Калі для адных лета – перыяд адпачынку, то для аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства і яго аб’ектаў гэта па-сапраўднаму гарачая пара: часцей арганізуецца выязны і вынасны гандаль, назіраецца наплыў наведвальнікаў у кафэ, павялічваецца колькасць індывідуальных заказаў, у тым ліку па абслугоўванні замежных гасцей. І ў кожным выпадку ўшацкія кааператары стараюцца, каб усё было на вышэйшым узроўні.
“Ва Ушачах гатуюць смачна! Улічваюць нашы пажаданні і прапануюць штосьці новае. Напрыклад, у вас упершыню паспрабавалі клёцкі і халаднік!” – адзначаюць спартсмены з Сахаліна, якія для свайго трэніровачнага збору зараз абралі наш фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Яны разам з тэхнолагамі аддзела загадзя абмяркоўваюць меню, а для зручнасці гасцей харчаванне дастаўляецца ў кафэ “Тайм-аўт”.
Зрэшты, гэта ўжо не першы падобны вопыт для работнікаў райспажыўтаварыства: паспяхова наладжвалі харчаванне і для іншых спартыўных дэлегацый з розных гарадоў, для некаторых неаднойчы. А ў цяперашні час атрымалі заяўку ад мінчан, якія ў хуткім часе прыедуць трэніравацца ў “Юнацтва-Ушачы”.
І калі са спартсменамі наладзілі кантакт і ўжо ведаюць, што і ў якім выглядзе ім прапанаваць, то перад нядаўнім візітам прадстаўнікоў з Кітая, якія наведваліся на “Твестубу” і цэлы тыдзень былі ва Ушачах, крыху хваляваліся. Вывучалі кітайскую кухню і гатавалі традыцыйныя стравы гэтай краіны. Напрыклад, у іх штодзённым меню – абавязкова рыс. Ад бульбы і страў з яе госці адмовіліся, а ў цэлым засталіся задаволенымі.
Попыт жа ўшачан і пастаянных гасцей раёна, якія харчуюцца ў “Папараць-кветцы” і рэстаране, тэхнолагі і повары ўжо добра вывучылі. У цяперашні час на іх плячах і забеспячэнне харчаваннем 115 ушацкіх дзяцей, што наведваюць спартыўны лагер.
Трэба адзначыць, што пастаянная ўвага надаецца і кропкам, якія знаходзяцца па-за межамі гарпасёлка. Сярод іх, напрыклад, сарочынскі “Спадарожнік”. Як аб’ект прыдарожнага сэрвісу, тым больш ля буйной шашы, ён павінен быць эталонным. Прыемна, што многія госці пакідалі водгукі аб прывабнасці ўстановы і добрым абслугоўванні.
Усё большую папулярнасць апошнім часам набывае і выязное абслугоўванне. Сёлета ўжо каля 30 разоў ушачане заказвалі “рэстаран на дом”. Часцей за ўсё – памінальны стол, але былі заяўкі на правядзенне юбілеяў і вяселля. “Многія ацанілі, што гэта зручна, бо ўсё, што патрабуецца ад заказчыка, – памяшканне са сталамі і стуламі, астатняе – клопат нашых работнікаў, якія прыгатуюць і аформяць заказаныя стравы, даставяць іх да месца, пасэрвіруюць сталы сваім посудам, паднясуць гарачае, а пасля ўбяруць. Гатовы выехаць у любую кропку раёна, і кошт страў ад гэтага не зменіцца. Прычым, ведаюць пра нашу паслугу і суседзі, днямі тэлефанавалі з Улы і Вароніч”, – расказвае начальнік аддзела грамадскага харчавання Таццяна Анатольеўна Глінская.
Нягледзячы на вялікую нагрузку, работнікі працуюць на сумленне, каб кожны кліент абавязкова захацеў вярнуцца. Тым больш, што ўшачанам, як лідарам сярод іншых райспажыўтаварыстваў вобласці, у тым ліку і па грамадскім харчаванні, трэба трымаць марку.
Вольга КАМАРКОВА.