Калі б Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў дажыў да гэтых чэрвеньскіх дзён, то адзначыў бы сваё 95-годдзе. Няўмольны лёс не даў такой магчымасці, але дзень яго з’яўлення на свет для мноства людзей застаецца нагодай, каб выказаць бязмерную павагу да вялікага чалавека, прыгадаць яго неўміручыя творы.
Ключавая падзея Літаратурнага тыдня, прымеркаванага да юбілею нашага земляка, адбылася 19 чэрвеня. У гэты дзень “эпіцэнтр” свята перамясціўся на малую радзіму пісьменніка ў Бычкі. Сціплы вясковы домік з небагатай мэбляй беражліва захоўвае атмасферу даваенных часоў. Вядома ж, сядзіба час ад часу патрабуе абнаўлення: вось і літаральна перад самым сёлетнім святам тут з’явілася новая агароджа – сродкі на яе абсталяванне былі выдаткаваны з раённага бюджэту. Гэта акуратны драўляны штакетнік – як патлумачыла намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч, плот рабілі з такім разлікам, каб ён упісаўся ў агульны аўтэнтычны матыў сядзібы ў цэлым.
На мерапрыемства сабралася багата гасцей. Сярод іх былі як простыя аматары прозы Васіля Быкава, так і людзі, якія сутыкаюцца з яго творчасцю ў прафесійнай дзейнасці – метадысты, выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры з навучальных устаноў вобласці, прадстаўнікі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, школьнікі.
– Прыехалі на свята з Полацкага раёна, – расказала Вера Шайтар. – У нашай групе як настаўнікі, так і дзеці – удзельнікі алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Трэба сказаць, што юбілей пісьменніка шырока адзначалі і на Полаччыне: рэалізоўваўся праект “Волат слова і духу”, прайшоў конкурс буклетаў, літаратурных квэстаў. Ну а візіт у Бычкі для нас – хвалюючая магчымасць дакрануцца да святыні, прайсці па сцяжынках, дзе калісьці басанож бегаў бялявы хлопчык, яшчэ не падазраючы аб сваім вялікім прызначэнні…
Прынамсі, падчас тэатралізаванай праграмы, што падрыхтавалі арганізатары, госці змаглі ўбачыць гэты малюнак на свае вочы: у двары нечакана з’явіліся… Вася Быкаў і яго сябра Валодзя Галавач. Закінуўшы самаробныя вуды ў “ваду”, хлапчукі пачалі дзяліцца сакрэтамі. Васілёк прызнаўся, што больш за тутэйшае возера ён любіць толькі кніжкі. Хлопцы пабедавалі, што пасля стварэння калгаса бацькавы жорны стаяць без справы, а каб ісці ў Кублічы ў пяты клас, трэба прыдбаць прыстойнае адзенне, бо будзеш выглядаць галадранцам між местачковых яўрэйскіх дзяцей. Вельмі пранікнёнай атрымалася гэта пастаноўка па матывах аўтабіяграфічнага твору “Доўгая дарога дадому” ў выкананні вучняў Арэхаўскай школы Максіма Первянёнка і Мікіты Мажайскага, сцэнарый для якой напісала іх настаўніца Наталля Падгол.
Таксама ў тэатральнай падачы старшакласнікі Ільюшынскай школы аднавілі ў памяці ўдзельнікаў імпрэзы франтавыя старонкі біяграфіі Васіля Уладзіміравіча. Яму наканавана было прайсці праз усе выпрабаванні і ўцалець, каб перанесці перажытае на паперу. Затаіўшы дыханне, гледачы сачылі за сустрэчай вяскоўкі Серафімы і цяжка параненага капітана Хлебнікава з аповесці “Бліндаж”, разам з гераіняй “Знака бяды” Сцепанідай абураліся хібам калектывізацыі – самадзейныя артысты з тэатра мініяцюр раённага цэнтра культуры і народнай творчасці па-майстэрску перадалі вобразы герояў.
– Персанажаў Быкава іграць на сцэне складана, але надта цікава, – адзначыла выканаўца ролі Сцепаніды Людміла Мядзведзева. – У кожную сцэну трэба ўкладаць душу і эмоцыі без астатку, як напоўную выкладаўся сам творца, ствараючы гэтыя шэдэўры.
Сярод гасцей свята давялося сустрэць літаратараў, у тым ліку і тых, хто імкнецца працягваць багатыя ўшацкія традыцыі. Людміла Дунец, ураджэнка суседняга Селішча, першую падборку сваіх вершаў надрукавала ў нашай “раёнцы”, зараз жа з’яўляецца старшынёй Віцебскага аддзялення беларускага літаратурнага саюза “Полоцкая ветвь”, заснавальніцай клуба “Літкафейнік”.
– На ўсіх мерапрыемствах падкрэсліваю, што я родам са славутых мясцін, падарыўшых свету Быкава, Барадуліна, Броўку! – адзначыла паэтка.
Ганарыцца сваім паходжаннем і мінчанка Ганна Сінкевіч (Кухта), якая заканчвала Кубліцкую школу:
– Гэтае пачуццё імкнуся перадаць і дзецям: нядаўна дачка для ўроку беларускай літаратуры падрыхтавала прэзентацыю, матэрыял для якой збірала на нашай малой радзіме.
Ну а які ж Дзень нараджэння без родных людзей! На шчасце, у Бычках яшчэ жывуць жонка брата Мікалая Антаніна Аляксандраўна Быкава, яе сын Мікалай Мікалаевіч Харак, які з’яўляецца дазорцам сядзібы-музея, стрыечны брат пісьменніка Сямён Барысавіч Быкаў, амаль пастаянна побач з татам і яго дачка Валянціна Казіцкая, якая, прынамсі, добра ведала пісьменніка.
– Нашы дамы стаяць побач, і калі дзядзька Васіль прыязджаў на радзіму, заўсёды ахвотна гутарыў з вяскоўцамі, хадзіў на любімае Белюкоўшчынскае возера, – прыгадвае Валянціна Сямёнаўна. – Быў выпадак, калі мы разам гулялі ў Бычках вяселле Колі Харака. Існуе меркаванне, што Васіль Уладзіміравіч быў надта сур’ёзны – сапраўды, ён не меў звычкі балагурыць, выстаўляць сябе напаказ, аднак у зносінах быў вельмі прыемным. Памятаю, як аднойчы пісьменнік падвозіў мяне да Мінска, і мы ўсю дарогу гутарылі “за жыццё”…
…У юнацтве Васіль хацеў быць скульптарам, ды з-за беднаты скончыць мастацкае вучылішча не змог. Аднак здзейсніў сваю мару ў іншай іпастасі – стаў вялікім скульптарам чалавечых душ. Яго творы лёгка фарміруюць у людзях тое, што не змаглі б прывіць лепшыя псіхолагі. І кожны з нас можа зрабіць свой падарунак да юбілею пісьменніка – перачытаць яго творы і павучыцца ў іх герояў нават у самых жорсткіх абставінах не губляць чалавечую годнасць.
Наталля БАГДАНОВІЧ.