Большасць пажараў з-за дзіцячага свавольства з агнём прыходзіцца менавіта на чэрвень-жнівень, таму ўсе тры летнія месяцы ў рамках штогадовай прафілактычнай акцыі “Канікулы без дыму і агню” выратавальнікі працуюць на папярэджанне надзвычайных сітуацый. У першую чаргу ўвага накіравана на прышкольныя і летнія аздараўленчыя лагеры. Дарэчы, выратавальнікі робяць стаўку не на лекцыі, а на цікавыя мерапрыемствы з нетрывіяльнымі формамі. Так, напрыклад, дзеці з аздараўленчага лагера “Сонейка”, які арганізаваны на базе Ушацкай школы, пра бяспеку ўспомнілі праз шматлікія конкурсы, відэафільмы і спецыяльныя падарункі, падрыхтаваныя супрацоўнікамі Ушацкага РАНС. Аналагічнае мерапрыемства прайшло і ў школьным лагеры “Раднічок”, што пры Арэхаўскай школе.
Зрэшты, нагадваць пра бяспеку трэба не толькі дзецям, а і дарослым. Таму ў прайшоўшыя выхадныя работнікі МНС праводзілі інфармацыйна-прапагандысцкую работу на тэрыторыі раёна, асаблівая ўвага ўдзялялася сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці, а таксама адзінокім і інвалідам. Выратавальнікі заклікаюць бацькоў, бабуль і дзядуляў, старэйшых братоў і сясцёр далучыцца да абучэння дзяцей бяспецы на вадзе, вуліцы, дома. Яшчэ раз нагадайце, што нельга гуляць з запалкамі, навучыце іх правільна дзейнічаць у выпадку надзвычайнай сітуацыі і ніколі не пакідайце маленькіх дзетак без нагляду.
Вольга КАМАРКОВА.