Першага чэрвеня цэнтр гарпасёлка поўніўся звонкімі дзіцячымі галасамі – менавіта тут ладзіліся гулянні з нагоды Дня абароны дзяцей. Свята заўсёды супадае з першым днём лета і пачаткам канікул, а сёлета яшчэ і з выхадным днём, таму і накіроўваліся на мерапрыемствы ўшачане цэлымі сем’ямі.
“Я буду маляваць кветкі і марожанае! А я – сваіх маму з татам і сябе разам з імі!” – узброіўшыся каляровымі крэйдамі, абмяркоўвалі дзеці свае будучыя шэдэўры. І паступова асфальт каля раённага цэнтра культуры і народнай творчасці пачаў набываць новы выгляд – тут праводзіўся конкурс малюнкаў, у якім з задавальненнем удзельнічалі як самыя маленькія, так і старэйшыя дзеці. Зрэшты, хоць гэта і быў конкурс, аднак за старанні салодкім падарункам заахвочваўся кожны “малевіч”.
Агароджа ўздоўж сквера тым часам ператварылася ў сапраўдную карцінную галерэю: ладзілася выстава работ навучэнцаў школ раёна, дзіцячай школы мастацтваў, раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Сярод соцень работ арыгінальнасцю вылучаліся малюнкі ўшачанкі Юлі Алейнік. У цэлым жа ідэі і тэхніка выканання ўсіх твораў уражвалі! Гэта зазначалі многія, хто спыняўся разгледзець работы. “Калі б трэба было выбраць лепшую, то гэта аказалася б нерэальнай задачай!” – справядліва прыкмеціла Галіна Талстая.
Побач пад адкрытым небам разгарнуліся і цэлыя майстар-класы: сесці за мальберт і павучыцца ў выкладчыкаў устаноў ці такіх прафесіяналаў, як Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч, маглі ўсе жадаючыя.
Тых жа, хто больш любіць спяваць, танцаваць, дэкламаваць вершы, чакалі ў скверы, дзе ладзіўся канцэрт. Выхаванцы дзіцячых садоў гарпасёлка, раённага цэнтра дзяцей і моладзі, цэнтра культуры, клубных устаноў вельмі стараліся ў час выступленняў. Здавалася, што бацькі, бабулі, дзядулі, выхавацелі і настаўнікі, якія займалі глядацкія месцы, хваляваліся больш за іх саміх. А паказаць сапраўды было што: напрыклад, Таня Крывёнак пакарыла гледачоў мілагучнымі спевамі, “Авантаж” “запаліў” прысутных дынамічнымі рухамі, а матырынскія хлопцы – прыпеўкамі. Вельмі актыўнымі былі дзеці і ў час разнастайных гульняў, што праводзілі на сцэне казачныя героі. Сапсаваць настрой прысутным не змагла нават кікімара, якая мела намер абліць усіх вадой і спыніць надыход лета.
Шмат забаў было ў скверы. “Не адцягнуць сыночка ад лоўлі рыбы. Напэўна, заядлы рыбак расце!” – казала маладая мама Таццяна Сакалова, якая прыехала да родных ва Ушачы і вырашыла з дзіцём завітаць на свята. І калі лоўля рыбы ці стральба з рагаткі былі імправізаванымі, то гульні ў шахматы на спартпляцоўцы – рэальнымі. А вось работнікі бібліятэкі запрашалі дзяцей паўдзельнічаць у разнастайных пазнавальных віктарынах, адгадванні загадак.
Шмат станоўчых эмоцый у рамках заключнага этапу рэспубліканскай акцыі “Не пакідайце дзяцей адных!” падарылі юным ушачанам выратавальнікі. Жадаючых пабыць у ролі вадзіцеля пажарнай машыны, прымерыць баявую вопратку, патрымаць пажарны рукаў было нямала як сярод хлопчыкаў, так і дзяўчынак. Прычым, юнаму пакаленню дазвалялася ўсё: уключаць мігалкі, трымаць у руках рацыю і па гучнай сувязі перадаваць прывітанні бацькам і сябрам. Таксама супрацоўнікі МНС дэманстравалі магчымасці сваёй тэхнікі: з 10-тоннай машыны пайшоў сапраўдны дождж і вадой напоўніўся бліжэйшы фантан. А разам з актывістамі БРСМ не забыліся нагадаць і аб правілах бяспекі на арганізаванай інтэрактыўнай пляцоўцы. За правільныя адказы дзеці атрымлівалі тэматычную сувенірную прадукцыю.
“Проста цудоўна, прайшло на адным дыханні!” – такія водгукі пакідаў практычна кожны глядач канцэрта “Зорны дождж”, галоўнымі героямі якога сталі выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў і ясляў-сада №2. “Да слёз кранулі выступленні дзяўчатак-анёлаў і Ягора Обуха пра асаблівых дзяцей, а яшчэ заключныя словы вядучых пра тое, як трэба цаніць дзіцячую ласку і берагчы нашых дзяцей,” – падзялілася Ганна Мялешка.
І на гэтым свята не завяршылася – тых, хто яшчэ не растраціў усе сілы, запрашала дзіцячая дыскатэка. Зазначым, што пасля мерапрыемства ў сацыяльных сетках бацькі разгарнулі цэлую палеміку наконт таго, што на дзіцячай дыскатэцы гучалі дарослыя песні. Думаецца, што арганізатары гэты факт возьмуць на заметку і ў наступны раз зробяць так, каб задаволенымі засталіся і дзеці, і іх бацькі.
Дапаўнялі атмасферу свята атракцыёны і гандлёвыя кропкі з разнастайнымі цацкамі, шарамі, салодкай ватай і іншымі прысмакамі. Галоўным жа крытэрыем таго, што мерапрыемства ўдалося, былі шчырыя ўсмешкі нашых дзетак!
Вольга КАМАРКОВА.