Молодые специалисты отдела культуры Ушаччины

Общество

Адразу тры пасады ў раённым Доме культуры занялі маладыя спецыялісты. І ўсе яны нашы, з Ушаччыны.

Ганна Елісеева з Двор Пліна, яшчэ калі была старшакласніцай, спрабавала пісаць невялікія вершыкі, удзельнічаць у пастаноўках. А аднойчы нават напісала сцэнарый адной з іх для раённага Дома культуры. Пасля дзяўчына паступіла ў каледж мастацтваў, набыла спецыяльнасць рэжысёра народных абрадаў і святаў. І вось цяпер пачынае сваю працоўную дзейнасць, пры гэтым працягне ўдасканальвацца ў прафесіі, завочна паступіла ва універсітэт культуры на факультэт “Менеджмент міжнародных культурных сувязей”.

– Цяпер галоўнае – набраць удзельнікаў драматычнага гуртка, – падзялілася бліжэйшымі планамі Ганна, – спадзяюся, жадаючыя будуць, асабліва сярод вучнёўскай моладзі. Чакаю пачатку вучэбнага года ў школах. Пачнём з асновы тэатра: са сцэнічнай мовы, пластыкі, мімічнага майстэрства. Потым ужо пяройдзем непасрэдна да канкрэтных пастановак.

Сапраўды, драматычная дзейнасць нашых культустаноў нельга сказаць, каб актыўна развівалася да гэтага. Таму такой работай трэба займацца амаль з нуля. І малады спецыяліст тут вельмі дарэчы.

Фарміруецца сцэнічны калектыў, а пакуль прыйшоўшая працаваць работніца часу дарма не губляе. Яна актыўна ўключылася ў правядзенне мерапрыемстваў, якія наладжваюцца Домам культуры. Першым для яе было прафесійнае свята будаўнікоў. Ганна прыдумала ў пачатку ўрачыстасці тэатралізацыю і разам з яшчэ адным новым работнікам Арцёмам Біруковым яны вялі праграму.

Мяркуецца ў РДК унесці змены ў работу з дзецьмі. Гэтым будзе займацца Арцём Бірукоў. Ён з Ушачаў, ведае моладзь, у тым ліку і вучнёўскую, напэўна, знойдзе кантакт з дзецьмі, тым больш, будзе павышаць свой прафесійны ўзровень, сёлета паступіў завочна ў каледж мастацтваў.

Умацаваўся калектыў раённага Дома культуры яшчэ адным спецыялістам па танцах. Скончыла каледж мастацтваў Таццяна Мірончыкава, якая пражывае ў гарпасёлку, прыйшла працаваць. Яна набірае жадаючых вучыцца танцам, папаўняе групавыя і індывідуальныя, платныя і бясплатныя саставы ўдзельнікаў. У РДК маецца пакой для заняткаў, дываны на падлозе, станкі, музычнае суправаджэнне.

Калі знаёмілася з маладымі спецыялістамі, якія папоўнілі калектыў раённага Дома культуры, яны папрасілі напомніць праз газету жадаючым запісацца ў гурткі нумар тэлефона, па якім можна гэта зрабіць. Тэлефон: 2-72-37.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *