Сотрудник Ушачского РОЧС Игорь Бруцкий в свободное от службы время спас человека на пожаре

Общество

Навіна аб тым, што ва Ушацкім раёне супрацоўнік МНС у вольны ад службы час выратаваў на пажары чалавека, на гэтым тыдні разляцелася па многіх інфармацыйных рэсурсах краіны. Так, у мінулую суботу нічога не прадвяшчала бяды, а Ігар Бруцкі нават не падазраваў, што ў гэты дзень ён пройдзе праверку на мужнасць і пацвердзіць высокае званне выратавальніка, вырваўшы з рук смерці чалавека.

Свой працоўны водпуск Ігар разам з сям’ёй праводзіць у Матырыне. На бацькоўскай сядзібе спраў хапае, і каля 6 гадзін вечара хлопец збіраўся касіць. У нейкі момант пачуў крыкі людзей і, азірнуўшыся, убачыў дым на суседняй вуліцы Цэнтральнай. Не раздумваючы, сеў у машыну і памчаў у той бок. Рабіў гэта не з цікаўнасці, а па прафесійнай звычцы: як вадзіцель пажарнага аўтамабіля, прывык спяшацца на дапамогу.
– Пашанцавала, што гэты дом добра ведаў: планіроўку ды і самога гаспадара, які мог дазволіць сабе пакурыць у хаце: Матырына якраз замацавана за мной, і домаўладанне не раз абследаваў. У жыллі было моцнае задымленне, пачала гарэць маёмасць і сцены. Прабіраючыся праз дым, знайшоў на ложку чалавека, які быў у беспрытомным стане. Калі пачаў выносіць яго з ачага пажару, ён стаў падаваць прыкметы жыцця, – прыгадвае Ігар.
Здавалася б, чалавек выратаваны – справа зроблена. Але І. Бруцкі, пакінуўшы гаспадара на вуліцы, зноў накіраваўся ў дом, каб выратаваць і жыллё. Услед нават чулася: “Ды не рызыкуй ты, няхай дагарае, галоўнае, што чалавека выцягнуў!” У доме выратавальнік знайшоў два вядры вады і выліў на палаючы ложак, але гэтага было недастаткова. Тады зачыніў дзверы і вокны, каб перакрыць доступ кіслароду і знізіць хуткасць разгарання. Але шкло на вокнах трэснула ад высокай тэмпературы і агонь пачаў выбівацца з іх на дах. Выратавальнік не разгубіўся і пачаў закрываць аконныя праёмы шыферам. Акрамя гэтага, схапіўшы кавалак матэрыялу, залез на гарышча і закрыў дымаход. Жадаючых дапамагчы практычна не было, толькі Тамара Васільеўна Коршун не пабаялася падыходзіць бліжэй і прыносіла адшуканыя палкі, каб падперці шыфер.
Прыбыўшыя да месца здарэння падраздзяленні МНС за пяць хвілін ліквідавалі пажар. Агонь паспеў пашкодзіць маёмасць і сцены, але ў цэлым дом яшчэ можа быць прыгодны для пражывання. Медыкі ж агледзелі выратаванага 57-гадовага мужчыну – у шпіталізацыі ён не меў патрэбы. Дарэчы, ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і нават не ўсведамляў, што адбываецца. Калі ж працверазіўся, накіраваўся да маладога аднавяскоўца, каб сказаць “дзякуй”.
Узрушаныя ўчынкам І.Бруцкага, матырынцы тэлефанавалі ў рэдакцыю і прасілі абавязкова на старонках газеты расказаць пра яго ўсяму раёну: “Ён такі малайчына, ніколі не пройдзе міма, калі людзям патрэбна дапамога. У той дзень ён рызыкаваў сваім жыццём, а яго дома чакалі жонка і маленькі сыночак! Аж сэрца сціскаецца ад думак, што фінал мог быць не такі шчаслівы”.
Так, надзейны тыл выратавальніка – Вольга і Мацвей, якому яшчэ няма годзіка. Маладая сям’я жыве ў Наваполацку, але ў родным Матырыне яны знаходзяцца вельмі часта. Ва Ушацкім райаддзеле па надзвычайных сітуацыях Ігар служыць ужо пяць гадоў. Працаваў вадзіцелем на пажарным аварыйна-выратавальным пасце ў Двор Пліна, а пасля яго закрыцця – на той жа пасадзе ў аграгарадку Глыбачка.
“Дагэтуль выратоўваць людзей вось так, у адзіночку, не прыходзілася, толькі ў складзе каравула падчас баявых выездаў. У мяне добрыя настаўнікі былі ў гэтым плане”, – гаворыць Ігар, маючы на ўвазе свайго калегу і сёлетняга прадстаўніка раённай Дошкі гонару Алега Віктаравіча Северына. Прыгадваюць матырынцы і выпадак, калі гэтай зімой хлопец разам з аднавяскоўцамі кінуўся тушыць суседскі дом, гаспадары якога адлучыліся і не ведалі пра пажар. Дзякуючы іх дзеянням удалося абысціся малой кроўю і выратаваць жыллё.
Сціплы і спакойны Ігар адзначае, што ў яго ўчынку няма нічога звышнатуральнага: “Я ўпэўнены, што так паступіў бы кожны супрацоўнік нашага аддзела. Выратоўваць – гэта не толькі наша работа, а і вобраз жыцця, не важна – на службе ты, у водпуску ці на выхадным!”

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *