У старадаўнія часы, перш чым здаць у эксплуатацыю пабудаваны мост, на ім змяшчалі трайны груз, а кіраўнік будоўлі станавіўся пад перакрыцце. Тэхналогіі змяніліся, але падобнае выпрабаванне мела б рацыю і зараз. Амаль усе буйныя катастрофы адбываюцца ў выніку накладання шэрагу малаверагодных сітуацый. Узорам таго, што можа здарыцца, калі эканоміць на мерах бяспекі і даць прастору “чалавечаму фактару”, стала аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Чаму аказалася неэфектыўнай ахоўная сістэма 4-га энергаблока, а аператары праігнаравалі інструкцыі? Мы ніколі не адновім поўную карціну падзей ночы 26 красавіка 1986 года. Аднак за памылкі асобных людзей разлічвацца давялося мільёнам.
Няпростая ноша лягла на плечы тых, хто ўхіляў наступствы катастрофы: у гэтых работах былі задзейнічаны сотні тысяч ліквідатараў. Урач- эпідэміёлаг санстанцыі Фрунзенскага раёна Мінска Юрый Уладзіміравіч Казакоў трапіў у Хойніцкі раён праз некалькі тыдняў пасля аварыі, калі пачалі фарміравацца каманды спецыялістаў для работы ў зоне: “У першы час пастаянна балела галава і моцна сушыла ў роце, – прыгадвае ён. – Штодня мы аб’язджалі магазіны, кантралявалі сталовыя, колькасць якіх значна павялічылася, бо трэба было карміць прыехаўшыя ў раён брыгады. Адмысловых патрабаванняў у сувязі з радыяцыяй да работы гэтых кропак не ўвялі: хіба што рэкамендавалі выкарыстоўваць бутыліраваную ваду ды завешваць уваходныя дзверы тканінай. Не было асаблівых мер перасцярогі і ў нас: са “спецадзення” – толькі белы халат. А яшчэ загадалі не з’язджаць на абочыны і не адчыняць вокны ў машыне. Хоць і стараліся выконваць правілы, ды вечарам, калі вярталіся ў гасцініцу, па заднім сядзенні службовага “Масквіча” можна было пісаць пальцам”.
Была ў Ю.Казакова і другая “чарнобыльская” камандзіроўка. Калі ў пачатку 90-х было вырашана скласці радыяцыйную карту Беларусі, шматлікія групы спецыялістаў накіраваліся ва ўсе рэгіёны краіны. “Мне давялося пабываць у Лідскім і Рэчыцкім раёнах. Мы павінны былі наведаць кожны падворак усіх населеных пунктаў, правесці замеры ўзроўню радыяцыйнага фону і ўзяць пробы грунту, якія дастаўляліся для аналізу ў Інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў. Цікава, што нават на суседніх сядзібах забруджанасць магла быць абсалютна рознай, а на Гродзеншчыне многія аб’екты “фанілі” не менш, чым на Палессі”, – расказвае ліквідатар. Радыяцыйныя плямы пакрылі вялікую тэрыторыю краіны. Юрый Уладзіміравіч прыгадвае, як у 1988 годзе знаёмыя егеры запрасілі яго на паляванне ў Плешчаніцы, калі ж мяса здабытага лася накіравалі на аналіз, аказалася, што па радыяцыі яно ў разы перавышае гранічна дапушчальны ўзровень. “Таму, праязджаючы па мінскай трасе, ніколі не набываю дары лесу, што прапануюць на тутэйшых абочынах. Не раю гэтага рабіць і вам. Спажываць варта толькі прадукцыю, што праходзіць санітарны кантроль”, – адзначае Юрый Уладзіміравіч.
“Як вядома, у паўночным рэгіёне краіны “радыяцыйных плям” аказалася меней. Тым не менш, Віцебшчына лідзіруе па анкалагічных захворваннях. Як можаце гэта патлумачыць?”, – пытаюся ў субяседніка. “Мяркую, што, па-першае, у Прыдзвінне перасялілася шмат чарнобыльцаў, а многія з іх, нягледзячы на забарону, перавезлі сюды і забруджаныя рэчы. А па-другое, у час пасля катастрофы прымалася шмат, як бы сказаць, сумніўных рашэнняў… У прыватнасці, на свае вочы бачыў, як грузавікі з гомельскімі нумарамі везлі ў бок Полацка і Віцебска кармы для жывёлы. Каровы, што іх спажылі, далі небяспечную прадукцыю, а забруджаны гной трапіў на палі. На жаль, наступствы Чарнобыля ў той ці іншай ступені будуць адбівацца на жыцці і здароўі яшчэ не аднаго пакалення”.
Але не толькі чарнобыльскія выпрабаванні былі на шляху Юрыя Уладзіміравіча. Прафесія санітарнага ўрача ўвогуле адносіцца да разраду рызыкоўных. Пра гэта красамоўна кажа назва месца, дзе ён адпрацаваў большую частку жыцця: аддзел асабліва небяспечных інфекцый рэспубліканскай санэпідстанцыі. Давялося мець справу і з сапраўднымі, і з уяўнымі крыніцамі “заразы”. Расказвае цікавы выпадак, як у часы, калі па тэрыторыі былога Саюза зламыснікі пачалі рассылаць канверты са спорамі сібірскай язвы, на сталічным вакзале быў знойдзены пакет з белым парашком. Супрацоўнікі аддзела з надзвычайнымі мерамі перасцярогі даставілі яго ў лабараторыю – на шчасце, парашок аказаўся пральным. Адметна, што апошнія некалькі год сваёй працоўнай кар’еры Юрый Уладзіміравіч правёў ва Ушацкім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі ў якасці загадчыка эпідаддзела. А ўвогуле тутэйшую прапіску ён мае ўжо больш дзясятка год: у свой час прыехаў у нашы мясціны да сяброў і так тут спадабалася, што набыў дачу ў Загор’і, а пазней і кватэру ў райцэнтры – канчаткова асеў на Ушаччыне і нават знайшоў тут спадарожніцу жыцця. “Зусім не цягне ў сталіцу, – расказвае мужчына, з якім мы гутарылі ў “летняй рэзідэнцыі” – бацькоўскім доме яго жонкі ў Кублічах. – Ды і хіба могуць параўнацца каменныя джунглі з ўшацкімі краявідамі. Такія экалагічна чыстыя куточкі нашай Беларусі трэба асабліва берагчы, рупліва выкарыстоўваць кожны кавалачак зямлі. Упэўнены, што ў хуткім часе ўчасткі на Ушаччыне будуць запатрабаваны больш, чым у наваколлі сталіцы, нам жа пашанцавала тут жыць ужо зараз!”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.