Сыграть на гитаре, нарисовать портрет — не проблема для юной ушачанки Валерии Станевич

Общество

“Паглядзіце, якія ў яе цудоўныя партрэты атрымліваюцца! Гэта, пэўна, будучы мастак. Вам трэба з ёй пазнаёміцца!” – не раз казалі нам у Вяркудскім сельскім Доме культуры пра Валерыю Станевіч, якая наведвала гурткі ўстановы. Аказалася, што цяга да малявання – не адзінае захапленне таленавітай дзяўчыны з вёскі Салаўёўка.
– Маляваць пачала ў пачатковых класах. Спачатку работы былі простымі, а з часам навыкі самі па сабе ўдасканальваліся. Вельмі многаму мяне навучыў у Вяркудскай школе мой настаўнік Мікалай Міхайлавіч Казлоў, які даваў парады і быў для мяне прыкладам. За цікавыя ўрокі яму вельмі ўдзячна, – расказвае Валерыя. – А аднойчы мая сястра папрасіла намаляваць яе, атрымалася нядрэнна, так і захапілася менавіта партрэтным жанрам.
У скарбонцы дзяўчыны не толькі вобразы родных і знаёмых, а і герояў фільмаў, ёсць і ўласныя прыдумкі. Валерыя прызнаецца, што маляваць выяву чалавека цікава і складана адначасова – няўдалы штрых – і выраз твару, і эмоцыі зусім іншыя. “Удзельнічаю ў розных школьных і іншых конкурсах, але часцей малюю для сябе, для настрою. Праз інтэрнэт падтрымліваю сувязі з тымі, хто любіць трымаць аловак у руках, а таксама прафесіяналамі. Напрыклад, падчас экскурсіі ў Глыбокае пазнаёмілася з мясцовым мастаком Дзмітрыем Літвінскім, які натхніў на некаторыя ідэі”, – гаворыць Лера.
Перанесці чалавека, сітуацыю, з’яву В.Станевіч любіць не толькі на паперу, а і ў фотакадр. Менавіта фатаграфія і рэдагаванне – яшчэ адно з яе захапленняў. Тэлефон ці фотаапарат у яе заўсёды з сабой, і за апошні год не было дня, каб яна не “злавіла” прыгожы момант. Адзначае, што з-за шматлікіх спраў і паўсядзённай мітусні мы не заўважаем, колькі прыгожага навокал.
З нядаўняга часу захапілася яшчэ і музыкай, у прыватнасці, ігрой на гітары. “Урокі зноў жа брала ў інтэрнэце, спачатку нічога не атрымлівалася і моцна балелі пальцы, але не люблю кідаць распачатую справу. Цяпер не проста іграю гатовую мелодую, а і спрабую складаць новыя”, – прызналася дзяўчына. Ацаніць яе ігру ўжо змаглі не толькі родныя і сябры, а і ўсе, хто прысутнічаў на апошнім званку ў Глыбачанскай школе, дзе падчас урачыстай лінейкі яна выканала песню “Гучыць апошні званок”. Зрэшты, хвалявалася не толькі таму, што было шмат гледачоў, а і таму, што сама была ў ліку выпускнікоў-дзевяцікласнікаў. Аб тым жа, што ігра на гітары ўдалася, сведчылі не толькі шчырыя апладысменты школьнікаў, настаўнікаў, бацькоў, а і тое, што дзяўчыну ўжо запрашаюць выступаць на святах вёсак.
Звязаць свой прафесійны шлях плануе з педагагічнай дзейнасцю і, думаецца, што дзецям, з якімі будзе працаваць такі творчы чалавек, толькі пашчасціць.
Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *