Вот и закончилось лето

Общество

Раней гэта была вёска Заазер’е, цяпер — вуліца Заазёрная ў саставе Мосара. Зменшылася колькасць людзей, а мясцовасць жа нічым не змянілася. Па-ранейшаму адметнасцю гэтага куточка застаецца возера. Асабліва радуе яно мясцовых жыхароў і прыезджых родных летам. А сёлетнім і тым больш.

У адзін з ліпеньскіх дзён пабывала ў гэтым маляўнічым месцы. На беразе возера сустрэла дзяцей, якія купаліся, потым сядзелі на беразе, загаралі. Але нядоўга. Аказалася, вясковыя хлопчыкі і дзяўчынкі, як і ў пару нашай маладосці, не толькі адпачываюць у час канікулаў, але і маюць свае абавязкі па дому. Вось і Вадзім Маскалёў, а таксама Станіслаў Лісічонак, з якім пагаварыла. Ён скончыў сёлета дзевяць класаў. Пакуль маці працуе (на ФАПе), хлопец спраўляецца па гаспадарцы, а яна немалая; таксама наглядае за пяцігадовай сястрычкай Эміліяй.

Размаўляючы са Стасем на беразе, назірала за дзяўчынкай. Яна мыла валасы ў возеры.

Дзяўчынка выйшла на бераг, стала выціраць галаву ручніком, расказваючы, відаць, дзеля падтрымання размовы, як яна гуляе з цацкамі, а вечарам прыбірае ўсё.

У Стася ж зусім іншая размова. Мы з ім разгаварыліся пра тое, якая прафесія самая лепшая. Для гэтага хлопца такой з’яўляецца работа гісторыка. Усё больш і больш падабаецца яму вывучаць мінулае сваёй Радзімы. Стась лічыць, што тут неабсяжнае мора ведаў. Вось ён узяўся больш-менш грунтоўна вывучаць перыяд Вялікай Айчыннай, і зрабіў вывад, што гэта вельмі цікава.

– А дзякуючы каму ты выбраў такі занятак? – спытала ў хлопца.

– Вельмі падштурхнула мяне наша настаўніца гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі Наталля Віктараўна Карбоўская, – адказаў Стась. – Яе ўрокі праходзяць вельмі цікава.

Мы паразважалі яшчэ з хлопцам па тэме і развіталіся. Радасцю перапоўнілася маё сэрца, што менавіта тут, дзе вёска стала вуліцай, знайшоўся такі хлопец, які, магчыма, знойдзе новыя і захавае існуючыя гістарычныя звесткі, успаміны пажылых людзей пра свой куточак, які, хочацца верыць, яшчэ адродзіцца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *