Выдатнай назваў работу арганізацыйнага камітэта ІІ Еўрапейскіх гульняў прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч.У галоўным спартыўным форуме кантынента прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх 50 еўрапейскіх краін, прычым медалістамі сталі атлеты з 43-х. У медалёвым заліку па-за канкурэнцыяй аказаліся расіяне, на рахунку якіх 109 узнагарод, другое месца з 69 медалямі занялі беларускія спартсмены. Самым узроставым удзельнікам Гульняў стала 61-гадовая ізраільская бадмінтаністка, самай маладой – 14-гадовая акрабатка з Украіны. Найменшай была дэлегацыя Ліхтэнштэйна (1 дзюдаіст), найвялікшай – расійская (224 атлеты). Спаборніцтвы ўбачылі мільёны тэлегледачоў у 196 краінах свету.
Яркім і незабыўным шоў стала цырымонія закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў. Сярод ганаровых гасцей урачыстасці былі прэзідэнты Беларусі А.Лукашэнка, Расіі У.Пуцін, Арменіі А.Саркісян, Таджыкістана Э.Рахмон, прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Т.Бах. Гледачы ўбачылі дакументальныя кадры кульмінацыйных момантаў спаборніцтваў, пачулі меркаванні атлетаў і трэнераў, паглядзелі тэатралізаванае шоу “Ідзі за марай!”, парад флагаў і спартсменаў – пачэсная місія пранесці беларускі флаг была даручана двухразовай чэмпіёнцы Гульняў у веславанні на байдарках Марыне Літвінчук. “Гэта быў трыумф яркіх незабыўных уражанняў і моцных эмоцый, свята сяброўства і яднання, гарачых па напружанні спаборніцтваў, згуртаваўшых мільёны жыхароў Еўропы ў адну вялікую сям’ю”, – адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Сведкамі фінальнай ўрачыстасці Еўрагульняў былі і ўшачане. “Перадаць словамі ўбачанае проста немагчыма, – расказвае жыхарка райцэнтра Алла Сынкова. – Гэта было надзвычай маляўнічае дзейства, ад якога пераймала дух. Самым уражваючым момантам стала выява беларускага зубра, якая з дапамогай сучасных тэхналогій атрымалася аб’ёмнай і рэчаіснай. Самым кранальным – развітанне з лісёнкам Лесікам. На стадыёне было вельмі шмат моладзі – і гэта сімвалічна, бо, на маю думку, галоўная мэта падобных форумаў – зараджаць новае пакаленне жаданнем самаўдасканальвацца, ісці да перамог, праслаўляць родную краіну”.