Вступили в силу изменения в Лесном кодексе, которые упрощают процедуру заготовки дров. Подробности читайте здесь!

Общество

У апошні час у Беларусі захаванню прыродных багаццяў стала надавацца надзвычайная ўвага – і гэта агульная тэндэнцыя для ўсіх цывілізаваных краін. Справа годная, але ж яна не павінна цягнуць за сабой пагаршэнне якасці жыцця людзей. Так, напрыклад, у вяскоўцаў стала шмат нараканняў на адміністрацыйныя бар’еры ў такім важным для іх працэсе, як саманарыхтоўка дроў. Перад заканатворцамі паўстала няпростая задача пошуку разумнага балансу, каб высечка прадпрыемствамі і грамадзянамі дрэў і кустоў не толькі не збядняла прыродныя ландшафты, а і садзейнічала навядзенню парадку на зямлі. Пры падрыхтоўцы новаўвядзенняў заканадаўства актыўна ўлічваліся меркаванні жыхароў глыбінкі і ў тым ліку ўшачан. Мы ўжо расказвалі, што падчас прыёмаў грамадзян, якія праводзіў ва Ушачах наш дэпутат, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанка, людзі неаднойчы ўздымалі пытанні саманарыхтоўкі дроў, летась у раёне нават пабывала спецыяльная камісія парламентарыяў, якая вывучала аспекты праблемы. Плёнам гэтай работы сталі новаўвядзенні ў заканадаўства, пра сутнасць якіх і пойдзе зараз гаворка.

У бліжэйшых лясах

29 сакавіка ўступілі ў законную сілу змяненні і дапаўненні ў Лясны кодэкс, якія спрашчаюць працэдуру назначэння ўчасткаў для нарыхтоўкі драўніны на патрэбы ацяплення. Цяпер лясгасы змогуць вызначаць іх самастойна, тады як раней мелі права выдаваць дазволы на саманарыхтоўку дроў толькі на ўчастках, пазначаных у лесаўпарадкавальным праекце, унесці змены ў які было няпроста (патрабавалася нават экалагічная экспертыза). Як паведамілі нам ва Ушацкім лясгасе, зараз у іх будзе магчымасць выдзяляць для вяскоўцаў зручныя ўчасткі ў максімальнай блізкасці ад іх населеных пунктаў. Акрамя таго, насельніцтва можа бясплатна нарыхтоўваць сухое вецце на паліва, сыравіну для рамеснай дзейнасці, галіны для венікаў (але пры гэтым нельга ссякаць больш трэцяй часткі кроны).

На палях і лугах

Але далёка не ўсе вёскі стаяць ля лесу, таму людзей прывабліваюць участкі ў наваколлі, якія размешчаны на землях населеных пунктаў, сельгаспрадпрыемстваў, дарожных і іншых арганізацый. Рэгламентуе высечку драўняна-кустовай расліннасці (ДКР) на такіх тэрыторыях “Закон аб раслінным свеце”, новая рэдакцыя якога ўступіць у сілу 29 красавіка.
Як паведаміў нам начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.А.Шук, галоўнае новаўвядзенне для сельгасзямель – што цяпер дрэвы, дыяметр ствала якіх не больш 12 сантыметраў на вышыні 1,3 метра ад зямлі, можна будзе выдаляць без атрымання дазволу райвыканкама. Каб выдаліць такія расліны, дастаткова папярэдняга паведамлення, якое сельгасарганізацыя павінна накіраваць у райвыканкам не раней чым за месяц і не пазней 5 дзён да пачатку работ. Да паведамлення варта прыкласці копію зямельна-кадастравага плана ўчастка або плана яго мяжы ці выкапіроўкі з ЗІС. Адметна, што сельгаспрадпрыемства не будзе плаціць кампенсацыю за выдаленне такіх раслін.
А вось для таго, каб спілаваць больш буйныя дрэвы, гаспадарцы спатрэбіцца дазвол райвыканкама. Выдаецца ён пры наяўнасці рашэння камісіі аб немэтазгоднасці захавання ДКР і пераводу сельгасзямель у іншыя катэгорыі. Без кампенсацыі можна выдаляць такія дрэвы, калі яны растуць на пашах, лугах, землях, занятых пад пастаяннымі культурамі (за выключэннем дрэў каштоўных парод: бук, вяз, ільма, дуб, кедр, ліпа, клён, ясень, бяроза карэльская). Накіраваўшы паведамленне ці атрымаўшы дазвол, сельгаспрадпрыемства можа заключаць з вяскоўцамі грамадзянска-прававы дагавор на нарыхтоўку драўніны.

У населеных пунктах

Свой механізм прадугледжаны ў выпадках, калі выдаляюцца раслінныя аб’екты ў населеных пунктах. Калі дрэва знаходзіцца ў неналежным стане (мае больш паловы сухіх галін, разбуранай кары) і расце на азялененай тэрыторыі агульнага карыстання, перад яго выдаленнем сельвыканкам накіроўвае ў райвыканкам паведамленне, праілюстраванае фотаздымкамі. Калі ж “няякасныя” дрэвы растуць за межамі паркаў і сквераў, а таксама для выдалення раслін, якія перашкаджаюць эксплуатаваць будынкі, патрэбны дазвол райвыканкама. Каб выдаліць небяспечныя дрэвы (сухастойныя, гнілыя, моцна пашкоджаныя, нахіленыя ў бок пабудоў), трэба атрымаць заключэнне аб іх небяспечнасці.
Калі вяскоўцы пажадаюць зрэзаць такія дрэвы сабе на паліва, сельвыканкам можа заключыць з імі дагавор.

І ўздоўж дарог

Выдзяляць мясцовым жыхарам участкі для саманарыхтоўкі дроў цяпер змогуць і дарожныя службы. Калі дрэвы перашкаджаюць эксплуатаваць дарогу, перад іх выдаленем арганізацыя павінна накіраваць у выканкам паведамленне (калі дыяметр раслін на вышыні 1,3м менш 12см), або атрымаць дазвол (калі больш). Выдаляць расліннасць дарожнікі могуць сваімі сіламі ці заключыць дагавор з грамадзянамі, якія выкажуць намер нарыхтаваць паліва на зарослых прыдарожных палосах. Як патлумачыў нам начальнік філіяла ДРБУ-105 А.У.Пячкоўскі, арганізацыя зацікаўлена ў такой узаемавыгаднай дапамозе па навядзенні парадку ўздоўж дарог, аднак пры гэтым, канечне, вяскоўцы павінны ўсведамляць, што на выдзеленых ім участках нельга будзе высекчы толькі “прывабныя” дрэвы і пакінуць у беспарадку астатнія насаджэнні: у дагаворы будзе прапісана на толькі суцэльная высечка, а і ўборка парубных рэшткаў.

* * *

Вядома ж, такое патрабаванне будзе дзейнічаць і пры саманарыхтоўцы дроў у лесе, на сельскагаспадарчых землях і ў населеных пунктах. Вяскоўцам таксама трэба ведаць, што пры выкананні работ ім неабходна мець на руках грамадзянска-прававы дагавор, а таксама завераныя копіі паведамлення (дазволу) і плана ўчастка.
Канечне, нельга чакаць, што ўкараненне ўсіх наватарстваў пройдзе без сучка і задзірынкі, але можна канстатаваць, што ў наступным сезоне жыхары беларускай глыбінкі будуць саманарыхтоўваць дровы па куды больш спрыяльных правілах.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *