19 июня на Ушаччине отмечают 95-летие со дня рождения Народного писателя Беларуси Василя Быкова

Юбилейные даты

І намаляваў “ікону”

У сям’і Уладзіміра Фёдаравіча і Ганны Рыгораўны Быкавых расло чацвёра дзяцей, праўда да сталасці дажыло трое, Антаніна памерла ў пятнаццацігадовым узросце. Бацька родам з Бычкоў – былы ўдзельнік Першай сусветнай вайны, які вярнуўся з нямецкага палону, працаваў у калгасе ў будаўнічай брыгадзе, быў майстрам на ўсе рукі. З яго ўдзелам у прыватнасці ў вёскі пераносілі хаты з хутароў. Маці працавала ў паляводстве. Родам яна была з Завулка – цяпер Глыбоцкага раёна, таму пасля таго як Заходняя Беларусь адышла Польшчы, аказалася аддзеленай ад родных мяжой, якую неаднойчы нелегальна пераходзіла, каб вымяняць прадукты ці прынесці пачастункі ад сястры.
Па ўспамінах сястры В. Быкава Валянціны – Васіль, як і бацька – майстра на ўсе рукі. Цацак не было, і ён рабіў сабе і хлапчукам драўляныя пісталеты, быў завадатарам у розных гульнях, у тым ліку прыдуманых самім, а ёй, малодшай на два гады, выразаў ляльку, з якой яна з захапленнем гуляла. Добра вучыўся, вельмі любіў чытаць, першай яго прачытанай кнігай стала казка “Гусі-Лебедзі”. І з маленства добра маляваў, з-пад яго рукі выйшла многа графічных партрэтаў знаёмых, аднавяскоўцаў. Аднойчы ён выпрасіў у маці кусок палатна і фарбамі намаляваў на ёй партрэт Леніна, які папрасіў памясціць у чырвоным куце. Ганна Фёдараўна зняла іконы і павесіла малюнак сына.
Менавіта гэту схільнасць ён хацеў зрабіць сваёй прафесіяй, паступіўшы на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылічша. Але не скончыў яго, паколькі адмянілі дзяржаўныя стыпендыі, а сям’і не па сілах было вучыць сына. Васіль да мая 1941 года правучыўся ў фабрычна-заводскай школе і экстэрнам здаў экзамены за дзясяты клас.

І мёртвым баліць

Вайна застала пісьменніка на Украіне ў горадзе Шостка Сумскай вобласці. У кнізе “Доўгая дарога дадому” ён апісваў тыя першыя дні Вялікай Айчыннай: рылі акопы, абаранялі горад – бамбёжкі, смерць, неразбярыха. Пад Белгарадам адстаў ад калоны і яго ледзь не расстралялі як здрадніка. Дзівам застаўшыся жыць у 41-м, “пахаваны” ён быў у 1944-м: яго імя занесена на абеліск сяла Севярынаўка Кіраваградскай вобласці. Напэўна гэта пісьмо, якое захоўваецца ў Кубліцкай бібліятэцы, было напісана перад тымі крывавымі падзеямі:
“Добры дзень, мае дарагія мама, Валя, Мікола. Вы можа думаеце, што я забыў сваю родную мову. Не. Але, знаеце, за гэты годы нідзе не прыходзілася так размаўляць. Усюды па-рускі. Гэта пісьмо я захацеў напісаць так, каб і вам было панятней. Жыву я па-старому, у той жа часці, на той жа должнасці. Нахожуся у Заходняй Украіне. Пакуль што у баях не бываем, бо жывём у парадачным аддаленні ад фронту, але рыхтуемся к новым баям, больш упартым і сур’ёзным, чым былі да гэтага часу”.
На шчасце, пахавалі яго памылкова. Васіль Уладзіміравіч, ужо афіцэр (званне атрымаў пасля праходжання паскораных курсаў Саратаўскага пяхотнага вучылішча), быў цяжка паранены, тры месяцы правёў у шпіталі. А пахавальная, якую сям’я атрымала ў канцы вайны, датавана ранейшым чыслом, чым ліст, напісаны ўласнай рукой Васіля. Таму родныя жылі надзей на сустрэчу, якая адбылася пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе.
Адзін з твораў В. Быкава (на падставе Кіраваградскай аперацыі) называецца “Мёртвым не баліць”. Аднак сам Васіль Уладзіміравіч казаў: “Няпраўда, што не баліць. Тыя, хто паляглі на палях бітваў, як і ўсе мы, франтавікі, лічылі, што вядзём апошнюю вайну са злом, увасабленнем якога стаў фашызм. І ад таго, якія мы, што засталіся жыць, якія нашы дзеці і ўнукі, залежыць будучыня. Трэба, каб мёртвым не было балюча і сорамна за нас”.

Мастак і літаратар

Першыя гады сваёй працоўнай дзейнасці ў 1947–1949 гадах ён пачынаў у мастацкіх майстэрнях Гродна, потым служыў на Поўначы ў Савецкай арміі, адкуль у званні маёра зноў вярнуўся ў горад на Нёмане ў 1956-м. Там, да пераезду ў Мінск, ён пражыў 22 гады, працаваў літаратурным супрацоўнікам і літаратурным кансультантам абласной газеты “Гродненская праўда”. У 47-м у часопісе “Вожык” выйшла першае апавяданне Быкава “Дапякло”. Але пачаткам свайго творчага лёсу ён лічыў 1951-ы, калі ўбачылі свет апавяданні “Смерць чалавека” і “Абознік” – пра Вялікую Айчынную, якой прысвяціў амаль усю сваю творчасць. Васіль Уладзіміравіч казаў, што стаў пісьменнікам дзякуючы журналісту і празаіку Георгію Шчарбатаву, які “нешта ўгледзеў” у яго ранніх творах.

Скала з лірычнымі вачыма

Пра Васіля Быкава напісана зашмат. Самымі рознымі журналістамі і літаратарамі, але здаецца ніхто не пісаў так вобразна і трапна, як Рыгор Барадулін. Мабыць таму, што за паўвекавое сяброўства ведаў Васіля Уладзіміравіча, як мала хто. І адчуваў, як ніхто. Ён параўноўваў яго з васільком у жыце Беларусі, а ў адным з інтэрвью назваў скалой з лірычнымі вачыма. “Ён здзіўляў сваёй глыбінёй, удумлівасцю, немітуслівасцю і глыбіннай перакананасцю і непахіснасцю… А душа была вельмі трапяткая, хоць вонкава быў спакойны, быццам бы яго нічога не хвалявала”. Так, знешне Васіль Уладзіміравіч быў вельмі стрыманы, сам у сабе. Аднойчы ў размове з Р.Барадуліным я сказала, што на маю думку, Быкаў не так шчыра любіць Ушаччыну, як ён. А Рыгор Іванавіч заўважыў, што гэта не так. ”Ён любіць і ўсім цікавіцца. Я дасылаю яму ўсе заметкі, у тым ліку і тыя, у якіх пішуць пра яго ў раёнцы”.
На Ушаччыну яны прыязджалі пераважна разам, Рыгор Іванавіч быў ініцыятарам вечарын, на якіх збіраліся мэтры літаратуры і адначасова землякі. Хаця ўпершыню яны сустрэліся ў Гродна, дзе жыў В.Быкаў, а студэнт Барадулін прыехаў знаёміцца да родных будучай жонкі.

Землякі пра Васіля Быкава:

Ірына Васільеўна Таміян, паштовы работнік:

Васіль Уладіміравіч умеў сябраваць, па-сапраўднаму, не зважаючы на рангі. З маім бацькам Васілём Аляксандравічам Паршонкам, які працаваў кінамеханікам, яны і аднагодкі, і аднавяскоўцы, і аднакласнікі. Разам вучыліся спачатку ў Бычках (у былым будынку школы пазней жыў брат), потым у Слабодцы і Кублічах. Абодва ваявалі, толькі тата ў партызанах. І не было ніводнага разу, каб Васіль Уладзіміравіч абмінуў нашу хату, калі прыязджаў на радзіму. Неаднойчы была ў гасцях у Мінску і наша сям’я, добра памятаю яго кабінет з мноствам кніг і рабочым сталом. Многа гаварылі пра вайну, запрашаў Васіль Уладзіміравіч бацьку і на сталічныя мерапрыемствы. Той адмаўляўся, маўляў, што я там буду гаварыць, а Быкаў супакойваў: я цябе падрыхтую. Для маёй сям’і гэта не толькі заслужаны пісьменнік, а і дзядзька Васіль, гасцінны, шчыры, ні кроплі не ганарысты.

Тэрэза Пятроўна Крыванос, пенсіянер:

– Васіля Быкава я ўжывую бачыла ўсяго адзін раз, у нефармальнай абстаноўцы. Яны з Рыгорам Барадуліным ішлі на могілкі, і “зачапіліся” за наш дом на пачатку Кастрычніцкай. Муж Міхаіл Кляшторны выкаціў паказаць свой “ІЖ”, які ўжо насіў ганаровае імя “Васіль Быкаў” – ён захапляўся творамі земляка і прымацаваў на матацыкле бляху з прозвішчам празаіка. Рыгору Барадуліну спадабалася, а “віноўнік” застаўся такім жа стрыманым і спакойным. Мне здаецца, што ўсё сур’ёзнае, сапраўднае, ён перажыў там, на вайне, і сучаснасць ужо не магла нічым асабліва крануць. Мяне ж проста ўразіў яго твор “Крыжовы шлях”. Многія пішуць пра страшнае вобразна, з эпітэтамі, сінонімамі, а ён касмічна проста пра нясцерпны трагізм чалавека і народа. Вяршыня майстэрства.

Таццяна Іванаўна Касцючэнка, бібліятэкар:

– Як жыхарцы Кубліч, выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры, а зараз загадчыцы мясцовай бібліятэкі, мне неаднойчы даводзілася пісаць сцэнарыі і ладзіць мерапрыемствы, прысвечаныя нашаму славутаму земляку. У школе быў літаратурны гурток, і мы вялі перапіску з Васілём Уладзіміравічам. Гэтыя рарытэты, напісаныя яго рукой, як і кнігі з аўтографамі, ён перадаў школьнаму музею, і зараз яны захоўваюцца тут. Зразумела, што творы Быкава я чытала і ў школьным узросце, і ў студэнцтве. Аднак асалоду атрымліваю цяпер, калі пасталела. Маёй настольнай кнігай стаў аўтабіяграфічны твор “Доўгая дарога дадому”, перачытваю яе штодня. Асабліва першую яе частку, якая прысвечана нашым Кублічам, іх даваеннай гісторыі. Дзякуючы ёй даведалася, што аповесць “Аблава” напісана па нашым сюжэце, які аўтару расказаў кублічанін. Васіль Уладзіміравіч часта надаваў сваім героям ушацкія прозвішчы, захоўваў арыгінальныя назвы рэк, вёсак. У “Аблаве” мясціна названа Багавізна, у нас жа гэты лес клічуць Цытавізнай.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *