Якіх толькі дароў не тоіць лес. Драўніна, ягады, грыбы, але сустракаюцца і рэдкія віды. На адзін з такіх натрапіў падчас абходу 52-га кварталу ляснічы Кубліцкага лясніцтва. Міні-завод па вырабу самагону размяшчаўся ў глухім месцы побач з каналам. Мала хто наведваецца ў гэты куток кіламетраў за 12 ад Кубліч, аднак даехаць на трактары, матацыкле ці на кані магчыма. Толькі не пашчасціла яго ўладальнікам. Рэйд супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў спыніў падпольны бізнес, і зараз вядзецца пошук яе гаспадароў.Гэта самая вялікая і самая “свежая” падпольная кропка па вырабу самагону, якую ўдалося рассакрэціць у нашым раёне – два самагонныя апараты і 1400 літраў брагі. Усяго ж за гэты год было знішчана 17,5 літра фальсіфікаваных спіртных напіткаў і 4828,8 – самагоннай брагі. Як правіла, размяшчаюцца падпольныя кропкі па вырабу самагону ў нежылых дамах ці лазнях вёсак, а таксама ў лясах. Геаграфія – вельмі шырокая: адны з апошніх ліквідаваных кропак знаходзіліся ў Матырыне, Вяркудскім сельсавеце і Касарскім лесе. Раскрываюць іх як участковыя інспектары, так і ўсе службы раённага аддзела унутраных спраў. Часта ананімныя паведамленні паступаюць ад жыхароў. І гэта самы дзейсны метад барацьбы з неліцэнзаванымі і несертыфікаванымі напіткамі. Мала таго, што гоніцца самагон у такой колькасці, канечне, на продаж, дык і невядома, што разліваецца ў бутэлькі. У адным з лістоў Уладзіміра Караткевіча, які часта гасціў на Ушаччыне, ёсць такі выраз: “Не тое дрэнь, што гоняць, а што гоняць дрэнь.” Дарэчы, для сябе можна вырабляць як віно, так і самагон. Толькі вось трэба ведаць, што згодна з заканадаўствам, якое змянілася ў лютым гэтага года, захоўваць можна не болей 5 літраў моцных алкагольных напіткаў і не больш 30 літраў паўфабрыкатаў для іх вырабу (брагі). Штраф за парушэнне – ад 5 да 30 базавых велічынь. Дарэчы, моцнымі алкагольнымі напіткамі лічацца напіткі з аб’ёмнай доляй этылавага спірту 28 і больш працэнтаў. Адміністрацыйная адказнасць з лютага наступае і за захоўванне самагонных апаратаў (раней дазвалялася), а таксама да асоб, якія набываюць самагон ці іншыя напіткі ў падобных неафіцыйных кропках.
Очень мелкий шрифт 🙁