У пятніцу адбыўся пленум Ушацкага райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу, асноўным пытаннем якога стала перавыбранне старшыні. Абласны галіновы прафсаюз задаволіў просьбу Т.Б.Клімашэўскай аб вызваленніад займаемай пасады і адобрыў кандыдатуру П.А. Алексяёнка, за якога адзінагалосна прагаласавалі ўдзельнікі пленума.
Прадставіў аграрыям новую кандыдатуру старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. Ён зазначыў такія моцныя бакі спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, як удумлівы падыход да даручаных заданняў і дасканалае іх высвятленне, аналітычнасць, ініцыятыўнасць і нават рэдкая для мужчын рыса – узорны парадак пры вядзенні дакументацыі. Намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч дадала, што Пётр Аляксандравіч заўсёды падыходзіць да вырашэння пытанняў з пазіцыі жыццёвай неабходнасці. Старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Віктар Сяргеевіч Гутараў падкрэсліў, што хоць П.А.Алексяёнак не працаваў у сістэме аграпрамысловага комплексу, аднак сам з вёскі, добра ведае клопаты людзей, ды і дзе б ні працаваў чалавек у такім невялікім аграрным раёне як Ушацкі, ён па сутнасці спрыяе павышэнню дабрабыту сялян.
В.С.Гутараў спыніўся на актуальных на сённяшні дзень пытаннямі аб’яднання. Зазначыў, што прафсаюз АПК адвяргае шлях забастовак, разбурэння, а пазіцыяніруе сябе як памочнік улады, які перш за ўсё павінен клапаціцца пра чалавека-працаўніка. “Звяртайце ўвагу на ахову працы, на такія актуальныя зараз моманты, як работа ў спёку. Практыка паказвае, што толькі ў новай тэхніцы працуюць кандыцыянеры, а нават у трохгадовай – як правіла не. Нагрузка ж падчас работы ў полі, без перапынкаў вельмі высокая. Імкніцеся так наладжваць харчаванне, каб падвазілася і пітная вада, у майстэрні ці яшчэ лепш на месцах быў устаноўлены душ – простая бочка з вадой. Няхай людзі робяць перапынкі – міжнародныя арганізацыі наогул раяць пры высокіх тэмпературах 20-хвілінныя пры гадзіне працы.” В.Гутараў прывёў прыклады незаконнага ўмяшальніцтва адміністрацыі ў дзейнасць прафсаюзнай пярвічкі арганізацыі і падкрэсліў, што абласны камітэт заўсёды падставіць плячо пры падобных спрэчных момантах, калі трэба абараніць інтарэсы працаўніка. Звярнуўся да кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, якія прысутнічалі ў зале, з просьбай ліквідаваць затрымкі па ўзносах, якія пярвічкам і райкаму прафсаюзаў складаюць амаль 20 тысяч рублёў, бо 1 працэнт ад заробкаў не паправяць эканамічны стан гаспадаркі, але дапамогуць прастымуляваць лепшых работнікаў, набыць сродкі аховы, вырашыць некаторыя іншыя злабадзённыя пытанні.
У цеснай сувязі з уладай пажадаў працаваць новаму старшыні і У.Г.Аўдошка. Зазначыў, што не трэба баяцца заходзіць у кабінеты ўлады для вырашэння вострых момантаў і выказаў надзею, што П. А. Алексяёнак ажывіць гэты самы вялікі ў раёне галіновы прафсаюз.
Пётр Аляксандравіч у сваю чаргу выказаў шчырую ўдзячнасць за аказаны давер: “Пакуль на словах, якія я ў хуткім часе абяцаю падмацаваць справамі.”
Вольга Караленка.