З двух бакоў ляжаць складзеныя ў кучы галіны дрэў, хмызняк… многа. Па вогненных лініях лётчыкі бачылі межы аэрадрома. І вось ужо чутны гул, збіраюцца падпальваць сігнальныя кастры, ды радыст паспявае паведаміць, што самалёта сёння не будзе. Аказваецца, у небе кружыць нямецкі апарат: даведаўшыся пра існаванне ў Пліна аэрадрома, фашысты задумалі замаскіравацца пад сваіх і знішчыць мсціўцаў і савецкі самалёт. І партызаны рашаюць прыняць няпрошаных гасцей, папярэдне акружыўшы пляцоўку. Загараюцца кастры… фашысты выходзяць з самалёта і трапляюць пад агонь. Мсціўцы ж вяртаюцца з багатымі трафеямі.
На тэрыторыі ўшацкай зоны існавала тры партызанскіх аэрадромы – за Сержанамі, Плінам і зімовы – на возеры Вечалле, а таксама некалькі пасадачных палос, напрыклад, за Загор’ем, Ляхавічамі, Віркамі.
Памер сержаноўскага аэрадрома: 600 на 75 метраў. Ён быў прыдатны для прыёму планераў, самалётаў У-2, Р-5, Як-6, “Дуглас”: два апошніх – у сухое надвор’е. Першую эскадрыллю 105 палка (у якой лётаў і Аляксандр Мамкін) так і называлі – партызанскай, з 1942 года яна ажыццявіла 2239 вылетаў з пасадкай у тыле ворага. У пачатку 1944 года для работы з Ушацкай партызанскай зонай была прыцягнута 314 авіядывізія. Калі з’явіліся самалёты СБ, груз дастаўлялі ў мяшках, якія спускалі з парашутамі. Самымі ж грузапад’ёмнымі з’яўляліся авіяпланеры, аднак і больш складанымі ў кіраванні.
Важнасць паветранага моста для партызан была проста каласальнай. Зброя, боепрыпасы, прадукты харчавання, адзенне, лекі… Падчас эпідэміі ў 1943-1944 гады на сыпны тыф перахварэла 25 працэнтаў насельніцтва Ушацкага раёна. Людзі паміралі сем’ямі. Невядома, ці стрымалі б яе, калі б не вакцына, дастаўленая лётчыкамі. Унікальная партызанская галерэя захавалася толькі дзякуючы таму, што палотны самалётамі вывезлі на Вялікую зямлю. Колькі параненых партызан засталіся жывыя, бо своечасова перапраўлены на лячэнне ў стацыянарныя шпіталі.
Аднак, далёка не кожны палёт заканчваўся паспяхова. У брацкай магіле ў Вялікіх Дольцах ляжаць лётчыкі Лешчанка, Барада, Тарасюк, якія на ЛІ-2 везлі больш дзвюх тон грузаў і былі збіты нямецкім знішчальнікам. На плітах мемарыяльнага комплексу “Прарыў” выбіта прозвішча стралка-радыста Мікалая Лебедзева: партызаны паспелі выцягнуць яго з палаючага У-2, але не выратавалі. Гарэў зажыва, але пасадзіў самалёт з дзецьмі А.Мамкін… І гэта не поўны спіс.
На месцы ўсіх трох партызанскіх аэрадромаў на Ушаччыне ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.
Вольга Караленка.