўшыся парасонамі, накіраваліся на плошчу. На гадзінніку было палова дзявятага, настрой – не вельмі, думалася: “Ну якое можа быць свята ў такое надвор’е?!” Аказваецца, што можа. І ў гэтым упэўніліся не толькі мы, а і тыя смельчакі-ушачане, хто таксама рызыкнулі выйсці пад дождж і ўжо такім чынам “паэкстрэмаліць” на фестывалі “EXTREME Прарыў”.
Калі ў каго і былі сумненні, адпраўляцца на узлётна-пасадачную паласу ля Кублішчына або не, то яны адпалі ўжо пасля першай часткі праграмы – заездаў майстроў стантрайдынга. “Унук кажа, што такога нават у Віцебску не бачыў!” – расказваў Аляксандр Сяргеевіч Лосеў, які прыйшоў паназіраць за відовішчам. Гулам рухавікоў аўтамабіляў ушачан асоба не здзівіш – не адзін этап Кубка краіны па аўтаралі праходзіў на нашых гравійках. А вось паказальныя выступленні на матацыклах – зусім іншае. “Колькі ж ім пакрышак патрэбна не тое што ў год, а на месяц?” – задаваліся пытаннем гледачы, каменціруючы трукі ўдзельнікаў заездаў, калі гума дымела нават на мокрым асфальце. Хлопцы са сталічнага клуба яўна не шкадавалі свае пітбайкі – назваць гэтыя апараты звычайнымі матацыкламі не паварочваецца язык. Язда без рук, спіной наперад, стоячы, на заднім, а то і на пярэднім коле. Зразумела, што дасягаецца такое майстэрства ўпартымі трэніроўкамі, а тэхніка сур’ёзна мадыфікавана. Назіралі за заездамі і гоншчыкі-аўтамабілісты, якіх чакалі хуткія старты, і іншыя героі фестывалю – байцы змешанага стылю і вадналыжнікі, плыўцы і асілкі-экстрэмалы. Усе ўдзельнікі і арганізатары на чале з загадчыкам сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргеем Іванавічам Ціханёнкам прайшлі маршам па плошчы, іх віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, члены раённага выканаўчага камітэта і гледачы, якіх прыбывала – пад’язджалі іншагароднія дэлегацыі. Эмацыянальнай атрымалася прамова Сяргея Васільевіча Фаміна – ушацкі ветэран-вадналыжнік і адзін з арганізатараў “воднай” часткі мерапрыемства з’яўляецца сапраўдным патрыётам сваёй малой радзімы.
З плошчы кавалькада аўтамабіляў накіравалася на аўтадром. Ля былога хімцэнтра ў гэты час выстраілася таксама значная колькасць тэхнікі як удзельнікаў, так і груп падтрымкі. Усе чакалі пачатку джымханы – спаборніцтваў па хуткасным манеўраванні, якія праводзяцца ў выглядзе паралельных заездаў спартыўных аўтамабіляў. Фармат відовішчны і эмацыянальны – акрамя барацьбы з віражамі і хуткасцю трэба змагацца і з сапернікам, які імчыць паралельна па такім жа маршруце. З-за дрэннага надвор’я колькасць удзельнікаў скарацілася прыкладна ўдвая і на мокры асфальт рызыкнула выехаць прыкладна палова з 30 першапачаткова заяўленых гоншчыкаў. Тым не менш спаборніцтвы прайшлі па ўсіх правілах, а залік вёўся ў трох класах у залежнасці ад прываду аўтамабіляў – пярэдні, задні або поўны.
Пасля кваліфікацыі фіналы праводзіліся па алімпійскай сістэме на выбыванне, дзе адразу бачна, хто перамог і прайшоў далей – з-за дажджу траса станавілася ўсё больш небяспечнай, былі заносы і вылеты на віражах, збітыя пакрышкі, але ўсё прайшло без сур’ёзных аварый. Трэба адзначыць нашых работнікаў сферы фізічнай культуры і спорту, якія ў сціслыя тэрміны зрабілі вельмі шмат для падрыхтоўкі трасы, зон бяспекі – адных пакрышак для разметкі трэба было сабраць каля 300 штук!
У перапынках паміж стартамі ўвагу дзяцей і дарослых прыцягвала зона, дзе можна было пакатацца на дрыфт-траках. Гэта трохколавая тэхніка больш усяго нагадвае сумесь карта і матацыкла. Правоў на кіраванне транспартнымі сродкамі не пыталіся, таму ўзроставы дыяпазон тых, хто на некалькі хвілін адчуў сябе гоншчыкам, быў вельмі шырокім: шлём на галаву, кароткі інструктаж – і наперад.
У прафесіяналаў жа ў выніку відовішчных заездаў у розных класах перамогу атрымалі Аляксей Пасынкаў на “Honda S2000”, Яўген Цэдрык на “Peugeot 205 GTi” і Уладзімір Рыхліцкі на “VW GOLF R”, а ў прызёры трапілі амаль усе. І на цырымоніі ўзнагароджання па традыцыі з задавальненнем палівалі з п’едэсталу шампанскім як адзін аднаго, так і гледачоў. Апошнія не асабліва і ўхіляліся – былі хоць і мокрыя, але задаволеныя відовішчам, а многія пасля завяршэння афіцыйных заездаў не ўтрымаліся і на ўласных аўтамабілях таксама сталі праходзіць трасу, адкуль накіроўваліся на Вечалле.
Хто тыя смельчакі, што на возеры рабілі заплыў на хуткасць на 250 і 500 метраў? Старшыня беларускай федэрацыі па загартоўванні і спартыўным зімовым плаванні Уладзімір Шульган называе імёны юнакоў і дзяўчат з Беларусі і Расіі. Сярод іх – Алена Савунова, якую прама на сцэне прымаюць у свае рады. Прапануюць уступіць у федэрацыю і ўшачанам. Умова простая – прама зараз зрабіць заплыў. Праўда, ахвотнікаў не знаходзіцца, усе шчыльна апрануты ў курткі.
А вось Асман Дзелібаш сцвярджае, што тэмпература вады больш чым лагодная. Масквічка з беларускімі каранямі ўжо не першы год маржуе, і мужа Сяргея прывучыла. Яны штогод прыязджаюць у Мінск на Кубак па зімовым плаванні, дзе збіраюцца экстрэмалы з розных краін, паколькі дзяўчына выкарыстоўвае любую магчымасць пабыць на радзіме матулі ў Лагойску. Яна неаднаразовая чэмпіёнка Расіі, фіналістка тэлепраекта “Удивительные люди”, за ёй і сусветны рэкорд знаходжання ў ледзяной вадзе – гадзіна, які яна збіраецца хутка павялічыць яшчэ на дзесяць мінут. Экстрэмальная і работа – актрыса-каскадзёр, і нават знаёмства з будучым мужам. Сяргей выратаваў ёй жыццё, калі Асман павялічвала свой рэкорд знаходжання пад вадой і засела паміж камянямі.
Вось такія ўнікальныя асобы прысутнічалі ў суботу ва Ушачах на фестывалі экстрэмальных відаў спорту. Большасць з іх – упершыню, як, напрыклад, асілкі Беларусі з аднайменнага клуба. Зарэгістраваны ён у Полацку, а вось волаты ў ім – з усёй краіны: дванаццаць, чацвёра з якіх прыехалі ва Ушачы. Падсілкаваўшыся шашлыкамі, яны лёгка пачалі цягаць пад горку па тры заведзеныя машыны. Нават стройная Вікторыя Мікалаева з Магілёва, якая выкладае ў секцыі фітнэсу і бодзібілдынгу, майстрам спорту якога з’яўляецца. А вось так весела, у падарожжах, яны праводзяць кожныя выхадныя: калясяць па Беларусі і ўдзельнічаюць у розных фестывалях.
Менавіта іх клуб арганізаваў ля возера Вечалля самае відовішчнае шоу. Спачатку на шашы, дзе дэманстравалі перацягванне грузу пад 6 тон адным чалавекам. Ушачан, праўда, мала чым можна здзівіць. “Узялі б яны наш ЗіЛ, які ў гараж запіхваем, – абмяркоўвалі мужчыны. – Прыйду дадому, абавязкова паспрабую сваю машыну “на буксір” узяць”.
А вось хто ахвотна дэманстраваў свае сілы непасрэдна перад гледачамі, дык гэта Віталь Жогаль, за што і атрымаў медаль. Як і Сяргей Пацэвіч, ён перыядычна нагружае мышцы ў трэнажорцы аздараўленчага комплексу, дзе раней займаўся дзюдо. А на зялёнай пляцоўцы Віталь падыходзіў да ўсіх снарадаў: і нязручнай “гантэлі” вагой усяго 70 кілаграмаў, і шара-камяня ў 115. Хіба што “вароты” вагой 410 кілаграмаў як асілкі не пераносіў, у тым ліку з жывым грузам з ліку гледачоў. Калі ж паказальныя выступленні закончыліся, паспрабаваць сілы не на публіцы знайшлося куды болей жадаючых. Нават зусім малыя цягнулі бацькоў, дзядоў да снарадаў, а таксама на фотасесію з мускулістымі хлопцамі.
А хто прыязджае ва Ушачы пастаянна, дык гэта вейкбардзісты. Мінская суполка раскінула цэлы палатачны гарадок і выдатна адчувала сябе, нягледзячы на перыядычны дождж.
– Мы рыхтуемся да падарожжа ва Ушачы за паўгода, у любое надвор’е, – гаворыць Вераніка Асачова, якую моладзь кліча сваёй вейк-матуляй. – Мой сын Дан пачынаў яшчэ падчас першых спаборніцтваў, калі быў малым, зараз яму 18. У нас шмат сяброў, ну а Дзіма Шаўчэнка для яго і старэйшы брат, і трэнер. Едзем ва Ушачы за атмасферай! Яна тут унікальная. І добра, што сёлета далучылі спаборніцтвы па іншых экстрэмальных відах спорту, каб у людзей быў выбар, што паглядзець, і, галоўнае, чым займацца.
Што вейкбардзісты адчуваюць сябе на водна-аднаўленчым цэнтры С.В.Фаміна як дома, сведчылі не толькі ўстаноўленыя паўсюдна мангалы, але нават дзве лазні ў палатках. Папарыўся – і ў ваду. Сам жа Сяргей Васільевіч на вялікай хвалі асвойваў новы для сябе від – веславанне на сапбордзе – чатырохмясцовай лёгкай “дошцы”, на якой вельмі складана проста трымаць раўнавагу.
Прыемна, што некалі вельмі папулярная ва Ушачах “канатная дарожка” зноў набірае прыхільнікаў. У класе аматараў выступаў Ілья Бабаедаў, паглядзець на якога прыйшло многа нашых. Кожны тыдзень стараецца патрэніравацца і ў Мінску, і калі прыязджае дамоў, Аляксандра Бяльковіч, што выступала сярод прафесіяналаў. У гэтай жа групе “Опен”, толькі сярод мужчын змагаліся прадстаўнікі Ушацкага клуба Антон Латышаў і Дзмітрый Шаўчэнка. Апошні, дарэчы, як дырэктар кампаніі “Вітрухавікдэталь”, з’яўляецца пастаянным спонсарам спаборніцтваў, што праводзіць Федэрацыя водных лыж і вэйкборду Беларусі. Зразумела, як і член яе прэзідыума С.В.Фамін.
Выступленні на шматлікіх пляцоўках праходзілі паралельна. І калі райдары выпісвалі паказальныя трукі на вадзе, на пляжы Вечалля ішлі баі без правіл. Зусім недзіцячы від, хоць рынг абступіла вельмі многа нават дашкольнікаў. Бокс, кікбоксінг, барацьба – спалучалася ўсё, і на жаль, не абышлося без умяшальніцтва медыкаў. Шырокай была і геаграфія ўдзельнікаў. Гэта не толькі прадстаўнікі клубаў з Докшыц, Наваполацка, Салігорска, Віцебска, але нават з Туркменістана.
Трэба зазначыць, што надвор’е паспрыяла таму, каб фестываль поўнасцю адпавядаў сваёй назве. Вейкбардзісты пераносілі старты, каб хоць крыху цішэй стала хваля. У экстрэмальных умовах працавалі і гандляры: вялізную палатку райспажыўтаварыства некалькі разоў зносіла ветрам. Работнікі культуры паніжэй ставілі букеты, прынесеныя на купальскі конкурс, а аматары “рыбалкі на прызы” па некалькі разоў закідвалі вуду.
Самымі стойкімі аказаліся нашы людзі, сапраўдныя аматары экстрыму. З малымі дзецьмі, цэлымі сем’ямі, яны прыйшлі на пляцоўкі фестывалю, каб паглядзець на смельчакоў і паказаць сябе. Ну і, канечне, каб пашырыць уяўленне аб чалавечых магчымасцях, часта проста бязмежных.
Падрыхтавалі Дзмітрый РАМАНОЎСКІ, Вольга КАРАЛЕНКА.