Падчас работы прыёмнай паступіла два звароты.
Жыхары гарпасёлка паднялі пытанне будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі ў двары дома па вуліцы Ленінскай,16. В.І.Карчэўская і А.В. Пашковіч патлумачылі заяўнікам, што дадзенае пытанне знаходзіцца на кантролі старшыні райвыканкама з канца 2007 года, калі паступіў першы зварот. А перадгісторыя пытання наступная: яшчэ ў 2005 годзе УП ЖКГ быў падрыхтаваны праект “Рэканструкцыя дваровай тэрыторыі па вуліцы Ленінскай,16 у г.п.Ушачы”, якім прадугледжвалася будаўніцтва пешаходных дарожак, замена бардзюраў, рамонт асфальтабетоннага пакрыцця, абсталяванне дзіцячых гульнявых пляцовак, расстаноўка малых архітэктурных форм і азеляненне. Але з-за адсутнасці фінансавых сродкаў рэалізаваць праект не ўдалося. У 2008 годзе райвыканкам звярнуўся ў Віцебскае абласное ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі з просьбай аб выдзяленні з абласнога бюджэту грашовых сродкаў на рэалізацыю названага праекта, аднак было адмоўлена. У 2009 годзе па прычыне адсутнасці фінансавання таксама не было магчымасці прыступіць да работ па ўпарадкаванні дваровай тэрыторыі.
У гэтым годзе раённым выканаўчым камітэтам распрацавана праграма добраўпарадкавання дваровых тэрыторый па Ушацкаму раёну “Двары”, у якую была ўключана і рэканструкцыя дваровай тэрыторыі па вуліцы Ленінскай,16. Па меры паступлення сродкаў з абласнога бюджэту дадзеная праграма будзе рэалізоўвацца.
Другі зварот у грамадскую прыёмную быў ад работнікаў дзіцячага сацыяльнага прытулка гарпасёлка і датычыўся спонсарскай дапамогі з боку РГА “Белая Русь” на набыццё школьна-пісьмовых прылад выхаванцам да новага навучальнага года. Ушацкая раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” выдзеліла дзіцячай установе спонсарскую дапамогу ў памеры ста тысяч рублёў. Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” В.В.Гаўрысеў паабяцаў аказаць спонсарскую дапамогу ад абласной арганізацыі выхаванцам дзіцячага сацыяльнага прытулка г.п.Ушачы ў памеры чатырохсот тысяч рублёў.
В.ПОЛАЗАВА.