Глазами детей войны. Воспоминания Нины Борисовны Вусько

Общество

Перад пачаткам вайны мне споўнілася 9 год. Жылі мы ў Старыне Вялікадолецкага сельсавета – вялікай на той час вёсцы на 130 двароў і 300 жыхароў.
Спешна эвакуіравалі калгасную жывёлу і тэхніку. Вяскоўцы з каровамі, праўда, вярнуліся назад – шаша на Усход была занята немцамі, а вось трактары паспелі перагнаць у Разанскую вобласць. Выдатна памятаю аднасяльчан, якія ішлі на фронт. Яны спыніліся ля нашага дома, чакаючы майго дзядзьку Рыгора Мікітавіча Кірпіча. Ён спяшаўся нешта дапамагчы зрабіць у агародзе маці Ульяне – бацька памёр яшчэ ў 1935, пакінуўшы пяцёра дзяцей, і брат мамы часта падстаўляў мужчынскае плячо.
Родныя навабранцаў плакалі, асабліва цётка Фёкла – дзядзькава жонка, на руках якой заставалася свякроў і чацвёра дзяцей, самаму малодшаму з якіх не было і двух месяцаў. “Беражы дзяцей, я абавязкова вярнуся”, – супакойваў яе дзядзька Рыгор. Гэта аказаўся першы выпадак, калі ён слова не стрымаў – прапаў без вестак, не даслаўшы ніводнага ліста. Дом іх згарэў падчас нямецкіх бамбёжак, не было чаго есці, і цётка з гора ўтапілася. Старэйшы, шаснаццацігадовы сын Пётр пайшоў у партызаны, а Івана, Валянціну, Анатоля і бабулю ўзяла мама – наш дом нейкім дзівам уцалеў, хоць ля хаты таксама валяліся бутэлькі-запальніцы.
Добра памятаю першае з’яўленне немцаў. Прыехалі яны з боку Кубліч на павозках. Аднасяльчанін Кандрат Волах сустрэў іх хлебам-соллю – мабыць таму нікога тады не чапалі, шкоды не нанеслі, толькі прасілі: “Матка, млека, яйка”. Ім патрэбна была Старынка, а не Старына. Пераначавалі ля крыніцы, а раніцай паехалі.
У Вялікіх Дольцах стаяў нямецкі гарнізон. Бургамістрам жа прызначылі вяскоўца, які быў звязаны з падпольнай арганізацыяй. Аднак знайшоўся здраднік, і М.З.Станкевіча закатавалі ў канцы 1941 года. Новы бургамістр Ігнат Пазняк, быў адначасова і начальнікам паліцыі. Пасля вайны яго адшукалі і асудзілі. А ў 1942-м гарнізон выбілі партызаны.
Яны часты былі ў вёсцы, з розных брыгад. У трысцене нашай хаты нават зрабілі нары, заслалі саломай, там і начавалі перад заданнем. Вярталіся не ўсе, часта параненыя, забінтаваныя. А вясной 1944 у нас размяшчаўся штаб брыгады імя Данукалава. Аляксей Фёдаравіч прыкіпеў душой да Анатоля, абуў, апрануў яго, хацеў усынавіць. Перад прарывам блакады, калі штаб перамясціўся ў Вялікія Дольцы, забраў яго з сабой. Аднак загінуў, і партызаны вярнулі стрыечнага брата назад.
Ад бамбёжак мы часта хаваліся ў блізкай зусім маленькай вёсачцы Барок, дзе было шмат бежанцаў. Здаралася, што нават начавалі на мясцовых могілках. Нашу ж вёску амаль цалкам спалілі, многа народу загінула. І мяне ледзь не застрэлілі, прыняўшы за яўрэйку. Пакуль маці на каленях прасіла пашкадаваць, я ўцякла і схавалася.
Аднак самае страшнае – гэта прарыў блакады. Рухаліся ўсёй сям’ёй, сястра цягнула карову. Ля Паперына перапраўляліся праз рэчку, якая была запоўнена людзьмі. Маленькія дзеці плавалі ў халоднай вадзе, матулі кідаліся да іх пад кулямётным агнём. Хоць мне было ўжо 12 гадоў, аднак самастойна выбрацца з ракі таксама не магла. Там я згубіла маму і моцна галасіла, нейкі дзядзька падаў мне руку…
Пеклам падалася і ноч прарыву: суцэльны свіст куль, плач, воклікі “ўра”. Не забыцца і наступнага дня, калі немцы прачэсвалі лес і знайшлі нас. Параненых партызан і нямоглых людзей расстралялі там жа, астатніх пагналі ў палон. Не памятаю назвы вёскі, дзе ўсіх сартавалі на групы, а я сустрэлася з маці. Ахоўвалі не моцна, і мы ўцяклі. А хутка вызвалілі раён.
Даўно скончылася вайна, але яна заўсёды ў маёй памяці, бо прынесла незагойныя раны. Падчас прарыву загінулі стрыечны брат Іван і муж сястры Алены Станіслаў Завадскі. Сямён Хмызнякоў, муж другой сястры, памёр ад ран у Расіі. Дваюрадны брат Іван Арцёмавіч Кірпіч перад вайной скончыў ваенную акадэмію, ваяваў на пасадзе камісара, з фронту не вярнуўся. Родны брат Мікалай Барысавіч Хамічонак застаўся жывы, аднак, як і Пётр Кірпіч, моцна хварэў пасля атрыманых ранненняў і рана памёр. Валю і Анатоля перадалі ў адзін з дзіцячых дамоў. Брата я шукаю да гэтага часу…
Як хочацца, каб такіх успамінаў не было больш ні ў каго з ушачан, і каб мы памяталі тых, каму абавязаны ўсім, што называецца жыццём.

Ніна Барысаўна ВУСЬКО, вёска Жаўніна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *