“Павязу відэа ў Амерыку – пакажу, як беларускія дзеці выступаюць!” – узрушана казала акардыяністка з ЗША – член журы конкурсу народных аркестраў, што праходзіў у мінулую суботу ў рамках XXVI Міжнароднага фестывалю “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. У захапленне ж яе прывяло выступленне Узорнага аркестра народных інструментаў Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў. Зрэшты, не хавалі эмоцый і іншыя члены камісіі: даволі рэдка бывае, што журы пасля выступлення крычыць канкурсантам “Брава!” – але гэта быў менавіта такі выпадак!
Наш аркестр ехаў на фестываль у рангу фаварытаў – два гады таму калектыў ужо святкаваў перамогу на творчым форуме ў Дуброўне – але гэта хутчэй ускладняла задачу, бо ад ушачан ужо чакалі выдатнага выступлення. А значыць, каб утрымаць лідарскія пазіцыі, трэба было ўзняць планку яшчэ вышэй.
Па словах кіраўніка калектыву Маргарыты Андрэеўны Грынберг, рэпертуар падбіралі вельмі ўзважана. Сёлета конкурс тэматычна быў прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі, а выступленне складалася з трох частак: п’есы для аркестра, вакальнага нумара пад яго акампанемент і дэкламацыі верша пад інструментальны твор. Апошні нюанс – навінка гэтага года, і для нас яна аказалася ўдалай. Даволі доўга падбіралі верш, які прагучыць на фоне знакамітай музыкі Мікаэла Тарывердзіева да кінафільма “Сямнаццаць імгненняў вясны”. У выніку спыніліся на малавядомым творы Юліі Аліфер “Дзень Перамогі”, які вельмі пранікнёна прачытала Паліна Сазонава. Унеслі ў нумар і ўшацкую “разынку” – у яго фінале выканаўца ўсклала да стылізаванага макета нашага “Прарыву” букет чырвоных гваздзікоў. Нумар атрымаўся яркім і Паліне было прысуджана другое месца ў конкурсе чытальнікаў. Ад ваеннай тэмы да ўслаўлення мірнага жыцця перанесла слухачоў песня “Няхай свеціць вясёлка!”, якую выканалі навучэнкі эстраднага аддзялення Надзя Раманоўская і Паліна Салаўёва. Ну а фінальным акордам выступлення стала жыццесцвярджальная кампазіцыя “Запрашэнне на свята”.
Дзеці разумелі, што выступілі добра, але вельмі хваляваліся, калі журы пачало абвяшчаць вынікі. А колькі ж было радасці, калі мяне выклікалі на сцэну, каб уручыць дыплом за першае месца! – расказвае Маргарыта Андрэеўна. – Ну а момант, калі спусцілася назад у залу, напэўна, буду прыгадваць усё астатняе жыццё: мае хлопчыкі і дзяўчаткі паўскоквалі з месцаў і абляпілі мяне з усіх бакоў, а ў расчуленых калег-педагогаў на вачах заблішчэлі слёзы. Гэта быў зорны час для нас усіх…
– Ну што тут каментаваць: сёлета мы сапраўды былі мацнейшымі, – дзеліцца ўражаннямі дырэктар Ушацкай ДШМ Сяргей Васільевіч Парашкін. – І гэта прытым, што конкурс аказаўся прадстаўнічым: за перамогу ў ім спаборнічалі 9 дзіцячых і 5 дарослых калектываў з усёй вобласці. У самім жа фестывалі песні і музыкі прымалі ўдзел каля тысячы гасцей з шасці краін свету. “Ваш аркестр – унікальны, калі ласка, захоўвайце яго!” – казалі мне дзеячы культуры, з якімі давялося мець стасункі на фестывалі. Думаю, што нашым калектывам могуць ганарыцца ўсе землякі.
На гэты поспех працавала шмат людзей, і прыйшоў ён у выніку ўпартых рэпетыцый, якія не перарвалі нават чэрвеньская спякота і доўгачаканыя канікулы. “У вас нейкія асаблівыя дзеці!” – казалі Маргарыце Андрэеўне на конкурсе яе калегі. Мажліва, гэта і сапраўды так. У іншых дзіцячых аркестрах, напрыклад, на такіх складаных інструментах, як ударныя і кантрабас, іграюць выкладчыкі, у нас жа з імі выдатна справіліся Ваня Драгун і Улад Шыхель. Ужо скончылі навучанне ў школе мастацтваў Улад Казьянін і Пеця Качко, але працягваюць хадзіць на рэпетыцыі любімага аркестра. Толькі першы год у ім Паша Круцёнак, Даніла Юрэвіч, Крысціна Лосева, Ваня Чумакоў – але ўжо ўпісаліся ў калектыў і вельмі старанна выканалі на конкурсе свае партыі. Вялікі ўклад у агульную перамогу ўнесла кіраўніцтва сферы культуры раёна, а таксама мудрыя і цярплівыя бацькі навучэнцаў. І, канечне, калектыў школы мастацтваў. Аздобіў выступленне яркі канферанс у выкананні Алены Анатольеўны Сазонавай. Упэўненасці юным інструменталістам надавала надзейнае плячо выкладчыкаў. Далучыліся да каманды і тэхнічныя работнікі: так, напрыклад, сакратар Алена Уладзіміраўна Жарнасек у ноч перад паездкай пашыла для хлопчыкаў гальштукі-бабачкі, прыбіральшчык Вольга Генадзьеўна Федарэнка дапамагла аформіць прыгаданую вышэй кампазіцыю “Прарыва”, і зусім немагчыма было б справіцца з транспарціроўкай груваздкіх інструментаў без “волата” Аляксандра Уладзіміравіча Кузняцова. Быў у камандзе і яшчэ адзін ключавы персанаж, прафесіяналізм якога адзначыў нават старшыня журы – гэта гукааператар Яўген Зуеў.
Ну і, вядома ж, сэрцам і рухавіком гэтага музычнага арганізму з’яўляецца Маргарыта Андрэеўна. Прынамсі, поспех на конкурсе можна лічыць падарункам да своеасаблівага юбілею: сёлета спаўняецца 35 год з таго моманту, калі яна ўзначаліла дзіцячы аркестр. “Як за такі час удалося не выпусташыцца, захаваць апантанасць і жаданне ісці да новых вяршынь?” – імкнуся вызнаць у яе прафесійны сакрэт. І чую вычарпальны адказ: “Люблю сваю работу, музыку і дзяцей!”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
Відэа выступлення ўшачан можна паглядзець на YouTube-канале газеты.