“Спадарожнік” проста не пазнаць!” Такі водгук цяпер нярэдка чуюць работнікі сарочынскага кафетэрыя, а тыя, хто зазірнуў сюды ўпершыню, упэўнена, спыняцца на ажыўленай трасе яшчэ не раз. Сёлета “Спадарожнік” Ушацкага райспажыўтаварыства пераўтварыўся ў аб’ект грамадскага харчавання пад брэндам “Еда&Кофе”.
За дзень міма праязджаюць тысячы машын. Як прыцягнуць увагу вадзіцеляў і турыстаў? Адказ відавочны: патрэбны прыгожы інтэр’ер, шырокі асартымент прадукцыі. Усё гэта пастараліся ўлічыць ушацкія кааператары. Пасля перапрафілявання аб’ект грамадскага харчавання стаў стыльным, утульным, сучасным, павялічылася колькасць пасадачных месцаў у зале.
Канечне, прыцягваюць тут наведвальнікаў не толькі новым дызайнам, а і шырокім асартыментам гарачых напіткаў, кандытарскіх і кулінарных вырабаў, прадукцыі шокавай замарозкі.
– Вельмі любяць кліенты нашу ўшацкую выпечку. Доўга не залежваюцца пірожныя, піражкі, булачкі, заўсёды ўсё свежае і смачнае. У ліку самых хадавых тавараў і піца, марожанае, напіткі, кава, чай, – расказвае бармен кафэ Святлана Міхайлаўна Хвасціёнак.
Зрэшты, тут можна не толькі падсілкавацца перад дарогай ці купіць штосьці неабходнае, а і скарыстацца комплексам паслуг ад зарадкі мабільнага тэлефона і прагляду тэлевізара да бясплатнага інтэрнэту WI-FI. У невялікім памяшканні знайшлося месца і для рэкламы ўшацкага краю – буклеты пра наш раён, яго знакавыя аб’екты наведвальнікі могуць як прагледзець на месцы, так і прыхапіць з сабой.
Трэба адзначыць, што перапрафіляванне ўжо дало свой вынік – кафетэрый стаў больш папулярным, а месячны тавараабарот складае каля 12 тысяч рублёў. Тут, як і ў любой гандлёвай кропцы спажыўкааперацыі, рады кожнаму пакупніку.
Вольга КАМАРКОВА.