На территории Ушачского района газообеспечения «поселился» слоник!

Благоустройство

Тэрыторыю Ушацкага раёна газазабеспячэння бясспрэчна можна назваць эталоннай і занесці у лік адрасоў прыгажосці на карце Ушаччыны. І хоць прадпрыемствы не ўдзельнічаюць у нашым аднайменным конкурсе, аднак не ўспомніць гэтую арганізацыю немагчыма. Штогод тут высаджваюць мноства разнастайных кветак, з’яўляецца штосьці новае. Сёлета ўжо многія ўшачане прыкмецілі, што на тэрыторыі “пасяліўся” прыгожы слонік. Такія незвычайныя зялёныя арт-аб’екты апошнім часам набіраюць усё большую папулярнасць. Напрыклад, галоўныя вуліцы Віцебска ўпрыгожылі львы, мядзведзі, кашалёк, з якога сыплюцца кветкі.
Кампазіцыя зроблена з металічнага каркаса, які зверху абцягнуты штучным газонам. Зрэшты, нават памацаўшы, цяжка адрозніць – з жывых раслін ці штучных зроблены слон. Для нашай кліматычнай зоны гэта вельмі зручны варыянт – не патрэбны паліў і стрыжка, фігура доўга не выгарае на сонцы і радуе вока яркай зелянінай. Арыгінальную знаходку ўзяць для сябе на заметку могуць і прыватнікі: купіць гатовую фігуру або зрабіць, як газавікі, каркас і абцягнуць штучным матэрыялам. Варыянты стварэння вырабу сваімі рукамі толькі ўжо з жывых раслін прапаноўвае і інтэрнэт. Але гэта вельмі працаёмкая і карпатлівая работа: з дапамогай дроту і зваркі ствараецца канструкцыя, якая ўмацоўваецца сеткай, у грунт дабаўляецца салома і шчыльна ўкладваецца на каркас. Засейваюцца фігуры газоннай травой або нізкарослымі раслінамі, выкарыстоўваецца і камбінаваны варыянт – кветкі і газонная трава. Тапіар (так называюць гэтыя садовыя фігуры) трэба пастаянна паліваць, і выключна з лейкі. Па меры росту траву падстрыгаюць, надаючы патрэбную форму. Пачаць жа лепш з простых скульптур тыпу шар, куб, квадрат.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *