Беларусь помнит. Служили три брата Ивановича

Общество

Валянціна Антонаўна Чырвоная сямейны летапіс, можна сказаць, толькі фарміруе. Занатоўвае звесткі пра Красную горку Глыбачанскага сельсавета, дзе некалі жыў пан, а кіраваў яго гаспадаркай яе дзед Іван Іосіфавіч Батранец. Збірае фотаздымкі родных і з цікаўнасцю вывучае сайты Міністэрства абароны Расіі “Мемарыял” і “Подзвіг народа”, дзе нядаўна адшукала дадатковыя звесткі пра дзядзьку Станіслава і даведалася, за што ён атрымаў ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені.

Аддзяленне Артылерыйскага забеспячэння Войска Польскага размяркоўвала боепрыпасы для ўсёй арміі. У суткі прыходзіла нават па 80 саставаў, якія тут жа перанакіроўваліся на перадавую. “У час работы начальнікам аперацыйна- уліковага аддзела палявога армейскага артылерыйскага склада, асабліва пры фарсіраванні ракі Одар праявіў сябе выключна энергічным і аператыўным работнікам, і ў складаны час, калі адначасова паступаў транспарт і для выгрузкі, і для адпраўкі, спрыяў своечасоваму і поўнаму выкананню пастаўленага баявога задання”, – значыцца ва ўзнагародным лісце капітана Батранца.
Станіслаў Іванавіч нарадзіўся ў 1913 годзе, у пачатку трыццатых паехаў на будоўлю ў Камсамольск-на-Амуры, адкуль і прызваўся ў Чырвоную Армію ў кастрычніку 1935-га. Падчас вайны змагаўся ў складзе І Беларускага фронту: і з мая 1944 у 1-й арміі Войска Польскага, сфарміраванага Савецкім Саюзам на аснове польскага пяхотнага корпусу, у якое ўваходзілі і савецкія грамадзяне, пераважна польскага паходжання. Армія граміла нямецкіх захопнікаў як на тэрыторыі Польшчы, так і Германіі. Станіслаў Іванавіч дайшоў да Берліна і заставаўся кадравым ваенным да срэдзіны 60-х.
Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені мае і яго малодшы брат Антон Іванавіч Батранец, хаця яго, радавога чырвонаармейца І Беларускага фронту, прадстаўлялі да ордэна Славы. Аўтаматчык 26 асобнай знішчальнай брыгады, ён прымаў актыўны удзел у баях супраць нямецкіх захопнікаў з верасня 1942 па кастрычнік 1943 года. Цікава, што ў графе “прызыў” значыцца партызанскай брыгадай Ушацкага раёна. Падчас вызвалення Беларусі, ля Гарадка Віцебскай вобласці быў цяжка паранены, застаўся без нагі і камісаваны. Ужо ў пяцідзясятыя Антон Іванавіч скончыў адпаведныя курсы і працаваў бухгалтарам саўгаса “Глыбачаны”, быў сакратаром партыйнай арганізацыі.
А іх сярэдні брат Іосіф назаўсёды застаўся маладым – такім ён паглядае з даваеннага здымка, калі быў фельчарам Ляснеўшчынскага ФАПа. Потым прымяняў свае веды для таго, каб хутчэй аказаліся ў страі яго калегі партызаны – служыў начальнікам санітарнай службы. Прапаў без вестак 5 мая 1944 года пры прарыве варожай блакады, загінула і яго жонка.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *