Кормозаготовка в КУСХП «Великодолецкое» идёт полным ходом

Сельское хозяйство

У канцы мінулага тыдня застаць на касавіцы механізатараў КУСГП “Вялікадолецкае” не стала складанай задачай – асноўная маса тэхнікі знаходзілася на меліярацыйным масіве ля аграгарадка. З пачатку “зялёнага жніва” мясцовыя аграрыі ўжо папрацавалі ў розных частках вялікай гаспадаркі – касарской і маладолецкай. Складаныя сёлета ўмовы – але гады іх аптымальнасці напэўна з цяжкасцю прыгадаюць нават старажылы галіны – то заліе, то засушыць. Па словах мясцовых аграрыяў, да капрызаў надвор’я яны прывыклі і працаваць у плюс 30 градусаў ужо ў 10 гадзін раніцы для іх не самае складанае.
Першы раз на сёлетняй касавіцы заўважыў на адвозцы зялёнай масы МТЗ-952. “Канечне, у дажджлівы ці нават больш нейтральны сезон рабіць тут мне не было б чаго, – кажа ветэран хлебаробчай справы Ягор Мацюш. – Зараз жа трава мае зусім невялікую вільготнасць і нават мой трактар тры-чатыры тоны ў прычэпе без асаблівых цяжкасцей даставіць на траншэю”. Закладалася яна ў Царкавішчы, хаця касавіца ішла ля Стаек. Памятаю, што непадалёк у мінулыя гады закладаўся бурт, разлічаны на малочна-таварную ферму “Міхалкаўшчына”. Але сёлета Мінсельгасхарчам увесь сянаж у мэтах захаванасці і змяншэння страт загадана класці толькі ў траншэі – за гэтым пільна сочыць дзяржкантроль. Таму, хаця ў Царкавішчы ўжо і няма дзеючага жывёлагадоўчага аб’екта, яму ля былога прыйшлося адрамантаваць. Адвозілі “зялёнку” ад КВК-800 Юрыя Альбіновіча ўсяго тры адзінкі тэхнікі – акрамя прыгаданага Я.Мацюша з ПІМамі працавалі Генадзь Бука і Мікалай Хамёнак.
– Травастой месцамі зусім неблагі, асабліва ў нізінках, – расказвае Ю.Альбіновіч падчас пераезду на другі бок дарогі. – Адна бяда – перарастае перасыхае трава, страчваецца пажыўнасць корму. Ёсць у нас яшчэ адзін кормаўборачны агрэгат, толькі яго рамонт вельмі дорага каштуе, не хапае сродкаў у гаспадаркі. Ды нават калі б і запусцілі другі КВК-800, адвозіць ад яго “зялёнку” было б некаму…

Сёлета першым укосам у “Вялікадолецкім” трэба скасіць звыш 1100 гектараў. Тэмпы не могуць задавольваць – па стане на 25 чэрвеня было ўбрана крыху больш паловы плошчаў. Між іншым, паскорыць ход касавіцы рэсурсаў няма – па словах хлопцаў, і так задзейнічаны ўсе.
На ўчастках бліжэй да лесу было бачна, як працуе з валкавальнікам Генадзь Качан, на дапамогу яму накіроўваўся Іван Гоман. А ля Стаек, рыхтуючы будучы фронт работ для Ю.Альбіновіча, кружыліся касілкі. “Сёння толькі ўдваіх, – кажа Віталь Бука. – Васіль Алексяёнак на рамонце стаіць, нешта сур’ёзнае з касілкай”. З-за гэтай прычыны міні- атрад касцоў прадстаўляла выключна моладзь, але займаюцца яны пры неабходнасці і іншымі відамі работ: “Вунь, бачыце рулоны на тым полі? – паказвае Юрый Казачонак. – Я учора запрасаваў!” На пастаяннай жа аснове з прэсам задзейнічаны Аляксандр Гоман.
З усіх прыгаданых механізатараў кандыцыянер у кабіне працуе толькі ў Ю.Альбіновіча: “З-за таго, што КВК-800 лічы новы, і трох гадоў няма, толькі ў мінулым сезоне нам яго перадалі з Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, – механізатар натуральна саромеецца сваёй “перавагі” перад калегамі, у адкрытых кабінах якіх поўна аваднёў, і нават апраўдваецца. – Хутка кандыцыянер павінен “накрыцца”, мала ў каго больш трох-чатырох сезонаў выходжвае”.
Пакрытыкаваўшы недапрацоўкі айчыннай тэхнікі і зрабіўшы невялікі перакур, механізатары зноў прыняліся за працу – абеды са сталовай у Касарах галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Віктаравіч Зянюк павінен быў падвезці яшчэ дзесьці гадзіны праз дзве. А вось мінеральнай вадой, якая ў спёку аказалася вельмі дарэчы, удзельнікаў мехатрада ў гэты дзень забяспечыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Пётр Аляксандравіч Алексяёнак – упакоўкі “Фросту” і “Дарыды” на гэтыя мэты ахвяравала індывідуальны прадпрымальнік Аліна Казіміраўна Крацёнак. І калі аб канструктарах давялося пачуць некалькі слоў з разраду недрукаваных, то ў адрас нечаканых спонсараў сквапныя на пахвалу ды і наогул на доўгія размовы мужчыны выказаліся выключна з удзячнасцю – рэдка што ім дастаецца без поту і мазаля.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *