Напэўна, няма такога чалавека ва Ушачах, які б не заўважыў апошніх змяненняў у гандлёвых аб’ектах райспажыўтаварыства. Усё гэта вынік падрыхтоўкі мясцовых кааператараў да рэспубліканскага семінару-нарады “Белкаапсаюза”, на якім абмяркоўваліся сучасныя метады арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання. Але справядліва адзначыць, што ўшацкае райспажыўтаварыства пастаянна трымае руку на пульсе, укараняе новыя тэхналогіі і мадэрнізуе свае кропкі – без гэтага немагчыма заваяваць прыхільнасць пакупнікоў ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. Як у гэтым накірунку працуюць ушачане – і прыехалі паглядзець прадстаўнікі “Белкаапсаюза”, аблспажыўсаюзаў, некаторых унітарных прадпрыемстваў, кіраўнікі больш за паўсотні райспажыўтаварыстваў з розных куткоў краіны.
Кулінарыям быць
Ушачан ужо не здзівіш разнастайнасцю салатаў, мясных страў, выпечкі, кандытаркі, наяўнасцю клёцак, хачапуры і ролаў у “Кулінарыі”. І той, хто не паспявае паабедаць дома ці хоча перакусіць, абавязкова накіроўваецца менавіта сюды. А вось госці раёна былі ўражаны вельмі шырокім асартыментам прадукцыі ўласнай вытворчасці і цэнамі на яе. Многія райспажыўтаварыствы адмовіліся ад “Кулінарый”, аддаючы перавагу кафэ. Старшыня праўлення “Белкаапсаюза” Валерый Мікалаевіч Іваноў высока ацаніў узровень работы кропкі грамадскага харчавання і адзначыў, што такія павінны быць у кожным раёне.
Трэба сказаць, што ўшацкая “Кулінарыя” апошнім часам прыкметна абнавілася ад шыльды да выкладкі тавараў. Часткова пераведзена на самаабслугоўванне – любімую выпечку пакупнік можа ўзяць сам, заменена на больш сучасную і мэбля.
Бяром пра запас!
“Цэнтральны” проста не пазнаць!” Такую рэпліку работнікі гандлёвай кропкі за апошні тыдзень ужо пачулі не адну сотню разоў. Толькі цяпер гэта ўжо не “Цэнтральны”, а “ProЗапас” – больш зручная выкладка, шырокі асартымент харчовых і нехарчовых тавараў, сучасны выгляд. Галоўная ж асаблівасць магазіна самаабслугоўвання – пакупнік атрымлівае скідку ад 5 да 15 працэнтаў, калі адначасова купляе тры аднолькавыя тавары. Атрымліваецца, што калі бярэш у запас, эканоміш грошы. Акрамя гэтага, тут прадугледжана сістэма лаяльнасці: дысконтныя карткі, якія дзейнічаюць па накапляльнай сістэме.
– Нашы пастаянныя пакупнікі ўжо прывыкаюць да таго, што браць тры адзінкі – гэта выгадна! А калі хто яшчэ не зарыентаваўся, то мы падказваем і нагадваем, – гавораць прадаўцы абноўленай кропкі.
Напрыклад, аналагічны магазін дробнааптовага гандлю летась запрацаваў у Баранавічах, і як паведаміў старшыня мясцовага райспажыўтаварыства А.Ляшчынскі, кропка сябе апраўдвае і карыстаецца папулярнасцю ў гараджан.
Бліжэй да пакупніка
Як адзначыла старшыня праўлення Ушацкага райспажыўтаарыства Л.А.Долгая, максімальна задаволіць патрэбы ўшачан райспажыўтаварыства імкнецца падчас правядзення кожнага раённага кірмашу. На высокім узроўні арганізуецца вулічны гандаль падчас знакавых святаў з вялікай колькасцю гасцей. Нашых кааператараў добра ведаюць і за межамі раёна, паколькі выязны гандаль практыкуецца ўжо не першы год. Удзел у “Славянскім базары ў Віцебску”, кірмашах, выезд у розныя гарады прыносіць дадатковыя грашовыя сродкі. Як арганізуецца вынасны гандаль – было прадэманстравана ў летнім кафэ, кропках продажу садавіны і агародніны і сезонных тавараў якраз да вясенне-пасадачных работ. З тым, што такі метад абслугоўвання запатрабаваны, пагадзіцца кожны: зручна, праходзячы міма, купіць штосьці патрэбнае і пры гэтым зэканоміць час. Без выручкі гэтыя кропкі ў сераду не засталіся, попытам карысталася насенне, садовы інвентар, а каса папаўнялася выручкай. А значыць ёсць рэзон быць бліжэй да пакупніка.
Прыйшоў, убачыў, заказаў
Адным з напрамкаў развіцця гандлёвай дзейнасці спажыўкааперацыі ў апошні час стала арганізацыя інтэрнэт-вітрын па рэалізацыі нехарчовых тавараў. У маштабах сістэмы іх ужо з два дзясяткі. Ідэя адкрыцця першай належала Магілёўскаму аблспажыўсаюзу, а нядаўна такая вітрына з’явілася і на базе ўшацкіх “Будматэрыялаў” і “Утульнага дома” – менавіта так цяпер называецца абноўлены мэблевы магазін. І трэба сказаць, што назва зараз кропцы вельмі пасуе. Зроблена заніраванне ў выглядзе пакояў, так пакупніку не толькі лягчэй зарыентавацца, дзе шукаць патрэбны тавар, а і можна ўявіць, як прадмет будзе выглядаць у яго жыллі. Акрамя мэблі тут мноства дробных спадарожных тавараў, а менавіта яны даюць ледзь не палову выручкі. Далёка не ва ўсіх райспажыўтаварыствах ёсць мэблевыя магазіны, прычына простая: цяжэй становіцца канкурыраваць з прыватнікамі і фірменнымі магазінамі кшталту “Пінскдрэва” ці больш таннай прадукцыяй “Амі Мэблі”. Ва Ушачах жа пакуль вытрымліваюць канкурэнцыю і імкнуцца зацікавіць пакупніка. Як і суседнія “Будматэрыялы”, дзе плошчы дазваляюць прадставіць немалы выбар тавару, да таго ж без затрат тут абыгралі яго размяшчэнне. Тое ж, чаго няма, можна заказаць: заяўкі задавальняюцца на працягу двух тыдняў, а такія фірмы, як “Керамін” ці “Ома”, наогул выконваюць іх за пару дзён. Ну а цяпер заказаць тавар можна і праз інтэрнэт-вітрыну. Абслугоўванне ў такім віртуальным магазіне практычна нічым не адрозніваецца ад звычайнага. Хіба тым, што таварная прапанова “запакавана” ў манітор каля касы з сэнсарным экранам. Паліцы, на якія ў традыцыйных гандлёвых кропках выстаўляюцца тавары для дэманстрацыі, набылі выгляд тэматычных раздзелаў, куды можна трапіць у адзін клік. Новая паслуга ідзе ў камплекце з іншымі: напрыклад, бясплатнай дастаўкай па гарпасёлку, а пры жаданні пакупнік можа аформіць і растэрміноўку. Дарэчы, праз інтэрнэт-вітрыну ў прыгаданым магазіне можна заказаць не толькі будматэрыялы, а любы нехарчовы тавар. І ў гэтым выпадку старшыня “Белкаапсаюза” таксама рэкамендаваў адкрыць падобную гандлёвую кропку ў кожным райцэнтры.
Тэрыторыя прыемных пакупак
Менавіта такімі павінны быць гандлёвыя цэнтры “Родны кут”, якія маюцца і ў іншых рэгіёнах. “Чалавек павінен прыйсці сюды і знайсці ўсё патрэбнае, ад прадуктаў да адзення! Такія кропкі раней будаваліся па тыпавых праектах, а сёння наша задача іх удасканальваць. Узровень вашай работы будзе ацэньвацца па такіх аб’ектах”, – абазначыў кааператарам задачу В.М. Іваноў. Удзельнікі семінару азнаёміліся з работай усіх трох паверхаў. Прыемна, што менавіта ўшацкі “Родны кут” кіраўнік сістэмы паставіў у прыклад многім: “Усе дзіцячыя аддзелы павінны быць такімі, калі зробіце лепш – калі ласка!” Сапраўды, з другога паверха ўнівермага складана выйсці без пакупкі. Палетная выкладка – не затратная, вельмі зручная і даступная нават для самых маленькіх пакупнікоў. Для іх тут, зрэшты, прадугледжаны і спецыяльны дзіцячы куток. “Творчая работа ў афармленні павінна прысутнічаць. Не кладзіце цацкі на паліцу аж пад столь, яны там і 10 год праляжаць могуць! Тавараабарот не толькі ад насычанасці, а і ад выкладкі залежыць”, – адзначыў В.М.Іваноў. Трэці паверх універмага набыў другое жыццё ў мінулым годзе і за гэты час выручка прыкметна павялічылася. Фірменныя секцыі, акцыйныя зоны, папярэджанні пра навінкі – гэта і іншае ў спалучэнні з больш прывабным выглядам сыграла сваю ролю. Пра цеснае супрацоўніцтва з ушацкімі кааператарамі расказалі і самі вытворцы тавараў – прадпрыемствы “Парэчча” і “Слодыч”, якія прадставілі свае выставы і дэгустацыі.
“Вечалле” – у кожны магазін!
Канечне, не абышлося ў гэты дзень і без дэгустацыі ўшацкай мінералкі. У праграме семінару было наведанне цэха па розліве безалкагольных напіткаў КПУП “Віцебская ўніверсальная база”, які ўваходзіць у сістэму “Белкаапсаюза”. У ёй усяго 10 прадпрыемстваў, якія выпускаюць безалкагольныя напіткі, і з іх мінералку – толькі 5. Ушацкае ж можна лічыць унікальным не толькі з-за лекавых уласцівасцяў “Вечалля”, а і таму, што не трэба траціцца на рэсурсы, бо маюцца ўласныя свідравіны. Госці раёна азнаёміліся з работай высокапрадукцыйнай лініі, з канвеера якраз сыходзіла чарговая партыя мінеральнай вады. Канечне, ішла гаворка пра збыт прадукцыі. Як правіла, пакупнік кладзе ў свой кошык у магазіне раскручаны брэнд, нават калі побач стаіць не менш карысная, а часам нават і лепшая мінералка. І ў гэтым плане кааператарам, безумоўна, трэба “падцягнуць” лагістыку. Намеснік старшыні праўлення “Белкаапсаюза” І.Караткевіч выказала меркаванне, што не трэба буйным вытворцам даваць шмат прэферэнцый, а варта рабіць стаўку на сваю прадукцыю. І рэкламаваць павінны не толькі прадпрыемствы, а і прадаўцы гандлёвых кропак. Прапрацоўваецца пытанне з “Еўрагандлем”, каб забяспечыць асартымент “Белкаапсаюза” на паліцах гэтай буйной сеткі.
–“Вечалле” павінна быць ва ўсіх 25 тысячах населеных пунктаў, якія мы абслугоўваем, і дзвюх тысячах кропках грамадскага харчавання! – рэзюмаваў В.М.Іваноў.
Трэба прадумваць і пытанне пераходу на шкляную тару – такое патрабаванне часу.
***
Вынікі семінару былі падведзены на пасяджэнні, якое прайшло ў рэжыме відэаканферэнцыі. Як адзначыў В.М. Іваноў, ні для каго не навіна, што да сістэмы зараз асаблівая ўвага і на коне стаіць лёс арганізацыі, ідзе падрыхтоўка да вялікай нарады ў кіраўніка дзяржавы. Трэба працаваць лепш, улічваючы тры галоўныя аспекты: запоўненасць прылаўкаў, добрая прапанова і адпаведная цана. Ён высока ацаніў работу Ушацкага райспажыўтаварыства, якое цяпер абслугоўвае і некалькі суседніх раёнаў, дзе адпаведныя арганізацыі прыйшлі ў заняпад. На працягу многіх гадоў ушачане ў ліку лепшых на Віцебшчыне – так, па выніках 2018-га занялі другое месца. Усё гэта дзякуючы як калектыву райспажыўтаварыства, так і падтрымцы з боку мясцовай улады. Кіраўнік ведамства падзякаваў за гэта старшыні райвыканкама У.Г.Аўдошку, які таксама прыняў удзел у рабоце семінару. Для параўнання было прыведзена Нясвіжскае райспажыўтаварыства, якое, знаходзячыся ў эканамічна моцным рэгіёне, займае аўтсайдарскія пазіцыі. “Убачанае ва Ушачах можаце браць на заметку”, – казаў Валерый Мікалаевіч. А тое, што госці не выпускалі з рук мабільныя тэлефоны і фотаапараты, сведчыла аб тым, што яны сапраўды мелі такі намер.
Вольга КАМАРКОВА.