На базе Ушачского района прошло выездное заседание коллегии облсельхозпрода

Сельское хозяйство

Большасць раёнаў Віцебшчыны па валавой вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі сёлета не выходзіць на ўзровень мінулага года – невясёлыя лічбы былі агучаны на выязным пасяджэнні калегіі аблсельгасхарча, якое прайшло на мінулым тыдні на базе нашага раёна. Не лепшым чынам складаецца і аператыўная абстаноўка з касавіцай. Таму, хоць і было заяўлена асноўнай тэмай мерапрыемства падвядзенне вынікаў работы галіны жывёлагадоўлі за студзень-май бягучага года, пачалося яно з абмеркавання спраў надзённых – корманарыхтоўкі.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Міхаіл Пятровіч Прыдыбайла адзначыў, што даручэнне кіраўніка дзяржавы аб заканчэнні першага ўкосу да 18 чэрвеня Віцебшчына не выканае, і аптымальныя тэрміны ўборкі ўжо сышлі. Неабходна мабілізаваць наяўныя рэсурсы на нарыхтоўку сенажу, убраць усё да апошняга гектара. У прыярытэце – канюшына і люцэрна, з якіх можна будзе ўзяць другі ўкос, а злакавыя касіць па астаткавым прынцыпе, бо без азоту, якога ў большасці гаспадарак няма, і пры ўмовах засушлівага надвор’я, разлічваць на атаву на гэтых плошчах не прыходзіцца. Для інтэнсіфікацыі корманарыхтоўкі сельгаспрадпрыемствам з дэфіцытам тэхнікі і кадраў трэба аб’ядноўвацца – фарміраваць мехатрады. Асобна спыніўся начальнік аблсельгасхарча на дзейнасці інтэграцыйных структур. “У вас тэхнічная забяспечанасць на больш высокім узроўні, таму аказвайце па магчымасці дапамогу гаспадаркам!” – прасіў М.П.Прыдыбайла кіраўнікоў аграхолдынгаў.
Вельмі высокія патрабаванні і да захаванасці кармоў, неабходна выключыць іх закладку ў бурты, дзе ў адрозненні ад траншэй страчваецца да 40 працэнтаў аб’ёму. Кіраўнікоў райсельгасхарчаў, іх намеснікаў па жывёлагадоўлі прасілі вельмі сур’ёзна аднесціся да гэтай тэмы, якая на асаблівым кантролі. Недахопам траншэй не апраўдацца, бо на працягу апошніх некалькіх гадоў ставіліся заданні і тэрміны па іх будаўніцтве і рэканструкцыі. І тым, хто патрабаванні ігнараваў, зараз прыйдзецца неяк “выкручвацца”, прынамсі, як варыянт, будаваць часовыя траншэі валкаваннем, з дапамогай рулонаў саломы і іншых падручных сродкаў.
З крытыкай вынікаў работы за 5 месяцаў бягучага года ў галіне жывёлагадоўлі выступіў першы намеснік старшыні аблсельгасхарча У.А.Машэра. Уладзімір Аляксандравіч, які пастаянна бывае ў гаспадарках вобласці, зазначыў, што падзенню аб’ёмаў вытворчасці ёсць і аб’ектыўныя прычыны, але вельмі часта недахоп малака і мяса тлумачыцца проста – парушэннем тэхналогіі і безгаспадарчасцю. “Трэба проста накарміць жывёлу, забяспечыць ёй нармальныя ўмовы ўтрымання і захоўваць патрабаванні рэгламенту, – запатрабаваў ад кіраўнікоў аграрнай сферы У.А.Машэра. – І тады можна дабіцца неблагіх вынікаў нават ва ўмовах адсутнасці канцэнтратаў. Бялок зараз на палях – касіце, здрабняйце і карміце жывёлу”.
Чалавечы фактар з’яўляецца галоўным. Не правялілі зялёную масу, далі свежай маленькім бычкам – сапсавалі страўнікі і ўжо пра нармальныя прывагі не можа ісці гаворкі. Вельмі нізкія паказчыкі ў Браславе, Шаркаўшчыне, Шуміліна. “Ушачы таксама не павінны самазаспакойвацца, вы на ўзроўні трымаецеся ў асноўным за кошт “Маяка-Ушацкага”, – канстатаваў У.А.Машэра.
Гаспадаркі вобласці нясуць страты там, дзе магчыма атрымаць прыбытак. Напрыклад, сярэдні кошт рэалізацыі мяса буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках Віцебшчыны складае ўсяго каля двух рублёў за кілаграм з-за таго, што асноўная яе частка пастаўляецца перапрацоўшчыкам хворай, нізкай укормленасці. Калі ж жывёлу не “выпіхваць”, лячыць, дарошчваць як след, то і фінансавыя паказчыкі зусім іншыя – быка вагой 400 кілаграмаў і вышэй можна здаць па цане больш 6 рублёў за кілаграм, карову – не менш 4 рублёў.
Шмат праблем і ў вытворчасці малака, прычым таксама ў арганізацыйным плане. “У нас як? Спачатку скардзімся на гарачыню, потым – на халады… Нешта перашкаджае заўсёды, – казаў М.П.Прыдыбайла. – Тады наогул не выганяйце кароў у поле, трымайце на прывязі – але забяспечце надоі”. Складана гэтага дабіцца, калі ў паўдзённую спёку жывёла не атрымлівае вады, ходзіць па страўленым загоне, а то і зусім ляжыць. Міхаіл Пятровіч адзначыў, што гаспадаркі могуць арганізоўваюць працэс вытворчасці на сваё разуменне, планаваць працу, як ім падаецца правільна – аблсельгасхарч не будзе ўмешвацца. Але гэта пры ўмове станоўчага выніку. Калі ж яго няма, то неабходны жорсткі кантроль як за тэхналогіяй выпасу, так і за выбыццём жывёлы, станам пашаў, якім надзяляецца неналежная ўвага – на бур’яне малака не атрымаеш. Племянная справа і селекцыя, рамонт даільнага абсталявання і падрыхтоўка аб’ектаў да новага стойлавага перыяду – здаецца, нічога не засталося па-за ўвагай падчас тэарэтычнай часткі мерапрыемства.
Прадоўжылася яно на асобных жывёлаводчых аб’ектах гаспадарак раёна. І прыемна адзначыць, што на малочна-таварным комплексе “Завячэлле” філіяла “Маяк-Ушацкі”, дзе дэманстравалася тэхналогія кармлення, у членаў калегіі аблсельгасхарча не ўзнікла заўваг. Тут да мінулагодняга якаснага сенажу дадаюць свежую люцэрну ў прапорцыі 70 на 30 працэнтаў, і такая сумесь даспадобы жывёле. М.П.Прыдыбайла звярнуў увагу ўдзельнікаў мерапрыемства і на стан памяшканняў – аб тым, што калегія пройдзе ва Ушацкім раёне, стала вядома за два дні да таго, таму навесці “паказуху” і адмыць кароў проста не паспелі б: “Значыць, парадак на комплексе стаў нормай”, – зрабіў выснову Міхаіл Пятровіч.
Наведалі ўдзельнікі мерапрыемства і комплекс у Глыбачцы, каб азнаёміцца з тэхналогіяй утрымання мясных цялушак. Сфарміраваны статак у 140 галоў выпасваецца па няўдобіцах і такім чынам эканоміць культурныя пашы для малочных гуртоў. Мясныя каровы прызначаны для прыплоду, а пагалоўе, атрыманае ад іх, пойдзе на дарошчванне. Такі напрамак жывёлагадоўлі рэкамендавана развіваць ва ўсіх рэгіёнах Віцебшчыны, як і ўзяць на ўзбраенне вопыт Полацкага камбіната хлебапрадуктаў – аб’екты ў Завячэллі і Глыбачцы інтэграцыйная структура будавала і рэканструявала ўласнымі сіламі і за ўласныя сродкі, у тым ліку з прымяненнем матэрыялаў, якія былі ў выкарыстанні.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *