Андрей Лаппо — единственный победитель областного соревнования на весенних работах среди трактаристов-машинистов сельхозпредприятий Ушачского района

Ими гордятся Сельское хозяйство

Веснавая кампанія сёлетняга года ўжо стала гісторыяй. Хаця на асобных палетках яшчэ сеюць свірэпіцу, кукурузу ці адналетнікі, але масавыя работы скончаны, і аграрыі ўцягваюцца ў корманарыхтоўку. Сярод іх – і многія героі яравой сяўбы, бо большасць механізатараў з’яўляюцца многастаночнікамі, і віды дзейнасці для іх падбіраюцца ў залежнасці ад магчымасцей замацаванай тэхнікі. Да ліку такіх адносіцца і работнік філіяла “Маяк-Ушацкі” Полацкага КХП Андрэй Лапо – адзіны пераможца абласных спаборніцтваў на вясенніх палявых работах сярод трактарыстаў-машыністаў сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна.

“Калісьці, як толькі ўладкаваўся ў “Райаграсэрвіс”, быў памочнікам на камбайне ў Дзмітрыя Сісковіча – першымі ў раёне намалацілі тады тысячу тон зерня!” – успамінае адно з даўніх працоўных дасягненняў хлопец. Калі “Маяк-Ушацкі” лічыць пераемнікам прыгаданай гаспадаркі, то для А.Лапо гэта трэці прыход у яе. Так, Андрэй паспеў папрацаваць і ў Расіі на будоўлях, і ў Полацку, але вырашыў вярнуцца да механізатарскай справы на радзіме: “Няма “лёгкага хлеба” нідзе, ды і за мяжой не заўсёды выконваюць абяцанні, даводзілася сутыкнуцца з ашуканствам. Не скажу, што зараз мне проста – толькі дома ёсць дома, ды і зарплата неблагая”, – разважае Андрэй Анатольевіч.
У раённых спаборніцтвах на ўзворванні глебы ён быў у ліку лідараў з самага пачатку веснавых работ. Трэба адзначыць, што ў нас няма раздзялення тэхнікі па магутнасці рухавіка, выкарыстанні плугоў, але нават з улікам гэтага А.Лапо на сваім МТЗ-1523 з чатырохкорпусным ППО 4-40 паспяхова канкурыраваў з прадстаўнікамі іншых гаспадарак, якія кіравалі больш магутнымі “жалезнымі конямі”. А вось у абласных спаборніцтвах трактары дзеляцца на групы, і гэта справядліва, бо ніяк нельга параўнаць, напрыклад, магчымасці яго трактара і імпартных “монстраў” кшталту CASE, CLAAS, якія маюцца ў інтэграцыйных структурах і з лёгкасцю цягнуць 10 а то і 13 карпусоў плугоў.

Ды і контурнасць палёў на той жа Аршаншчыне значна большая, камяністасць – меншая, маюцца і іншыя акалічнасці не на карысць ушацкіх механізатараў. Тым больш прыемна за Андрэя Анатольевіча, які ўзараў 358 гектараў, значна апярэдзіўшы механізатараў з Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў, якія таксама ўвайшлі ў тройку пераможцаў на трактарах МТЗ-1523.
“Позна лёг, рана ўстаў”, – з усмешкай характарызуе сакрэт поспеху механізатар. Новае Сяло, Пад’язна, Усая, Кугоні, Завячэлле – працаваць давялося ў розных канцах раёна, дзе зараз маюцца землі “Маяка-Ушацкага”, не араў хіба што на тэрыторыі Вялікадолецкага ды Глыбачанскага сельсаветаў. Уздымаў жа з сярэдзіны красавіка не толькі іржышча, а ў большасці ўчасткі, якія не бачылі плугоў гадамі.
Асноўныя катэгорыі на права кіравання сельскагаспадарчай тэхнікай А.Лапо атрымаў у Ветрынскім вучылішчы, астатнія адкрываў, калі ўжо працаваў і паралельна праходзіў спецыяльныя курсы. “Магу пры неабходнасці і на камбайн сесці, пагрузчыкам кіраваць і нават гусенічным трактарам, – кажа механізатар. – Любой тэхнікай, акрамя дарожна-будаўнічай. З сеялкай раней працаваў, а сёлета яшчэ і з чызелем глебу рыхтаваў”.
Зараз ён задзейнічаны на касавіцы, а размова наша адбылася на мехдвары, дзе Андрэй Анатольевіч рамантаваў касілку. “Скончыцца корманарыхтоўка, а там і жніво хутка, – разважае малады чалавек. – А як толькі першыя гектары убяруцца, зноў плугі можна чапляць, араць пад сяўбу азімых, потым – пад яравыя на наступны год. І так да зімы…”
Пра спаборніцтвы ён ведаў, але за ходам іх не сачыў, за работай некалі было: “Цешча аднойчы казала, што на нейкім этапе быў на трэцім месцы ў вобласці”. Навіну аб перамозе ўспрыняў спакойна і да статусу перадавіка адносіцца па-філасофску – не падводзіла тэхніка і здароўе. Вельмі дарэчы будзе маладому бацьку і прэмія: па ўмовах абласных спаборніцтваў, якія ў такім фармаце сёлета праводзяцца ўпершыню, лепшыя ў намінацыях атрымаюць узнагароджанне ў суме 40 базавых велічынь. І, канечне, немалаважным фактарам для далейшай паспяховай працы з’яўляецца прызнанне калег, гонар родных і блізкіх людзей.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *