З работнікам скасавалі кантракт у той жа дзень, як медыцынскай камісіяй была ўстаноўлена інваліднасць. Ён пытаўся, ці меў наймальнік такое права. Так, наймальнік мае права скасаваць кантракт па прычыне наступіўшай непрацаздольнасці работніка. Аднак парушэнні былі дапушчаны пры афармленні і выдачы працоўнай кніжкі. Паколькі пры такіх умовах, як хвароба, інваліднасць, пенсія, паступленне на вочную форму навучання дзяржавай прадстаўляюцца пэўныя льготы і гарантыі, то ў працоўнай кніжцы абавязкова робіцці адпаведны запіс з указаннем прычыны звальнення. Другое парушэнне – кніжка была выдана толькі праз месяц, хоць павінна – у апошні дзень працы. Калі ж работніка не было ў гэты дзень на рабоце, то заказным пісьмом адпраўляецца паведамленне, каб работнік забраў яе, што таксама не было зроблена. Запіс ў працоўнай кніжцы ад 25 сакавіка не адпавядаў даце загада аб звальненні (17 сакавіка). Згодна артыкула 79 Працоўнага кодэкса пры затрымцы выдачы працоўнай кніжкі па віне наймальніка работніку выплачваецца сярэдні заробак за кожны дзень вымушанага прагулу, а дата звальнення мяняецца на дату выдачы працоўнай кніжкі. Па пытаннях звальнення работнік павінен звярнуцца ў суд у месячны тэрмін, а ў камісію па працоўных спрэчках ці ў вызначаных сітуацыях у суд – у трохмесячны з часу, калі ён даведаўся ці павінен быў даведацца аб парушэнні сваіх правоў.
Ад работнікаў КУСГП “Глыбачаны” паступіла скарга аб недаробках у жыллі. Будаўнічая арганізацыя пасля тэлефанавання пракурора выправіла недаробкі і прадставіла адпаведны акт.
Да хворай жанчыны з Ільюшына, якой патрэбна было ўстанавіць інваліднасць, а потым і замацаваць чалавека па догляду, была накіравана выязная медыцынская камісія. Пытанне вырашана станоўча, заяўніца падзякавала за аказаную дапамогу.
Яшчэ адно пытанне датычылася выплат, што ўтрымліваюць з цяпер ужо пенсіянера на карысць іншага чалавека, які атрымаў траўму ў дарожна-транспартным здарэнні, што адбылося 30 гадоў таму. Паколькі выплаты пацярпеламу боку з’яўляюцца пажыццёвымі, то тэрміну даўніны справа не мае. Раней жа заяўнік не плаціў, бо выплаты рабіліся страхавой арганізацыяй, якая выставіла рэгрэсны іск да лясгаса, у якім працаваў вінаваты ў ДТП, а тая ў сваю чаргу — да яго. Практыка, калі юрыдычныя асобы спаганяюць урон з непасрэдных віноўнікаў, даўно стала нормай.