На предприятиях Ушаччины прошёл единый день информирования

Общество

Адзіны Дзень інфармавання, што прайшоў у чэрвені на прадпрыемствах раёна, прысвячаўся 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прадстаўнікі раённай улады, ідэалагічнага актыву абмеркавалі таксама з насельніцтвам вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ушаччыны ў студзені-маі бягучага года, спыніліся і на хвалюючых пытаннях прыватнага характару.

Некалькі такіх сустрэч адбылося на бягучым тыдні ў аграгарадку Глыбачка. У мясцовай гаспадарцы начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.П.Котаў паведаміў аб рабоце па падрыхтоўцы да знакавай даты, якая, дарэчы, працягваецца. Так, напрыклад, сёлета ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Кублічах адкрыецца пасля капітальнага рамонту абеліск на месцы воінскага пахавання (на адзначаныя мэты асвоена 15 тысяч рублёў), а ў наступным годзе пераўвасабленне чакае адзін з помнікаў у Жарах. Віктар Пятровіч акцэнтаваў увагу прысутных на неабходнасць навядзення парадку на ўсіх брацкіх пахаваннях, абелісках – іх на Ушаччыне 79.
У гэты ж дзень у Глыбачанскім лясніцтве В.П.Котаў расказаў пра сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў раёне і перспектывы  развіцця. У мэтах удасканалення прыдарожнага сэрвісу, павелічэння аб’ёмаў рознічнага тавараабароту ў бягучым годзе райспажыўтаварыствам працягнута работа па стварэнні новай, сучаснай сеткі спецыялізаваных кропак – на базе кафетэрыя “Спадарожнік” у вёсцы Сарочына адкрыты аб’ект пад брэндам “Ежа&Кава”. На 17,5 працэнта ў параўнанні з мінулым годам павялічылася выручка ад рэалізацыі тавараў. На ўсіх прадпрыемствах праводзіцца работа па зніжэнні ўзроўню затрат, нарошчванне вытворчасці прадукцыі і паслуг. З’явілася ў раёне і дзевяць новых рабочых месцаў.

Але не ўсё на Ушаччыне так бязвоблачна. Аб пэўных праблемах, а таксама шляхах іх вырашэння ўдзельнікам названых сустрэч расказаў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка. У прыватнасці, Уладзімір Генадзьевіч дэталёва спыніўся на тэме барацьбы з баршчэўнікам, якім заняты значныя плошчы раёна і асабліва Глыбачанскага сельсавета. Не застанецца без увагі і пытанне з рамонтам каналізацыі, з якім звярталіся жыхары аграгарадка да старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанкі. Не лепшыя часы перажываюць зараз многія гаспадаркі, у тым ліку “Глыбачаны”. Паправіць сітуацыю, на думку кіраўніка раёна, павінны павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці мяса і малака, варта шукаць і найбольш выгадныя прапановы па іх рэалізацыі.

Да старшыні райвыканкама паступіла нямала хвалюючых пытанняў. Так, удзельнікаў сустрэчы непакоіла магчымасць “пераезду” сталовай гаспадаркі на новае месца. Памяшканне, дзе раней размяшчалася гэтая кропка, новым уласнікам не выкарыстоўваецца. Зняць праблему гаспадарцы дапамагла б яго арэнда, а на аднаўленне працэсу хапіла б невялікіх затрат. І з гэтым, як запэўніў Уладзімір Генадзьевіч, праблем не павінна ўзнікнуць.
Значна размыла дарогу па вуліцы Набярэжнай у Дубраўцы – на ўчастку за паркам хутка праехаць будзе немагчыма. У бліжэйшы час спецыялісты выедуць на месца, каб ацаніць абстаноўку і прыняць неабходныя меры. Дубраўчане паскардзіліся і на недахоп пітной вады. Нешматлікія калодзежы, у якіх яна засталася, даўно патрабуюць ачысткі. З гэтай праблемай мясцовыя жыхары ўжо звярталіся ў сельвыканкам, аднак пакуль з месца нічога не зрушылася. У.Г.Аўдошка ўзяў пытанне “на аловак”, выказаўшы ўпэўненасць у станоўчым яго вырашэнні.
Члены інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама наведалі днямі таксама філіял Ушачы ААТ “Сцяг індустрыялізацыі” і Ушацкі філіял “Віцебскпаліўзбыта”. У былы прамкамбінат на сустрэчу з работнікамі завітаў В.П.Котаў, а ў другі калектыў – намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч. Пасля абмеркавання асноўных тэм яны пагутарылі з работнікамі пра справы надзённыя, адказалі на іх пытанні. Так, у паліўзбыце цікавіліся рамонтам моста ва Ушачах – вырашэнне пытання значна спросціць задачу калектыву па дастаўцы паліва. А ў “Сцягу індустрыялізацыі” на павестцы дня – магчымасць атрымання заработнай платы ў два “этапы”. Дарэчы, тут яе памер у апошні час у сувязі са змяншэннем колькасці работнікаў павялічыўся, праводзіцца выплата без спазненняў. Віктар Пятровіч нагадаў, што прадугледзець аванс можна ў калектыўным дагаворы, заключаным паміж кіраўніком арганізацыі і прафсаюзам.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *