Сёлета мы друкавалі матэрыял пра фенолага Мікалая Мікалаевіча Кірпіча. Аднак “за кадрам” засталося многа цікавых звестак, якія не толькі сведчаць пра перамены, што адбыліся ў прыродзе за паўстагоддзе, але і будуць падказкай ушачанам у паўсядзённым жыцці.
2 лютага 1971 года ва ўрочышчы Маркаўшчына ля Вялікіх Долец назіралася цвіценне пралесак. Зіма гэтага года вызначалася цёплым і вільготным надвор’ем. У такія мяккія перыяды на зімоўку застаюцца некаторыя птушкі, напрыклад, качкі-крыжанкі. Адно з такіх мясцін – ля вёскі Заазер’е, дзе рэчышча ракі Ушачы моцна зарослае, б’е шмат ключоў, таму вада замярзае толькі ў вялікія маразы. А яны бываюць і да 40 градусаў – рэдка, калі на тэрыторыю раёна пранікаюць арктычныя масы. Часцей за ўсё з-за бязветранага надвор’я жывёлай і раслінамі яны пераносяцца лёгка, аднак здараецца гібель вераб’ёў і вялікіх сініц, а ў 1963 годзе вымерзлі ўсе вішні.
18 сакавіка 1962 года выпала шмат снегу, а завея намяла гурбы ўровень з дахамі хат. Такога покрыва не было ўсю зіму. Наогул час устойлівага снегу на Ушаччыне складаў 111-118 дзён. А ў 1968 годзе на санях ездзілі ажно 20 красавіка.
22 сакавіка 1971 года прагрымела навальніца, якая суправаджалася снегам з дажджом. У жніўні 1972 года з вішань амаль поўнасцю апала лістота.
Чаромха зацвітала на 40-46 дзень пасля пачатку “плачу” бяроз і шырокалістнага клёну. 30 красавіка лічылася сярэднегадавой датай прылёту самай галасістай птушкі – салаўя, якая, дарэчы, сёлета на гэты час ужо ва ўсю спявала.
Калі на азёрах ці рэках з’явіліся лісты лілеі – замаразкам канец.
Праз тыдзень пасля чаромхі зацвітае акацыя. Калі яе дружна наведваюць пчолы – значыць будзе дождж: у такі час яна выдзяляе нектар, які прываблівае збіральніц мёду. Разгарам лета лічылася цвіценне ліпы.
5 мая зацвітала бяроза, 11– клён, 18 – ландыш, 17 – чаромха, 19 – вішня, 25 – яблыні. Сяўба яравых у 1972 годзе распачалася 28 красавіка, а на наступны – толькі 10 мая. Ранняе раенне пчол прыпала на 24 мая 1972 года, а позняе – на 27 чэрвеня папярэдняга. Першыя грыбы ў 1964 годзе збіралі 14 чэрвеня, суніцы ў 1971-м – 7, а чарніцы – 28. А вось журавіны выспелі ў 1972-м толькі 30 верасня. Наогул практычна ўсе межавыя з’явы разыходзяцца амаль на месяц. Напрыклад, прылёт жаўрука з 11 сакавіка да 6 красавіка, укус камароў – з 4 па 24 мая.
Максімальная вышыня сонца на тэрыторыі Ушацкага раёна – 58 градусаў, мінімальная, зімой – 10.
Самы ранні снег таўшчынёй 4-5 сантыметраў выпадаў на тэрыторыі раёна 27 верасня 1970 года і праляжаў каля чатырох гадзін.
З птушак толькі сойка рыхтуе на зіму прыпасы: хавае пад мох і кару жалуды і арэхі. А калі не знаходзіць іх – вырастаюць маладыя дубравы.
Дзякуючы шматгадовым назіранням фенолагаў, у тым ліку і М.М.Кірпіча, Рускае геаграфічнае таварыства адзначае істотныя змены ў клімаце. Раней халодныя зімы і позняе наступленне вясны лічылася неспрыяльным для раслін, зараз наадварот – падчас цёплых снежня, студзеня, лютага пачынаецца заўчасная вегетацыя дрэў і кустоў, што з пахаладаннем прыводзіць да абмярзання крон. У адкрытым грунце ў Санкт-Пецярбургу пачалі выжываць трапічныя расліны. Цвіценне вольхі шэрай з 1841 года стала ранейшым на 24 дні. З 1950 па 1979 гады на дзесяць дзён скарацілася працягласць зімы і павялічылася кліматычнае лета.
Падрыхтавала Вольга Караленка.