Богатый улов неприятностей. Криминальный «хит-парад» прошлого месяца возглавили рыболовные дела

Закон - один для всех

Крымінальны “хіт-парад” апошняга месяца даволі нечакана ўзначалілі рыбацкія справы. Закінуўшы сеткі ва ўшацкія вадаёмы, аматары незаконнай здабычы “выцягнулі” для сябе багаты ўлоў непрыемнасцяў. А на тыя грошы, якія давядзецца заплаціць за ляшчоў ды акунёў, гора-рыбакі маглі б усё астатняе жыццё харчавацца фарэллю…

“Інспектары не дрэмлюць, але ж я – таксама не лыкам шыты!” Напэўна, так думаў ураджэнец аграгарадка Глыбачка М., калі, узброіўшыся пяццю звязанымі сеткамі, адпраўляўся 27 мая на Павульскае возера ў наваколлі вёскі Сонькін Рог. Ды нават у такой глыбінцы быў запеленгаваны прыродаахоўнікамі – урон, нанесены прыродзе, склаў 6426 рублёў. Варта адзначыць, што мужчына ўжо меў праблемы, звязаныя з незаконнай лоўляй, а таму наступствы яго ўчынку будуць жорсткімі: частка 4 артыкула 281 Крымінальнага кодэкса РБ прадугледжвае безальтэрнатыўнае пакаранне – пазбаўленне волі на тэрмін да 6 год са штрафам. Раённы аддзел следчага камітэта вынес пастанову аб затрыманні грамадзяніна – зараз ён узяты пад варту.
Яшчэ большы ўрон навакольнаму асяроддзю нанёс навапалачанін А., які ноччу 14 мая ўстанавіў тры сеткі на Чарсцвядскім возеры. Некалькі вылаўленых ляшчоў, акунёў і серабрыстых карасёў пацягнулі на 7727 рублёў урону і такі ж строгі артыкул, бо грамадзянін таксама заспеты за незаконным заняткам не ўпершыню.
Яшчэ адна няўдалая “вылазка” датавана 5 чэрвеня – на гэты раз аб’ектам выбару браканьераў стала возера Оталава. Ушачанін С. і жыхар Строктаў Ш. аб’ядналі намаганні і дзвюма сеткамі налавілі рыбы на астранамічную суму ў 11 з паловай тысяч рублёў!
Здзіўляе прырода такіх учынкаў: што штурхае людзей на неабгрунтаваную рызыку? Яўна не голад, бо фігурантаў прыгаданых спраў не аднясеш да катэгорыі сацыяльнага дна. Тады, напэўна, азарт ці прага да лёгкіх грошай? Зрэшты, на судзе як правіла браканьеры і самі дакладна не могуць гэта патлумачыць. Хочацца спадзявацца, што прыгаданыя гісторыі стануць урокам для тых, хто таксама лічыць сябе хітрым і няўлоўным.

Н.АВАДНЁВА, памочнік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *