Накануне Дня Независимости в Ушачах открыли памятник партизанам Михаилу и Фёдору Мащёвым

В памяти их имена

Могілкі за касцёлам, якія ў нас завуць каталіцкімі, даўно закрытыя. Аднак напярэдадні Дня Незалежнасці туды рушыла працэсія з кветкамі. Ушачане сабраліся ля магілы партызан – бацькі і сына Міхаіла Фёдаравіча і Фёдара Міхайлавіча Машчовых, каб адкрыць на ёй новы помнік героям, а па сутнасці – вярнуць іх імёны нашчадкам.

– Гадоў з трыццаць таму Ядзвіга Ігнатаўна Тарасевіч вяла паказальны ўрок ва Ушацкай школе. Пасля асноўнай, літаратурнай часткі, зрабіла выхаваўча-патрыятычную хвіліну. Павесіла малюнак, на якім маленькі партызан выводзіў з ускрайку хлебнага поля да лесу дваіх лётчыкаў, а ўдалечыні ўжо паказаліся немцы. “Я ведаю, гэта Федзя Машчоў – разведчык брыгады “Дубава”, – не стрымалася Света Рубанік, якая напярэдадні прачытала кнігу “Во имя Родины”. І хоць патрыятычная хвіліна зацягвалася, дзяўчыну не стрымлівалі, з такім запалам яна расказвала і пра партызанскую галерэю, і пра гэтую карціну, і пра малалетняга ўшацкага мсціўца.
Федзя ў атрад трапіў разам з сям’ёй у самым пачатку партызанскага руху. Бацькі былі падпольшчыкамі, іх дом па Ніжня-Набярэжнай (невялікі, побач з сённяшняй бібліятэкай) служыў явачнай кватэрай, аднак “засвяціўся”. І калі бацька, былы дырэктар маслазавода, вырваўся з фашысцкага засценка, маці з сынам трымалі ў хаце “на жыўца”. Пакінулі засаду, сказаўшы, “прыйдзе воўк да ваўчаня”. Аднак Ганна Сяргееўна аказалася вынаходлівай жанчынай: напякла макоўнікаў, усыпіла варту і праз акно з Фёдарам таксама ўцякла да партызан.
Так і служылі ўтрох. Бацька – камандзірам атрада разведкі і кіраваў гаспадарчым узводам, маці – поварам. Восенню 1942-га ўжо быў у разведцы і Федзя. Не хацелі пускаць родныя, малы зусім, толькі дванаццаць. Не заўсёды бралі з сабой на заданні і партызаны, шкадавалі. Дарэчы, адзін з такіх выпадкаў, можна сказаць, адлюстраваны на ваенным фотаздымку хлопчыка. “Група накіроўвалася на падрыў чыгункі, а Фёдара пакідалі. Ад крыўды ў яго нават дрыжэлі губы. Каб адцягнуць увагу, я павёў яго фатаграфавацца. “Так не гадзіцца”, – сказаў Васіль Вітко і прывёў Фёдара ўжо пры поўнай амуніцыі. Хлопца ўсе стараліся апякаць: і гімнасцёрку падагналі, і галіфэ ўшылі, В.Вітко абрэзаў яму прыклад на нямецкай вінтоўцы, каб лягчэй насіць. Патранташ на здымку таксама нямецкі, на поясе – граната РГД – для паўнаты вобраза. Толькі бачна, што заплаканы”, – апісваў партызан М.Абрыньба і характарызаваў Федзю як добрага, разумнага разведчыка…
У малалетніх, канечне, была перавага. Дзе хочаш пройдуць, менш выклікаюць падазрэння нават у незнаёмым месцы – хто ж падумае на такога. Усё гэта так, толькі адкуль у малечы смеласць? Ад непадробнай нянавісці да ворага, і канечне, ад бацькоў. Ганна Машчова, як і ў папярэднім выпадку, зусім не разгубілася, калі конь панёс падводу, на якой везла абеды, прама на немцаў. Ліха завярнула і паспела скрыцца. Міхаіл Фёдаравіч за падрыў саставаў на чыгунцы нават прадстаўляўся да ордэна Чырвонага Сцяга. І ў Фёдара было шмат баявых заданняў, адно з іх – на той карціне, дзе ён, па сутнасці, паслужыў прататыпам усіх юных мсціўцаў.
Пасля вайны сям’я Машчовых узяла на выхаванне сірату – пляменніцу Ганны Сяргееўны і маці Людмілы Яўгенаўны Ярмош. Міхаіл Фёдаравіч памёр вельмі рана. Фёдар Міхайлавіч працаваў у Магілёўскім абкоме партыі, выкладаў у тэхнікумах і школах.
– На яго ўроках было чутна, як пралятае муха – такая стаяла цішыня, – прыгадвала яго вучаніца Любоў Якаўлеўна Шарак. – Усе слухалі матэрыял, адкрыўшы рот, настолькі цікава, вобразна ён падаваў.
– Ніколі не карыстаўся канспектамі. Залатая галава. Чаго варта – скончыць Маскоўскі інстытут міжнародных адносін, – дадаў ініцыятар аднаўлення помніка, старшыня ветэранскай пярвічкі Ушацкай школы С.Т.Белавусаў. – Я шчыра ўдзячны ўсім, хто ажыццявіў задуманае.
А зрабілі гэта раённыя арганізацыі савета ветэранаў і Беларускага фонду міру. Старшыня міратворцаў Т.М.Малак прыгадала, што гэта не першы помнік у раёне, які ўвекавечвае імёны змагароў выключна за ахвяраванні ўшачан.Агучыла планы – устанавіць абеліск усім дзецям вайны. А старшыня райсавета ветэранаў Н.А.Васілеўская, якая і арганізоўвала ўсе работы, дадала, што побач з помнікам Машчовым мяркуюць паставіць і інфармацыйны стэнд, каб людзі ведалі, хто тут пахаваны. Неабходна дадаць, што ўстанавіла помнік, а таксама зрабіла добраўпарадкаванне ў якасці ахвяравання фірма “Плінскія вянкі”, на расчыстцы тэрыторыі, якая была моцна зарослая, працавалі камунальнікі, ДРБУ-105 прывезла гравій.
– Напярэдадні 75-й гадавіны вызвалення раёна і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы зрабілі вельмі годную справу, – падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч. – Важна, каб і мы, і нашы дзеці памяталі тых, хто змагаўся за свабоду, што побач з дарослымі былі зусім яшчэ дзеці. І цяпер неабходна падтрымліваць парадак на гэтым месцы, замацаваць за ім шэфства.
Не склалася асабістае жыццё ў Ф.М.Машчова, не памятае яго дачка – выкладчык Віцебскай медыцынскай акадэміі, але нядаўна наведвала Ушачы і музей, аднавіла для сябе баявы шлях блізкіх. І ў калоне “Беларусь памятае” заўтра будзе “ісці” і юны Фёдар Машчоў – яго партрэт упершыню панясе унук-кадэт.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *