Калі распрацоўваўся міні-праект “Маё сяло – мой клопат”, які рэалізуецца ў рамках маштабнага раённага праекта “Мая радзіма – Ушаччына”, меркавалася, што добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў, навядзенне парадку на зямлі стане справай не толькі пастаянных жыхароў вёсак і аграгарадкоў, а і ўраджэнцаў раёна, якія жывуць за яго межамі. І прыемна канстатаваць, што ў Год малой радзімы, які працягваецца ў Беларусі, мы бачым нямала менавіта такіх прыкладаў. У мінулыя выхадныя ў многіх населеных пунктах раёна прайшлі суботнікі, падчас якіх побач шчыравалі вяскоўцы і іх гарадскія дзеці, дачнікі і шэфы з мясцовых арганізацый.
“Калі будзем прыбіраць мажуйскія могілкі? Абавязкова паведаміце, мы хочам прыняць удзел”, – казаў старшыні Кубліцкага сельвыканкама Марыі Васільеўне Ярмош жыхар Мар’янполля Яўген Пятровіч Хамёнак. І ў мінулую суботу да работ па добраўпарадкаванні месца пахавання далучылася ўся яго вялікая сям’я: дзеці і ўнукі спецыяльна прыехалі з горада.
Увогуле парадак на гэтым аб’екце наводзіла ў той дзень аж 19 чалавек, у большасці з якіх тут пахаваны блізкія – выразалі аварыйныя елкі і старую бярозу, што пачынала разбураць агароджу магілы воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Ключонка, убіралі смецце. “Цяпер гэта, бадай, самыя прыгожыя могілкі з 27, што ёсць на тэрыторыі сельсавета!” – не хавае задавальнення ад вынікаў Марыя Ярмош і расказвае, што выконваць работы вяскоўцам дапамагалі шэфы з ААТ “Ушачы” Васіль Волах, Уладзімір Півульскі, Сяргей Караваненка і кіраўнік прадпрыемства Ігар Гракаў, а таксама начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Аваднёў, які прывёў з сабой і маленькага сына, каб той прывучаўся да грамадска-карысных спраў.
А работнік водаканала Дзмітрый Хамёнак паспеў папрацаваць і ў Мажуйках, і ў родным Селішчы – разам з ім прыводзілі ў парадак мясцовы парк аднавяскоўцы Галіна Кулак, Вера Жаваранак, Віктар Хамёнак, а таксама шэфы з ТЦСАН, Кубліцкага лясніцтва, накіравалі якіх дырэктар цэнтра Алеся Хвашчэўская і ляснічы Вадзім Кальчэўскі. Сацработнікі плённа папрацавалі і на добраўпарадкаванні берагоў вадаёма ў аграгарадку. З гэтага аб’екта вывезлі тры прычэпы смецця і падрыхтавалі месцы для пасадкі хвойнікаў. Неацэнную дапамогу аказаў ім на “Амкадоры” работнік ААТ “Агра-Селішча” Аляксандр Войдак. Яшчэ адной пляцоўкай суботніка стала Сорзава: работнікі ЖКГ Аляксандр Касцюковіч і Аляксандр Полазаў, вяскоўцы Аляксандр Міхайлавіч Цярэшчанка і Марыя Фёдараўна Весніч наводзілі парадак на мясцовых могілках, прыбіралі паваленыя ветрам дрэвы. Кусты ўздоўж дарогі высеклі ў Судзілавічах работнікі лясніцтва.
Адным словам, “санітарны дзень” у Кубліцкім сельсавеце атрымаўся маштабным і плённым. “Мы ўбачылі яскравы прыклад таго, як многа можна зрабіць, калі працаваць грамадой на зямлі, што дала нам жыццё”, – адзначае старшыня сельсавета.
* * *
У Жарскім сельсавеце мерапрыемствы па навядзенні парадку ў населеных пунктах стартавалі задоўга да аб’яўлення раённага суботніка. Напрыклад. яшчэ ў пазамінулы чацвер супрацоўнікі ўшацкага аддзялення дэпартамента аховы пад кіраўніцтвам начальніка У.А.Чумакова разам з работнікамі сельвыканкама чысцілі стары пладовы сад у вёсцы Двор Жары. Наведзены парадак уздоўж дарогі, дзе прыбраны буралом, ля стэлы загінуўшым землякам, якую адрамантавалі.
Значны аб’ём работ выкананы падчас суботніка ў Ільюшыне – у мікрараёне школы ўдарна працавалі настаўнікі ўстановы і вучні, а калектыў дзіцячага ясляў-сада наводзіў парадак у пустуючым садзе па вуліцы Цэнтральнай, выдалялі сухое вецце, бялілі дрэвы абапал дарогі. Да таго ж работнікі адукацыі займаліся і азеляненнем сваіх тэрыторый. А прадстаўнікі ААТ “Ільюшынскі” пры ўсёй занятасці на шматлікіх уласных аб’ектах дапамаглі і ва ўборцы грамадскіх месцаў – ля прыпынку грамадскага транспарту, часткі цэнтральнай вуліцы аграгарадка.
У Жарах на дапамогу работнікам сельвыканкама, фельчарска-акушэрскага пункта, клуба выйшлі і нераўнадушныя грамадзяне. Дэпутат сельскага Савета А.К.Лукша, старэйшына вёскі Т.І.Макрыдзіна з мужам, І.Д.Катковіч, І.П.Маслюк, В.С.Шыдлоўская шчыравалі на ўборцы парка, ля аўтобуснага прыпынку, бялілі дрэвы. Не абышлося без дапамогі шэфаў і добраахвотных памочнікаў і ў Старым Сяле. Дзякуючы ім значна пасвятлела на вясковых могілках. Да работнікаў Ушацкага лясніцтва, сельсавета і мясцовага ФАПа далучыліся старэйшына В.І.Крысёнак, а таксама Я.П.Сальнік, К.У.Плігаўка, Т.Г.Бародзіч, У.П.Кандрацьеў, якія дапамаглі выдаляць нахіленыя дрэвы, ачысціць тэрыторыю ля капліцы і акультурыць расліннасць па вуліцы Школьнай.
Трэба адзначыць, што добраўпарадкаванне ў Жарскім сельсавеце вядзецца не стыхійна – паслядоўна і планамерна. А яшчэ старшыня сельвыканкама С.Ц.Міхейка сцвярджае, што ёй пашанцавала з шэфамі. Прыклад бачыў на свае вочы – у чацвер работнікі раёна газазабеспячэння А.Аўдошка, І.Гірсёнак і В.Карэйша з раніцы наводзілі парадак на брацкай магіле воінаў і партызан у Жарах – радавалі вока пабеленыя бардзюры і кветнікі, пафарбаваная агароджа. А дырэктар санаторыя “Лясныя азёры” дэпутат раённага Савета дэпутатаў В.М.Грынкевіч вывеў свой пераважна жаночы калектыў на ўборку Баркоўшчынскіх крыніц, пад’езду да іх і берага возера.
– Вельмі ўдзячна ўсім шэфам і грамадзянам, якія адгукаюцца на просьбы аб дапамозе, а то і самі праяўляюць ініцыятыву, – кажа С.Ц.Міхейка. – Вось толькі хацелася б большай актыўнасці насельніцтва, бо, як правіла, на суботнікі з году ў год выходзяць практычна адны і тыя людзі. А тэрыторыі, якія даводзіцца ўбіраць, не дарэмна называюцца грамадскімі – яны агульныя, таму і справа па іх добраўпарадкаванні павінна быць такой жа.
Наталля БАГДАНОВІЧ, Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.