Качество воды и кредитование жилья. С какими ещё вопросами пришли на приём к Председателю палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Владимиру Андрейченко, читайте в нашем материале

Общество

У.П. Андрэйчанка асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб праводзіў ва Ушачах напрыканцы мая. Не прайшло і месяца, а наш дэпутат ад Докшыцкай выбарчай акругі №22, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь зноў выслухваў праблемы і запыты сваіх выбаршчыкаў – у панядзелак падчас рабочай паездкі Уладзімір Паўлавіч наведаў раён і правёў чарговы прыём.
Калектыўны зварот паступіў ад грамадскіх актывістаў з Двор Пліна. Вяскоўцы не задаволены якасцю пітной вады з водаправода – праблему агучылі былы дырэктар мясцовай школы Кацярына Фёдараўна Касцюковіч, старэйшына вёскі Надзея Іосіфаўна Дунец і Галіна Іванаўна Карповіч, якія прадэманстравалі У.П.Андрэйчанку ўзоры проб вады, узятыя ў розны час у розных месцах вёскі – іржавая ва ўсіх выпадках. Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч паведаміў, што праблема плінцаў вядома і яна, на жаль, актуальная для ўсёй тэрыторыі раёна, бо вада перавышае максімальную канцэнтрацыю па жалезе ў разы. Пабудаваць жа станцыі абезжалезвання ў кожным населеным пункце, дзе маецца водаправод, не ўяўляецца магчымым, – прынамсі, на адну тыпавую неабходна каля 600 тысяч рублёў. Але пытанне трэба вырашаць, і Уладзімір Паўлавіч паабяцаў пры планаванні фінансавых праграм на наступны год пасадзейнічаць у выдзяленні сродкаў на падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі. І хоць Двор Пліна не значыцца ў праграме “Чыстая вада” і не з’яўляецца аграгарадком, гэта населены пункт са значнай колькасцю жыхароў, прычым з 277 чалавек 166 – працаздольнага ўзросту і 33 – дзеці, маюцца вытворчыя і сацыяльныя аб’екты. Пакуль жа справа дойдзе да кардынальнага вырашэння, райвыканкаму і “Наваполацквадаканалу” даручана арганізаваць прамыўку сістэмы, яе ачыстку – выканаць усе неабходныя доглядныя работы па паляпшэнні якасці вады.
А яшчэ ў Двор Пліне маецца самы вялікі сярод населеных пунктаў раёна статак буйной рагатай жывёлы – звыш 20 галоў, некалькі дзясяткаў коз, трымаюць асобныя гаспадары і коней. Для выпасу гэтай жыўнасці адведзена 20 гектараў пашы, а вось яе якасцю вяскоўцы незадаволены, па іх словах, “там толькі люцікі засталіся”, таму і прасілі правесці перазалужэнне. Старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка адзначыў, што для населенага пункта побач з трывалым сельгаспрадпрыемствам, якім з’яўляецца “Маяк-Ушацкі”, узнікненне такой праблемы з’яўляецца дзіўным і вырашыць яе можна было на мясцовым узроўні, звярнуўшыся ў райвыканкам і не турбуючы спікера беларускага парламента. У.П.Андрэйчанка даручыў першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку райсельгасхарча Сяргею Сяргеевічу Садоўскаму ўзяць пытанне на кантроль і дапамагчы вяскоўцам. “Гэта зямля, на якой працавалі іх дзяды і прадзеды, і калі сёння людзі працягваюць сялянскую справу, за гэта ім трэба сказаць дзякуй”, – зазначыў Уладзімір Паўлавіч.
Здзівіўся ён і яшчэ аднаму звароту плінцаў, якія скардзіліся на засілле ў вёсцы баброў – гэтыя “будаўнікі” ў апошні час распладзіліся і запрудзілі рачулку. Акрамя падтаплення значных грамадскіх тэрыторый, немагчыма стала і карыстацца мастком. Для вырашэння пытання таксама дастаткова было звярнуцца ў райвыканкам – С.С.Садоўскі паведаміў, што існуе адмысловая камісія, якая ў такіх выпадках выязджае на месца і высвятляе, ці наносяць звяркі ў працэсе сваёй жыццядзейнасці ўрон землям сельгаспрызначэння або ствараюць нязручнасці жыхарам населеных пунктаў. Калі заключэнне станоўчае, то з дазволу Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прымаецца рашэнне аб разбурэнні бабрыных домікаў і плацін ці аб ліквідацыі саміх “будаўнікоў”. У.П.Андрэйчанка даручыў С.С.Садоўскаму заняцца вырашэннем пытання на карысць людзей, а не звяроў. Калі трэба будзе дапамога ў атрыманні дазволу ад Мінпрыроды, наш дэпутат яе акажа – балота, якое бабры ўтварылі ля самай трасы на “Прарыў”, і сапраўды перашкаджае не толькі вяскоўцам, а і дарожнікам, ды і псуе знешні выгляд як вёскі, так і бойкай трасы.
З пытаннем аб магчымасці льготнага крэдытавання для будаўніцтва жылля звярнуўся да У.П.Андрэйчанкі работнік Ушацкага раёна электрычных сетак Андрэй Корань. Малады чалавек стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, за ўласныя сродкі ўзводзіць дом – ужо гатовы фундамент і каробка. Вось толькі для сям’і, у якой гадуецца двое маленькіх дзетак, скончыць будоўлю без крэдыту немагчыма. Узяць яго ў банку на агульных падставах – вельмі дорага, а пакуль скарыстаешся льготным – дзеці вырастуць на здымных кватэрах, бо трэба вельмі доўга чакаць: у першую чаргу сродкі накіроўваюцца на крэдытаванне мнагадзетных сямей. Выдзяляецца ж іх на раён, канечне, недастаткова – па словах галоўнага архітэктара раёна Галіны Віктараўны Дымман, сёлета, напрыклад, гаворка ідзе ўсяго аб 15 тысячах рублёў. У.П.Андрэйчанка патэлефанаваў старшыні праўлення “Белаграпрамбанка” Анатолю Анатольевічу Лысюку, якога прасіў разгледзець магчымасць выдзялення для Ушацкага раёна дадатковых сродкаў на льготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля – каб, не парушаючы чаргі, задаволіць патрэбы і шматдзетных сямей, і такіх, як Андрэя Уладзіміравіча Кораня. Трэба таксама адзначыць, што працэдура гэта няпростая, бо дадатковыя ліміты размяркоўваюцца аблвыканкамам – у адрас начальніка яго камітэта па архітэктуры і будаўніцтве А.А.Шыдлоўскага накіравана пісьмо аб магчымасці выдзялення дадатковых сродкаў у суме 200 тысяч рублёў для фінансавання індывідуальнага будаўніцтва ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта краіны №240 “Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў”.
Жыхар Наваполацка, які мае дачу ў Белым Сарочынскага сельсавета, і ўраджэнец суседняй Глыбоччыны звярталіся да Уладзіміра Паўлавіча з прыватнымі пытаннямі, якія датычыліся тэрытарыяльных спрэчак і выканання рашэнняў суда – з імі неабходна разбірацца дадаткова.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *