Необычное дерево появилось в сквере возле Ушачской школы

Благоустройство

Чарговы арт-аб’ект з’явіўся ў скверы ля Ушацкай школы. У рамках раздзела “Пакінуць след на зямлі” падпраекта “Дарогай добрых спраў”, што рэалізуецца цэнтрам дзяцей і моладзі ў рамках раённага праекта “Мая радзіма – Ушаччына”, у мінулую суботу тут “вырасла” незвычайнае дрэва – сімвал жыцця і росквіту, а ў цэнтры кампазіцыі размясцілася выява святога Лаўрэна, заступніка нашага краю.

– Ідэю стварэння малой архітэктурнай формы выношвалі даўно, сваю лепту ўнёс кожны член калектыву, – расказвае дырэктар установы Людміла Васільеўна Давыдава. – Штосьці падгледзелі і ў суседзяў – падчас нядаўняга візіту ў Браслаў звярнула ўвагу адразу на некалькі падобных аб’ектаў з імправізаваным вокам – сімвалам мясцовасці. Так нашы задумы паступова ўдасканальваліся. І вынікам мы задаволены!
Неабходны для кампазіцыі метал работнікі цэнтра набылі за ўласныя сродкі. Эскіз выявы святога Лаўрэна падрыхтавала сёлетняя прадстаўніца раённай Дошкі гонару Ганна Аляксандраўна Бабянок, а выразаў гэты элемент Сяргей Леанідавіч Давыдаў. Мастацка-графічнае афармленне ўзяла на сябе Таццяна Васільеўна Шасцярэнь. У правядзенні ж зварачных работ дапамог калектыву Сяргей Васільевіч Гіраўка.
З выбарам месца для “пасадкі” асаблівага дрэва праблем не ўзнікла – пытанне было загадзя ўзгоднена з аддзелам па адукацыі райвыканкама і Ушацкай школай. Работнікі апошняй, дарэчы, як сімвалічны падарунак гарпасёлку ў Год малой радзімы таксама плануюць штосьці падобнае размясціць у хуткім часе непадалёк. А існуючы арт-аб’ект, па словах работнікаў цэнтра, будзе дапрацаваны – унізе з’явіцца дэкаратыўны шчэбень.
– Ва Ушачы прыязджаю дастаткова часта, таму адразу прыкмеціла ля школы такую прыгажосць! – падзялілася з намі мінчанка Валерыя Валынец. – Сёння з дачушкай Машай правялі нямала часу ў дагледжаным, з густам аснашчаным скверы, а напамінам аб такім адпачынку для нас стануць фотаздымкі менавіта ля гэтага незвычайнага дрэва.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *